«Беспакаранасць злачынная, таму што яна спарадзіла новыя злачынствы»

У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці выступілі з сумеснай заявай. 

pb203017.jpg.webp

Канчаткова страціўшы падтрымку народа, што найбольш красамоўна выявілася ў выніках прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года, Аляксандр Лукашэнка і сілавыя, адміністрацыйныя і прапагандысцкія дзяржаўныя структуры, якія падтрымалі яго, зрабілі стаўку на беспакараны гвалт у якасці інструмента ўтрымання ўлады. Пры дапамозе невытлумачальнай жорсткасці, якая ўзрушыла ўвесь дэмакратычны свет, былі задушаныя вулічныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту. Назвы месцаў зняволення сталі сінонімам катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, а сотні прадстаўнікоў сілаў правапарадку ў адзін дзень ператварыліся ў катаў.

У першыя ж дні мірных пратэсных выступленняў ахвярамі злачынных па сваім змесце дзеянняў прадстаўнікоў МУС і сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл сталі тысячы затрыманых і збітых, сотні людзей, якія атрымалі раненні ў выніку ўжывання зброі; не менш за тры чалавекі загінула.

Адным са знакавых сімвалаў ахвярнага негвалтоўнага супраціву таталітарызму ў Беларусі стала гісторыя Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада 2020 года за сваю грамадзянскую пазіцыю ў выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і ўхвалы ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты ж выпадак стаў сімвалам сімбіёзу хлуслівых маніпуляцый і бяздзейнасці ўладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, якія прывялі да таго, што вінаватыя ў відавочным злачынстве засталіся дагэтуль беспакаранымі. Лёс расследавання гэтай справы паўтарыў лёс каля 5000 справаў аб ужыванні катаванняў ды іншых забароненых дзеянняў у дачыненні да пратэстоўцаў і іншадумцаў, пакінутых уладамі цягам трох гадоў без расследавання: каты засталіся беспакаранымі, а ахвяры і сілы грамадзянскай супольнасці, якія выступілі ў іх падтрымку, падвергліся беспрэцэдэнтным рэпрэсіям і пераследу, уключна з пазбаўленнем волі.

Беспакаранасць злачынная, таму што яна спарадзіла новыя злачынствы. Тым больш злачынная беспакаранасць найбольш цяжкіх парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці, элементамі якіх сталі катаванні, выкраданні людзей па палітычных матывах, дэпартацыя, зняволенне ў турму ды іншае жорсткае пазбаўленне фізічнай свабоды ў парушэнне асноватворных нормаў міжнароднага права, пераслед, якія сталі паўсядзённымі і штодзённымі ў сучаснай Беларусі.

Вынікам беспакаранасці стала паслабленне дзяржаўнага суверэнітэту, што пацягнула ўцягванне Беларусі ў злачынную падтрымку агрэсіі Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны.

Беспакаранасці і працягу злачынстваў павінен быць пакладзены канец, гаворыцца ў заяве.

Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю праводзіцца 12 лістапада. У гэты дзень тры гады таму памёр Раман Бандарэнка. 11 лістапада 2020 года ён пабачыў у чаце, што невядомыя ў чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі на «Плошчы Перамен», паблізу яго дома, і выйшаў паразмаўляць з імі. Каля 22-й гадзіны ў двор прыехалі людзі ў цывільным і масках, пачалі зразаць стужкі, потым напалі на жыхароў, якія выйшлі з імі размаўляць. Раман быў моцна збіты, пасля чаго яго адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, а адтуль без прытомнасці даставілі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Ноччу 12 лістапада Раману зрабілі аперацыю, аднак уратаваць яго не ўдалося. На пахаванне Бандарэнкі прыйшлі тысячы чалавек.

Датычнымі да смерці Бандарэнкі называюць прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлю Эйсмант, Дзмітрыя Баскава, Дзмітрыя Шакуту. Але ў верасні 2021 года Генпракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі. Фармальная прычына — у сувязі з немагчымасцю ўстанавіць асобу, датычную да злачынства. 

Сёлета акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі пройдуць у розных краінах свету. Святлана Ціханоўскаязаклікала беларусаў замежжа далучыцца да акцый у памяць пра Рамана і ўсіх, хто аддаў жыццё за нашу свабоду: «Тры гады таму ягоныя словы – «я выходжу» – сталі сапраўдным дэвізам беларусаў, а сам Раман стаў нашым сімвалам барацьбы за свабоду. 

Ва ўмовах тэрору любы ўчынак, любая дэманстрацыя нязгоды патрабуюць адвагі. Кожнае такое дзеянне, нават калі яно падаецца нязначным, усё роўна набліжае нас да мэты – жыць у свабоднай краіне, без гвалту і дыктатуры. Мэты, дзеля якой Рома і выйшаў у той дзень на Плошчу Перамен».

Вільня:

12:00 - мітынг памяці. Vinco Kudirkos aikštė.

18:00 - ускладанне кветак і запальванне свечак у памяць Рамана. Міндоўг, 13.

Варшава:

12:00 - акцыя памяці. Rondo Wolnej Białorusi-скрыжаванне al. Legionów Piłsudskiego і ul. Puławskiej.

Гданьск. 13: 00 - Фантан Нептуна.

Познань. 17:00 - Пл. Адама Міцкевіча.

Уроцлаў. 17:00 - Рынак, Pręgierz.

Кельце. 13: 00 - помнік Тадэвушу Касцюшку.