Крыміналка за салідарнасць: пусты блеф і падкрэсліванне прававой імпатэнцыі
У Беларусі завялі справу супраць удзельнікаў анлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі: падазраваных 60 чалавек. У МУС заявілі, што арганізатары правялі мерапрыемства нібыта «з мэтай прыцягнення грошай для асабістага матэрыяльнага падсілкоўвання». Пры гэтым Следчы камітэт распачаў крымінальную справу «за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».

Паведамляецца, што падазраванымі з'яўляюцца блізу 60 чалавек «з ліку арганізатараў марафону і іх памагатых». Раней суд Цэнтральнага раёна Мінска прыняў рашэнне прызнаць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» відэазапісы з анлайн-марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!».
На анлайн-марафоне, які праходзіў у канцы ліпеня, для палітвязняў і іх сем'яў удалося сабраць больш за 570 тысяч еўра. Сродкі размеркавалі паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітвязням і іх родным.
Ці паўплывае ўзбуджэнне крымінальнай справы на салідарнасць беларусаў? Пра гэта ў каментары «Філіну» паразважаў сузаснавальнік Фонду BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак.
— Гэта не першая і не апошняя крыміналка за салідарнасць, — адзначыў Андрэй Стрыжак. — Сілавікі разрываюцца ў сваёй логіцы паміж двума супрацьлеглымі тэзісамі — арганізатары правялі марафон для «матэрыяльнага падсілкоўвання» або для «фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці»?
Крызіс жанру малабюджэтнай фантастыкі беларускіх сілавікоў у наяўнасці. За тры гады тыя, хто данаціў нягледзячы на рэпрэсіі, так і будзе працягваць данаціць.
Глядзіце таксама

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што замежныя банкі не выдаюць звестак пра плацяжы па запыце беларускіх уладаў.
— Усе заявы сілавікоў пра тое, што ім нібыта вядома пра тое, хто «фінансуе экстрэмізм», — пусты блеф і падкрэсліванне іх уласнай прававой імпатэнцыі.
Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» прайшоў 29 ліпеня на платформах незалежных медыя, 28-30 ліпеня быў арганізаваны збор сродкаў у дапамогу палітвязням і іх сем’ям. Агулам было сабрана 574 тысячы еўра.
Грошы ўжо часткова размеркаваныя паміж 13 фондамі і ініцыятывамі, якія будуць перадаваць іх ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.
Як паведамляла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, каманда арганізатараў марафона патраціла на яго арганізацыю нуль еўра, а ўсе медыя, студыі, фонды, арганізацыі працавалі бясплатна.
Глядзіце таксама
