«Усё будзе легальна»: «Новая Беларусь» запусціла праект пра тое, як беларусы вырашаюць праблемы з легалізацыяй

У вас ёсць досвед легалізацыі за мяжою — далучайцеся да праекта і дапамажыце іншым вырашыць праблемы з дакументамі.

smi_3_1.png

«Новая Беларусь» у партнёрстве з «Народнымі амбасадамі» запусціла праект «Усё будзе легальна» пра легалізацыю за мяжой пасля забароны дыстанцыйна абмяняць беларускі пашпарт і атрымаць важныя даведкі.

Гэта будзе жывая вікіпедыя беларускага эмігранта, пабудаваная на асабістым досведзе легалізацыі беларусаў і беларусак у розных краінах. Бо на практыцы тэарэтычныя рашэнні часам працуюць з нюансамі. Ці ўвогуле не працуюць. Ці так схаваны, што трэба пашукаць. Ці іх няма, але разам можна нешта прыдумаць.

Таму план такі: сабраць у адным месцы ўсе лайфхакі, сакрэцікі, асабістыя гісторыі і іншае карыснае (ды хоць «фотапартрэты» спагадлівых супрацоўнікаў міграцыйнай службы) пра тое, як цяпер можна легалізавацца ў розных краінах, дзе ёсць беларусы і беларускі. А калі гатовых рашэнняў на гэты момант няма, то паспрабаваць іх разам ініцыяваць. Тым больш што «Новая Беларусь» стварыла для гэтага патрэбныя зручныя інструменты.

Як гэта будзе працаваць?

Праект існуе ў фармаце суполак у аплікацыі «Новая Беларусь». На першым этапе запушчаны суполкі па сямі краінах: Польшча, Літва, Грузія, Чэхія, Германія, Нідэрланды, Партугалія. Гэты спіс пры наяўнасці запыту будзе пашырацца. Таксама каманда плануе запусціць чат для кансультацый з экспертамі.

У суполках можна:

● Чытаць і дапаўняць гайды па легалізацыі.

● Дзяліцца асабістым досведам, як беларусы і беларускі на практыцы атрымліваюць альтэрнатыўныя пашпарты і вырашаюць праблемы з даведкамі.

● Прапаноўваць супольнасці свае ідэі, як паўплываць на рашэнне праблем і дамаўляцца пра іх рэалізацыю.

● Мець зносіны з беларусамі і беларускамі сваёй краіны ў чаце.

А што ў выніку атрымаецца?

Задача мінімум: стварыць карысную вікіпедыю па легалізацыі для беларускага эмігранта. 

Задача максімум: дапамагчы беларусам і беларускам стаць моцнай супольнасцю, здатнай уплываць на вырашэнне беларускіх праблем там, дзе яны ўзнікаюць.

Як далучыцца? 

Каб далучыцца, спампуйце ці абнавіце аплікацыю «Новая Беларусь», зарэгіструйцеся або аўтарызуйцеся, зайдзіце ў раздзел суполак (правы ніжні кут на галоўнай старонцы), знайдзіце сваю краіну і будзьце карыснымі адно аднаму. І няхай усё будзе легальна!