«Калі адкрываюць помнік Міндоўгу ў Навагрудку — гэта ўжо «літвінізм» ці яшчэ не?»
У літоўскім Сейме навукоўцы і аналітыкі абмеркавалі з'яву, якая пужае апошнім часам літоўскіх грамадзян, асабліва ў сацсетках — так званы «літвінізм». Што літоўцы разумеюць пад гэтым паняццем, адкуль растуць ногі ў спрэчак і каму яны выгадныя?
![Герб Літвы і нацыянальны беларускі герб «Пагоня». Калаж «НЧ» Герб Літвы і нацыянальны беларускі герб «Пагоня». Калаж «НЧ»](/img/v1/images/pahonja_7_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Герб Літвы і нацыянальны беларускі герб «Пагоня». Калаж «НЧ»
Тэма «літвінізму» ў грамадскі дыскурс уварвалася пару месяцаў таму і адразу стала краевугольным каменем беларуска-літоўскіх адносін. Прычым што такое «літвінізм» і які сэнс у яго ўкладаюць, калі выстаўляюць абвінавачанні ў бок беларусаў, застаецца пытаннем адкрытым. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы так ахарактарызаваў гэтую з’яву: асноўная ідэя «літвінізму» — адмаўленне балцкага паходжання Вялікага Княства Літоўскага і княжацкіх дынастый, якія ў ім кіравалі, сумневы ў прыналежнасці значнай тэрыторыі да Літоўскай Рэспублікі са сталіцай Вільнюсам. То-бок праява «літвінізму», згодна з гэтай фармулёўкай — калі беларусы будуць адкрыта гаварыць, што ВКЛ — выключна беларуская дзяржава, піша «Радыё Ўнэт».
Як высветлілася, такі наратыў выкарыстоўваюць адэпты радыкальнага «літвінізму», але ёсць яшчэ і ўмераны. Яго беларусам цяжка зразумець, бо цяжка адчуць нават інтуітыўна, дзе заканчваецца беларуская гісторыя і пачынаецца той самы «літвінізм». Таму абсалютна лагічна гучала падчас дыскусіі пытанне да літоўскага боку: «Калі адкрываюць помнік Міндоўгу ў Навагрудку — гэта ўжо «літвінізм» ці яшчэ не?»
Глядзіце таксама
![Ідэалогія літвінізму -- што гэта і пра што Вільня, ВКЛ і беларусы. Адкуль бярэцца «літвінізм» і чаму ён пужае літоўцаў?](/img/v1/images/_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_novy_czas__3__logo_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Літоўскі бок на дыскусіі прадстаўлялі дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Альвідас Нікжэнтайціс, загадчык кафедры тэорыі гісторыі і гісторыі культуры гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Альфрэдас Бумблаўскас і дацэнт гэтай жа кафедры Грыгорый Паташэнка. У апошняга «Радыё Ўнэт» спрабавала высветліць, што ж літоўцы ўкладаюць у паняцце «літвінізм». Навуковец патлумачыў, чаму раптам з гістарычнай плоскасці гэтае пытанне перайшло ў палітычную.
— Гэтая тэма не новая. Гісторыкі яе даўно абмяркоўваюць. Чаму зараз такі інтарэс? Дзве прычыны. Па-першае, геапалітычная сітуацыя Літвы пагоршылася, агрэсія Расіі ва Украіне, Беларусь у гэтым канфлікце падтрымлівае агрэсію. І гэта пытанне бяспекі для нашай краіны. Па-другое, у Літве вельмі ўразлівая тэма міграцыі. Да нас прыехала не толькі 60 тысяч беларусаў, а яшчэ і 85 тысяч украінцаў, у цэлым у нас каля 200 тысяч замежнікаў жывуць. Гэта для нас выклік.
Што тычыцца тэрміну «літвінізм», то адзінага вызначэння гэтай з’явы няма. Я вывучаю, што гавораць пра гэтае паняцце іншыя, і не выношу сваіх меркаванняў. Адны кажуць, што «літвінізм» — гэта цікавасць беларускага народа да сваёй мінуўшчыны на доўгай дыстанцыі, гэта значыць, што ВКЛ, 19-20 стагоддзе вельмі важныя, і з гэтага пункту гледжання «літвінізм» — гэта частка нацыянальнага беларускага наратыву. Ёсць і іншыя меркаванні, ёсць крайні «літвінізм», які сцвярджае, што толькі беларусы стваралі Вялікае Княства Літоўскае, яны — вядучы народ. Гэта вельмі спрэчнае сцвярджэнне. Яно прысутнічае ў гістарыяграфіі. Што рабіць з гэтым? — задаецца пытаннем Паташэнка.
Глядзіце таксама
![Літва не можа выкідаць беларусаў, якіх запрасіла -- літоўскі бізнэс «Гэта недэмакратычна». Літоўскі бізнес супраць ціску на беларусаў](/img/v1/images/img_0324_1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
На яго адказаў гісторык Алесь Пашкевіч, паводле слоў якога, такія радыкальныя заявы насамрэч абсалютна непрымальныя ў беларускім гістарычным асяроддзі, на гэтай ніве шчыруюць хутчэй квазінавукоўцы, колькасць якіх — адзінкі. І таму гэты наратыў хутчэй маргінальны, чым мэйнстрымны. Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», прапанаваў удакладніць сам тэрмін «літвінізм» ці замяніць яго на іншы, каб было зразумела, што выклікае гістарычныя непаразуменні:
— Праблема ў інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі ўвогуле. У якім кантэксце мусіць адбывацца ўзаемадзеянне літоўцаў і беларусаў адносна сваёй гістарычнай спадчыны, якім чынам мы глядзім на сваё мінулае, якім чынам мы ставімся да спадчыны ВКЛ. У Літве ўсё гэта называецца «літвінізмам», і чым далей, тым больш гэты тэрмін пашыраецца. Ёсць вялікая дыскусія наконт апісання розных радыкальных версій гісторыі ВКЛ, якія фактычна выключаюць літоўцаў з гэтай дзяржавы і якія выкарыстоўваюць «хэйт-спіч» і часта наўпрост абражаюць літоўцаў. Гэта стварае пэўную напружанасць у Літве паміж дзвюма супольнасцямі, улічваючы, што ў апошнія гады колькасць беларусаў у Літве значна вырасла. Да таго ж, вайна Расіі супраць Украіны, дзе беларускія ўлады падтрымалі Расію, і паводзіны Лукашэнкі часта пераносяцца на ўсіх беларусаў. І вось гэтае напружанне ўзрастала, і, калі з’явіліся першыя публікацыі на гэтую тэму, яны проста ўпалі ў спрыяльную глебу. Акрамя таго, ёсць меркаванне, што гэта ўсё — частка перадвыбарчай кампаніі, таму што розныя палітычныя сілы будуць выкарыстоўваць міграцыю ў сваіх інтарэсах.
Мае прапановы тычацца дастаткова практычных рэчаў. Па-першае, калі існуе адчуванне небяспекі «літвінізму», то давайце вызначым, што мы маем на ўвазе пад гэтым тэрмінам. Каб мы, беларусы, разумелі, у якіх гістарычных сюжэтах Літва бачыць пагрозу для сваёй ідэнтычнасці. Па-другое, я прапанаваў бы падумаць пра змену назвы. Калі размова ідзе пра гістарычны рэвізіянізм, то і назваць гэта такім чынам. Не выкарыстоўваць слова «літвінізм», бо часам складаецца ўражанне, што гэта нейкі цэласны рух, цэласная ідэя, што ў прынцыпе не адпавядае праўдзе. Па-трэцяе, можна было б паспрабаваць стварыць грамадскую беларуска-літоўскую камісію, якая магла б абмяркоўваць гэтыя пытанні, знаходзіць кампрамісы ці ўвогуле здымаць нейкія непаразуменні.
Глядзіце таксама
![Алесь Чайчыц: Супольная гістарычная спадчына павінна аб’ядноўваць, а не падзяляць Алесь Чайчыц: Чаму настаў час дамовіцца, што ВКЛ — агульная спадчына](/img/v1/images/nic_0318_1__logo.jpg_logo.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Беларускі гісторык Павел Церашковіч прапанаваў літоўскаму боку ў тым ліку паглядзець, хто стаіць за раскруткай наратываў «літвінізму», каму выгадна пасварыць літоўцаў і беларусаў.
У «літвінізму» з’явіліся ўжо і першыя ахвяры. З добраахвотніцкім аб’яднаннем беларусаў Літвы «Ліцвіны» спыніў супрацоўніцтва Саюз стралкоў Літвы, бо менавіта ў назве клуба «Ліцвіны» ўгледзелі прэтэнзіі на гісторыю ВКЛ і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы. Кіраўнік «Ліцвінаў» Сяргей Шалыгін папрасіў не звязваць клуб з «літвінізмам», што б гэта ні азначала.
Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонду «BYSOL», які прысутнічаў на дыскусіі ў Сейме, расказаў, што на дзейнасці яго арганізацыі «літвінізм» пакуль не адбіўся, але пытанне вырашаць трэба.
— Мая пазіцыя па гэтым пытанні — гэта пранк, які выйшаў з-пад кантролю. Зразумела, ёсць у літоўцаў асцярогі на гэты конт. Але тое, што зараз адбываецца ў інфармацыйным полі, шмат у чым інспіравана расійскімі і беларускімі спецслужбамі. Бо я адсочваю сітуацыю і бачу, што шмат у якіх літоўскіх групах мэтанакіравана сеецца гэты наратыў тымі акаўнтамі, якія былі створаны нядаўна, бачна, што гэта ананімныя акаўнты. І, на жаль, недасказанасць у першую чаргу паміж літоўскімі і беларускімі спецыялістамі ў галіне гісторыі нараджае поле для спекуляцый і накруткі грамадства. Пакуль магу сказаць, што значнага ўплыву на тое, як літоўцы ставяцца да беларусаў, гэтая маргінальная плынь не аказвае.