Бычок, лебедзь і свастыка: што расказваюць гербы беларускай шляхты

Сёньня шляхецкі герб часта ўспрымаюць як прыгожы малюнак з генэалягічнага сайту — шчыт з каронай, крыжам, стралой, паўмесяцам ці чым-кольвек яшчэ. Але для чалавека эпохі Вялікага Княства Літоўскага герб быў далёка не ўпрыгожваньнем. Ім замацоўвалі лісты, пазначалі маёмасьць, упрыгожвалі надмагільлі, партрэты і фамільныя пячаткі.

astoja2.jpg

Там, дзе сёньня мы ставім подпіс або электронны ключ, раней шляхціч часта ставіў пячатку з гербам. У воску застывала ягонае нерухомае слова. А пасьля кожны род перадаваў нашчадкам апроч прозьвішча ня толькі памяць пра продкаў, але і візуальны знак.

Да герба была пячатка

Геральдыка ў землях Вялікага Княства Літоўскага разьвівалася вельмі доўга. Яшчэ да таго, як польскія шляхецкія гербы масава прыйшлі на нашую тэрыторыю, тут ужо існавалі княскія і баярскія знакі на пячатках, сыгнэтах і дакумэнтах. Гэта былі ня заўсёды гербы ў пазьнейшым эўрапейскім сэнсе, але ўжо былі сымбалі ўлады, роду і асабістай адказнасьці.

Князі і баяры карысталіся знакамі, якія дазвалялі пазнаць іх у дакумэнтах. Чалавек мог ня ўмець чытаць доўгі тэкст граматы, але мог пазнаць знак на пячатцы. У гэтым сэнсе герб быў мовай для грамадзтва, дзе пісьменнасьць яшчэ не была ўсеагульнай, але права, маёмасьць і ўлада ўжо патрабавалі дакладнай ідэнтыфікацыі.

Беларускія дасьледчыкі геральдыкі, у тым ліку Аляксей Шаланда і Анатоль Цітоў, зьвярталі ўвагу, што шляхецкія гербы беларускіх земляў ня варта тлумачыць выключна як вынік пазьнейшага польскага ўплыву. З аднаго боку, нашыя продкі мелі заходнеэўрапейскую і польскую гербавую культуру: гербавыя кляны, адопцыі, агульныя шляхецкія знакі. Але з іншага боку, яны мелі ўласныя мясцовыя пячаткавыя знакі, клейны, княскія і баярскія эмблемы, хрысьціянскую сымболіку. Беларуская шляхецкая геральдыка ўвабрала польскую традыцыю, але не зводзілася да яе.

Гарадзельская вунія

Пераломным момантам стала Гарадзельская вунія 1413 году паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Яе заключылі кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт. Больш за тое, гэтую падзею можна апісаць як своеасаблівы геральдычны рытуал.

47 польскіх шляхецкіх родаў прынялі 47 баярскіх родаў ВКЛ у свае гербавыя братэрствы і дазволілі ім карыстацца сваімі гербамі. Так у нашую дзяржаву былі перададзеныя гербы як сымбалі новай палітычнай блізкасьці. Герб мусіў паказваць, што польская і беларуская каталіцкая эліта цяпер становяцца нібыта братамі ў адной шляхецкай супольнасьці.

Гэта называлася гербавай адопцыяй. Сучаснаму чытачу можа быць цяжка зразумець, як адзін род мог «даць» свой герб іншаму. Але ў польска-беларускай традыцыі герб часта ня быў прыватнай уласнасьцю адной сям’і. Гэта быў знак гербавага кляну. Адным гербам маглі карыстацца дзясяткі, а часам і сотні розных родаў, якія не абавязкова паходзілі ад аднаго продка.

Таму два шляхцічы з рознымі прозьвішчамі маглі быць аднаго герба. І наадварот, людзі з аднолькавым прозьвішчам маглі належаць да розных гербавых лініяў. Праз Гарадло ў ВКЛ прыйшлі гербы, якія потым сталі звыклымі для мясцовай шляхецкай культуры.

Як можна было атрымаць герб

У ВКЛ было некалькі шляхоў да таго, каб атрымаць герб. Першы, як адзначалася вышэй, — праз гербавую адопцыю (усынаўленьне), як у Гарадле. Род прымаўся ва ўжо існы гербавы клян і атрымліваў права карыстацца ягоным знакам.

Другі варыянт быў праз наданьне гаспадаром. Вялікі князь літоўскі мог надаць чалавеку шляхецтва і герб. Найчасьцей гэта было зьвязана з вайсковай або адміністрацыйнай службай. Чалавек атрымліваў апроч прыгожага знаку яшчэ і новы прававы статус для сябе і сваіх нашчадкаў.

Трэці шлях ішоў праз уласны родавы знак, які вырастаў з пячаткі або сыгнэту. Шляхціч карыстаўся ім у дакумэнтах, перадаваў нашчадкам, і знак паступова ўспрымаўся як герб. Але гэта ня значыць, што кожны мог проста намаляваць сабе шчыт і абвясьціць сябе шляхцічам.

Уласны герб і герб з адменай

У нашай геральдычнай традыцыі ёсьць дзьве істотныя асаблівасьці, безь якіх цяжка зразумець шляхецкія гербы ВКЛ.

Першая называецца ўласным гербам. Гэта знак, які належаў ня шырокаму гербаваму кляну, а аднаму канкрэтнаму роду або вузкай сямейнай лініі. Ён мог зьявіцца праз асобны прывілей, набілітацыю, мясцовую традыцыю або як знак, прызнаны за родам. Уласны герб быў больш асабістым.

Другая зьява мае назву адменны герб, або адмена герба. Гэта калі род карыстаўся вядомым гербам, але з пэўнымі зьменамі: напрыклад, дадаваў крыж, зьмяняў фігуру, уводзіў дадатковы элемэнт, перастаўляў дэталі або інакш маляваў клейнод. У выніку атрымліваўся нібыта знаёмы герб, але з асабістым акцэнтам.

У геральдыцы кожная дэталь мела вагу. Дададзены меч, зьмененая жывёла ці нешта іншае маглі адрозьніць адну галіну роду ад другой. Гэта было распаўсюджана ў тагачасным сьвеце, дзе адзін герб маглі мець дзясяткі сем’яў.

Што пра гербы казаў закон

Герб у ВКЛ меў прававое значэньне, бо быў зьвязаны са шляхецкім станам, маёмасьцю, вайсковай службай, судовай абаронай і правам карыстацца шляхецкімі вольнасьцямі. Асабліва выразна гэта бачна ў Трэцім Статуце ВКЛ 1588 году. Статут забараняў людзям простага стану самавольна прысвойваць шляхецкія вольнасьці, прывілеі і гербы. Інакш кажучы, нельга было проста ўзяць шляхецкі знак, набыць шляхецкі маёнтак і пачаць паводзіць сябе як шляхціч. Нават калі б нехта выпадкова адкапаў старажытны скарб!

Павышэньне стану належала да кампэтэнцыі вялікага князя. Статут дапускаў гэта як «асаблівую ласку» за выразныя заслугі, перадусім за мужныя рыцарскія ўчынкі супраць ворага. Статут таксама рэгуляваў доказ шляхецтва. Калі чалавека абвінавачвалі, што ён ня шляхціч, той мусіў даводзіць сваё паходжаньне праз сваякоў з бацькоўскага і мацярынскага боку або праз сьведчаньні іншых шляхцічаў. Чужаземец, які хацеў карыстацца шляхецкімі правамі ў ВКЛ, мусіў паказаць пацьверджаньне свайго шляхецтва з радзімы.

Пячатка з гербам мела велізарнае значэньне. Яна пацьвярджала дакумэнт, абавязаньне, продаж, спадчыну, судовую заяву. Калі чалавек губляў сыгнэт або пячатку, ён сьпяшаўся паведаміць пра гэта, каб ніхто ня мог скарыстацца ягоным знакам і падрабіць дакумэнт.

У Літоўскай мэтрыцы сустракаюцца такія паведамленьні: нехта згубіў пячатку з гербам, нехта — залаты або срэбны сыгнэт, нехта ня мог дакладна апісаць выяву, але настойваў, што на ім быў «мой герб» або «мой асабісты герб».

Калі герб даваў манарх

У XVI стагодзьдзі Літоўская мэтрыка фіксуе канкрэтныя выпадкі, калі герб надаваўся разам са шляхецтвам. Гэтыя гісторыі паказваюць, што за гербам стаялі жывыя людзі, іхныя заслугі і кар’еры. У 1534 годзе Марцін Чыж атрымаў герб, прычым у прывілеі апісваўся ягоны выгляд: у чырвоным полі залатая страла, унізе — дзьве перакладзіны. Для дасьледчыкаў гэта вельмі каштоўна, бо набілітацыйныя прывілеі часта даюць больш дакладнае апісаньне герба, чым судовыя запісы.

У 1547 годзе дворскі стайнік Арэст Собаль атрымаў прывілей для сябе і сваіх нашчадкаў. Яго вызвалілі ад ранейшай службы і надалі статус баярына ВКЛ з абавязкам ужо шляхецкай службы. У 1568 годзе Фёдар Якімавіч быў узнагароджаны пасьля бітвы на Ўле: ён атрымаў шляхецтва, герб і зямлю ў Барысаўскай воласьці. У 1569 годзе Эліяш Будзіла, слуга віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, атрымаў герб «Ляліва» і зямельныя наданьні ў Мазырскай воласьці. Асабліва каштоўна, што ў Літоўскай мэтрыцы гэты герб быў нават перамаляваны.

Гербы-гісторыі

Бычок каля каралеўскай кароны

cjalok.png

Герб «Цялок» выглядае амаль наіўна: у сьветлым полі знаходзіцца чырвоны бычок. Гэтым гербам карысталіся Хадзінскія, Жардзецкія, Панятоўскія ды іншыя роды. І ў XVIII стагодзьдзі ён раптам апынуўся на самым версе палітычнай піраміды нашай дзяржавы. Панятоўскія далі Рэчы Паспалітай апошняга караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста.

Герб з бычком, які мог бы нагадваць пра гаспадарку, зямлю і статкі, стаў гербам роду, зьвязанага з апошняй вялікай спробай рэфармаваць дзяржаву перад яе зьнішчэньнем.

cjalok_1.jpg

Герб на сьвята

Сярод шляхецкіх гербаў ёсьць такія, што чапляюць ужо самою назвай. «Наліўка», безумоўна, адзін зь іх. Гэтае слова нібы вядзе нас да стала, сьвята і хатняга напою. Але ў геральдыцы гэта перадусім пасудзіна — белая або сьветлая фігура ў каляровым полі.

naliuka.jpg

Гербам «Наліўка» карысталіся, у тым ліку, асобныя лініі Грынкевічаў, напрыклад у Рэчыцкім павеце, а таксама іншыя роды. На гэтым прыкладзе добра бачная асаблівасьць шляхецкай геральдыкі, бо герб ня мусіў быць грозным. Ён ня мусіў паказваць зброю, драпежніка або сьведчыць пра нейкі крыжовы подзьвіг. Ён мог быць самым звычайным прадметам, формай ці знакам, якія мы сёньня ўжо ня можам цалкам расчытаць, але якія былі зразумелыя ягоным носьбітам.

Такія гербы асабліва істотныя, бо выводзяць нас за межы магнацкіх легендаў. Шляхецкая культура ВКЛ складалася ня толькі з Радзівілаў, Сапегаў і Гаштольдаў, але і з сотняў менш вядомых родаў.

Воўчыя косы і памяць пра службу

Герб «Прус ІІ», вядомы таксама як «Воўчыя косы», мае значна больш суровы характар. У ім адчуваецца вайсковая энэргія: скрыжаваныя вострыя элемэнты, крыж, адсылкі да зброі або пастак. Гэтым гербам карысталіся, сярод іншых, Грыбоўскія.

prus_ii.jpg

Сама назва «Прус» адсылае да старых прускіх сюжэтаў і складанай памежнай гісторыі. У шляхецкай традыцыі такія назвы часта абрасталі легендамі пра паходжаньне, войны, перасяленьні і службу.

Падобны герб мог захоўваць памяць пра вайсковы стан. У ВКЛ шляхціч меў ня толькі правы, але і абавязак выходзіць «пад харугву». Таму ў гербах так часта зьяўляюцца мячы, дзіды, стрэлы, косы, падковы, крыжы ды іншыя знакі небясьпечнага жыцьця.

Герб-загадка

vysahota.png

«Высагота», або «Выскота», — герб-загадка. Ён мае складаную кампазыцыю, а таксама розныя варыянты назвы і апісаньняў. Сярод іншых гэтым гербам карысталіся некаторыя роды Закрэўскіх. «Высагота» нагадвае, што ня кожны герб можна растлумачыць адным сказам. Частка ягоных значэньняў гублялася, частка прыдумлялася пазьней.

Шляхецкі знак беларускай літаратуры

lebedz_2.jpg

Герб «Лебедзь» — адзін з самых прыгожых і пазнавальных: на ім белая птушка ў чырвоным полі. Для беларускага чытача ён асабліва цікавы, бо зьвязаны з Маркевічамі, Марцінкевічамі, Дунінамі-Марцінкевічамі ды іншымі родамі.

Калі мы згадваем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, звычайна гаворым пра «Пінскую шляхту», пра беларускую мову, тэатар, гумар, правінцыйную шляхецкую культуру XIX стагодзьдзя. Але за гэтым стаіць і геральдычны сьвет дробнай і сярэдняй шляхты, якая жыла паміж спадчынай Вялікага Княства Літоўскага, Расейскай імпэрыяй і новым беларускім самаўсьведамленьнем.

Свастыка да нацызму

herb_barejka.jpg

Адзін з самых нечаканых гербаў — «Барэйка». У сярэднявечнай традыцыі на ім фігуруе знак, падобны да свастыкі. Тут неабходна адразу зрабіць тлумачэньне, бо для людзей Сярэднявечча ён ня меў нічога агульнага з нацызмам, які зьявіўся праз шмат стагодзьдзяў. Свастыкападобныя знакі вядомыя ў розных культурах як салярныя, ахоўныя або арнамэнтальныя сымбалі. Але XX стагодзьдзе амаль цалкам зьмяніла іх успрыманьне. Пасьля таго як нацысты прысвоілі свастыку, гэты знак стаў праблемным для непадрыхтаванага погляду.

Гербам «Барэйка» карысталіся ўласна Барэйкі, Бірулі, Радзіхоўскія ды іншыя роды. Ці ўжываецца ён сёньня? Як гістарычны і генэалягічны знак — так, ён прысутнічае ў гербоўніках. Але як жывы публічны сымбаль, які можна паставіць на шыльду або сьцяг, — відаць, ужо наўрад ці.

Гэта адзін з тых выпадкаў, калі знак перажыў стагодзьдзі, але ня змог уратавацца ад новага значэньня.

Калі род хоча мець міт

hipacentaur.jpg

Ёсьць гербы, якія выглядаюць амаль як ілюстрацыі да антычнай кнігі. Адзін з такіх называецца «Гіпацэнтаўр»: істота з чалавечым тулавам і конскім целам. Ён зьвязаны з княскімі і магнацкімі родамі ВКЛ, у тым ліку з Гальшанскімі і Гедройцамі.

Такі герб спрацоўваў, у тым ліку, як легенда пра старажытнасьць роду. У эпоху Рэнэсансу эліты ВКЛ і Рэчы Паспалітай любілі выводзіць свае радаводы з глыбокай мінуўшчыны, часам ажно з Рыму або антычнага сьвету. Мітычная істота на шчыце нібы казала: «Наш род ня ўчора зьявіўся, за намі стаіць вялікая, амаль казачная гісторыя».

Сёньня гэта можа здавацца фантазіяй, але для шляхецкай культуры легенда была часткай палітычнай мовы.

Чаму беларусы зноў шукаюць гербы

Сёньня ў Беларусі і беларускай дыяспары цікавасьць да шляхецкага паходжаньня прыкметна вярнулася. Асобную ролю тут адыгрывае, у тым ліку, шматтомнік «Гербоўнік беларускай шляхты», які рыхтуецца Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі. Для дасьледчыкаў гэта навуковая праца з дакумэнтамі, а для многіх людзей гэтыя кнігі становяцца першай кропкай уваходу ў гісторыю ўласнага прозьвішча.

Але тут ёсьць пастка. Знайсьці сваё прозьвішча ў гербоўніку яшчэ не азначае знайсьці свой герб. Сапраўднае права сказаць: «Гэта наш герб» — дае дакумэнтальна пацьверджаная лінія ад сучаснай сям’і да канкрэтнага гістарычнага роду.

Магчыма, менавіта таму гэтая тэма так чапляе беларусаў цяпер. Шляхецкі герб ужо даўно ня дае прывілеяў. Ён не адчыняе дзьверы ў сойм, ня вызваляе ад падаткаў, не пацьвярджае права на маёнтак (а як бы жадалася, праўда?).
Але ён можа вярнуць чалавеку адчуваньне, што ягоная сям’я — ня выпадковая кропка ў гісторыі.

Выявы гербаў: калекцыя аўтара.