Яна Шостак: Хачу быць голасам беларусаў у Польшчы

Беларуска спрабуе трапіць у польскі Сейм, каб прадстаўляць там беларускіх і ўкраінскіх эмігрантаў, і гэта даволі пакручасты шлях. Цяпер яна балаціруецца як незалежная кандыдатка — і мае сур'ёзны намер перамагчы.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

30-гадовая Яна Шостак прызнаецца, што ў польскім парламенце хацела б займацца міграцыйнай і інтэграцыйнай палітыкай, у тым ліку паспрабаваць стаць «голасам свабодных беларусаў і беларусак».

Першапачаткова кандыдатуру Шостак прапанавала партыя «Зялёных», якая ўваходзіць у апазіцыйную «Грамадзянскую кааліцыю» (Koalicja Obywatelska). Але неўзабаве актывістку з партыйных спісаў выкраслілі — праз яе выказванні на тэму абортаў, цалкам забароненых у Польшчы, піша «Deutsche Welle».

Тым не менш Шостак працягне барацьбу за месца ў Сейме. Цяпер беларуска выступае як незалежная кандыдатка, хоць і лічыцца ў спісе партыі «Новых левых» (Nowa Lewica).

Парламенцкія выбары ў Польшчы пройдуць 15 кастрычніка.

Яна Шостак вядомая сваімі перформансамі

«Гэта мае першыя выбары. Мне патрэбна каля 16-18 тысяч галасоў. Спадзяюся, што іх атрымаецца сабраць. Я ўмею гаварыць з маладымі палякамі і полькамі, людзьмі, якія думаюць у прагрэсіўным кірунку», — расказвае пра свае шанцы трапіць у польскі парламент Яна Шостак.

Яна родам з беларускага Гродна, але ўжо 13 гадоў жыве ў Польшчы, атрымала грамадзянства гэтай краіны. Пра тое, як да яе рашэння пайсці ў польскую палітыку ставяцца сваякі ў Беларусі, Яна Шостак не ведае: дзяўчына спыніла з імі кантакты «з прычын бяспекі, бо ў рэжыму Лукашэнкі доўгія рукі».


Яна Шостак. Фота: dw.com

Яна Шостак. Фота: dw.com

Шостак стала вядомая дзякуючы сваім акцыям і перформансам, у тым ліку накіраваным і супраць беларускіх улад. Адзін з іх — «Хвіліна крыку для Беларусі» ля прадстаўніцтва Еўрапарламента ў Польшчы. З дапамогай крыку актывістка спрабавала звярнуць увагу палітыкаў на праблемы ў Беларусі.

Яшчэ адна яе акцыя — «Дэкальтэ для Беларусі». У цэнтр Варшавы выйшлі жанчыны з аголенымі грудзьмі, на якіх былі напісаны назвы карпарацый, што супрацоўнічаюць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, і імёны беларускіх палітвязняў.


Глядзіце таксама

Кандыдатка ў дэпутаты займаецца і валанцёрскай працай. Яна арганізавала супольнасць валанцёраў «Partyzanka», што аказвае дапамогу беларусам, якія бягуць у Польшчу ад пераследу ўлад. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Шостак актыўна дапамагала ўкраінскім уцекачам на польска-ўкраінскай мяжы.

Шостак хоча займацца міграцыйнай і інтэграцыйнай палітыкай

Яна спадзяецца, што актывісцкі і валанцёрскі досвед спатрэбіцца ёй у парламенце. «Маёй матывацыяй (для ўдзелу ў выбарах. — Заўв. рэд.) была патрэба заняцца інтэграцыйнай і міграцыйнай палітыкай у Польшчы, вынесці голас актывісцкіх суполак на дзяржаўны ўзровень», — адзначае беларуска.

Таксама яна хацела б стаць «голасам больш за мільён людзей, якія прыехалі ў Польшчу з Беларусі, Украіны, іншых краін», і каб «было нясорамна перад беларускімі палітвязнямі». «Выйдуць мае знаёмыя і незнаёмыя палітвязні і ўбачаць, што хтосьці спрабаваў быць голасам свабодных беларусаў і беларусак, а таксама і голасам, які выступае за дэмакратычныя працэсы ў Еўропе», — тлумачыць актывістка.

Таксама, паводле яе слоў, калі яна наступным разам «будзе атрымліваць паведамленні пра дыскрымінацыю беларусаў і беларусак, украінак і ўкраінцаў», то як член парламента яна зможа ім рэальна дапамагчы.


Глядзіце таксама

Шостак выкраслілі са спісаў «Зялёных» за выказванне пра аборты

Дзяўчына адзначае, што ў яе вельмі шмат працы ў перадвыбарчай кампаніі, бо ёй давялося змяніць выбарчую акругу. Першапачаткова беларуска балаціравалася ад партыі «Зялёных», якая ўваходзіць у «Грамадзянскую кааліцыю», у акрузе Падляскага ваяводства. Але пасля інтэрв'ю парталу Onet.pl яе выкраслілі з партыйных спісаў.

«Мяне спыталі наконт маіх поглядаў, якія тычацца сцяны на беларуска-польскай мяжы, а таксама правоў жанчын на аборты, я адказала, што я думаю, — пасля гэтага мяне з кааліцыі выкраслілі», — згадвае Яна.

У інтэрв'ю беларуска, у прыватнасці, заявіла, што падтрымлівае права жанчын на аборты без абмежавання тэрміну. Аборты ў Польшчы практычна цалкам забаронены, апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя» выступае за тое, што перапыненне цяжарнасці павінна быць дазволена па жаданні жанчыны на тэрміне да 12-га тыдня.

«Пасля маіх выказванняў, ад якіх я не адмаўляюся, мне ніхто (з прадстаўнікоў партыі.Заўв. рэд.) не патэлефанаваў, толькі ад медыя атрымала хвалю запытаў. Шкада, што гэта адбылося не з дапамогай прамога кантакту», — шкадуе Шостак.


Глядзіце таксама

Беларуска працягвае барацьбу за месца ў Сейме

Пасля выключэння са спісаў «Зялёных» беларуска атрымала запрашэнне ад аднаго з лідараў «Новых левых» (Nowa Lewica) Роберта Бедроня ўключыць яе ў спіс кандыдатаў гэтай партыі.

Шостак працягвае барацьбу ў спісах Nowa Lewica ў акрузе горада Познань, але як беспартыйная, незалежная кандыдатка.

«Хачу рабіць як мага больш карысных рэчаў падчас кампаніі. З культурным акцэнтам, таму што я не толькі палітык, але мастачка і актывістка, — кажа Шостак. — Гэтая спроба будзе ў плюс або мінус, паглядзім 16 кастрычніка (на наступны дзень пасля выбараў. — Заўв. рэд.)».


Глядзіце таксама

Паводле слоў Шостак, яе актыўна падтрымлівае беларуская супольнасць у Познані і яе партнёр, які нават напісаў тэкст песні для яе перадвыбарчай кампаніі.

«Мае блізкія цяпер — гэта мой партнёр, які таксама жыве ў Познані. Ён быў звязаны не з палітыкай, а з мастацтвам. Але цяпер палітыка прыйшла і ў яго дом», — жартуе беларуска.