Павел Церашковіч: Назва Беларусь — выбар нацыянальнага руху ХІХ стагоддзя, а не прыдумка Расіі
Адкуль узялася Беларусь? У беларускім фальклоры ХІХ стагоддзя ёсць назвы для ўсіх суседзяў беларусаў, але няма іх саманазвы. Ці праўда, што Беларусь і беларускі рух ХІХ стагоддзя — гэта прыдумка Расіі?
Як на беларускую гісторыю паўплывала паўстанне 1863–1864 гадоў і ці былі яго вынікі катастрофай для Беларусі і беларускага руху? У чым феномен беларускіх нацыяналістаў пачатку 1880-х гадоў? Праект «Гісторыя на Свабодзе» паразмаўляў пра гэта з гісторыкам, аўтарам кнігі «Этнічная гісторыя Беларусі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў» Паўлам Церашковічам.
— Мы ведаем, што беларускі рух нарадзіўся ў ХІХ стагоддзі. Адкуль ён узяўся, хто яго пачаў? Ці праўда, што, як сёння гавораць некаторыя беларускія «фольк-гісторыкі», гэта прыдумка Расіі, плён яе палітыкі і прапаганды?
— Канечне, гэта не прыдумка Расіі і яе прапаганды. Каб весці размову пра беларускі нацыянальны рух, трэба пачаць з тэорыі. Такім вядомым тэарэтыкам з’яўляецца Міраслаў Грох, які кажа, што кожны нацыянальны рух праходзіць праз тры ступені развіцця. Першая, ступень А — калі з’яўляюцца навукоўцы, аматары гісторыі, літаратуры, фальклору, лінгвістыкі, якія пачынаюць вывучаць пэўную групу людзей, што размаўляе на блізкіх дыялектах.
І вось на ступені А практычна ніякіх лозунгаў гэтая група не вылучае. І вельмі часта тыя, хто ўдзельнічае ў гэтым руху, нават не бачаць перспектывы, што ў будучыні будзе створана такая нацыя ці нацыянальная дзяржава.
Потым, на ступені В, пачынаецца нацыянальная агітацыя. Міраслаў Грох вылучае тут ступень В1, калі агітацыя ідзе, але яна нікому не патрэбная, і актывісты руху ў роспачы. Але потым надыходзіць ступень В2, калі кола прыхільнікаў гэтай ідэі павялічваецца.
А далей ідзе ступень С, калі ўзнікае масавы нацыянальны рух, і паказчыкам яго з’яўляецца не толькі масавасць, але і палітычная дыфэрэнцыяцыя — узнікаюць палітычныя партыі кансерватыўнага, ліберальнага, сацыялістычнага і іншых кірункаў.
Дык вось ступень А ў беларусаў пачынаецца на пачатку ХІХ стагоддзя, калі прафесура Віленскага ўніверсітэта, найперш Міхал Баброўскі і Ігнат Даніловіч, пачынае задумвацца над паходжаннем свайго народа.
Але тут яшчэ трэба падкрэсліць, што гэтыя людзі павінны былі зрабіць. Справа ў тым, што ў ХІХ стагоддзі ў беларусаў існавалі добрыя ўяўленні пра іншыя народы. Я спецыяльна займаўся аналізам той часткі беларускага фальклору, дзе гэтыя ўяўленні зафіксаваны. Беларусы адрознівалі сябе і ад расіян, якіх называлі маскалямі, і ад палякаў, для якіх была вялікая колькасць назваў, і ад літоўцаў, і ад украінцаў, ад габрэяў, немцаў, татар, французаў. Але ва ўсім гэтым комплексе ўяўленняў не было беларускага «я». Таму гэта галоўная праблема для кожнага нацыянальнага руху: сфармуляваць, хто такія «мы».
І вось гэтае фармуляванне фактычна расцягнулася на ўсё ХІХ стагоддзе.
— Калі думаеш пра ХІХ стагоддзе, то бачна адна падзея, якая вызначыла ўвесь далейшы гістарычны шлях беларусаў. Думаю нават, што мы і сёння маем справу з яе наступствамі. Гэта скасаванне Уніяцкай царквы ў 1839 годзе. На ваша меркаванне, як на беларусаў паўплывала іх далучэнне да расійскай царквы?
— Абсалютна відавочна, што гэта была ідэалагічная кампанія. І гэта не толькі скасаванне Уніі. З гэтай кампаніяй былі звязаныя і іншыя крокі. Амаль адначасова быў забаронены Статут Вялікага Княства Літоўскага і замест яго было ўведзена расійскае заканадаўства. Калі гэта рабілі, то адкрыта казалі, што гэта робіцца для таго, каб знішчыць усялякую думку аб магчымасці самастойнасці гэтай тэрыторыі, якая б магла перашкаджаць зліццю з Расіяй.
І амаль адначасова Мікалай І асабіста забараняе ўжываць назвы «Беларусь» і «Літва». У гісторыкаў розныя погляды адносна гэтай падзеі, але трэба ўсё ж глядзець на тое, што ўсё гэта было зроблена адначасова.
Яшчэ адзін крок, хоць і малы, але таксама істотны. У 1840 годзе з’яўляецца дзіўная публікацыя. Яна называлася «Опыты в русской словесности учеников Белорусского учебного округа». То-бок сабралі школьныя сачыненні і выдалі вельмі шыкоўнай, багатай кніжкай. Сэнс гэтай публікацыі быў такі: глядзіце, як яны засвоілі рускую мову. Пры гэтым у кнізе былі не толькі сачыненні, але і фальклорныя вершыкі «Ох калы б, калы, маскалы б прышлі / Маскалы, маскалы нашы родныя, веры одныя». У кнізе было сказана, што вучні запісалі гэтыя вершы ў Слуцкім павеце. Але яшчэ ў ХІХ стагоддзі беларускія фалькларысты даказалі, што гэта фальшыўка, падробка.
Таму ў скасаванні Уніі быў моцны ідэалагічны складнік, які сапраўды вельмі моцна паўплываў на фарміраванне беларускай нацыі. Дзеці ўніяцкіх святароў маглі стаць не толькі святарамі, але і настаўнікамі, пісьменнікамі, журналістамі. Ці вось, як Баброўскі з Даніловічам, стаць інтэлектуаламі, прафесарамі. Але гэтыя магчымасці скасаваннем Уніі былі вельмі і вельмі моцна абмежаваны.
— Сярод гісторыкаў назіраецца вялікі спектр думак пра паўстанне 1863 года. Адны кажуць, што гэта была сапраўдная катастрофа для Беларусі, якая спыніла нацыянальны рух на дзесяцігоддзі. Іншыя мяркуюць, што рэпрэсіі пасля паўстання вызвалілі Беларусь ад польскага элемента і расчысцілі дарогу беларускаму руху. Трэція сцвярджаюць, што гэта быў адзін з нацыянальных уздымаў і нават пункт адліку нацыянальнай беларускай палітыкі. Што вы думаеце пра паўстанне?
— Па-першае, пра тое, што паражэнне паўстання спыніла нацыянальны рух. Але нацыянальны рух тады заставаўся на фазе А, масавага руху не было. І я хачу падкрэсліць, што яго і не магло быць. Зноў працытую Міраслава Гроха, які кажа, што масавы нацыянальны рух можа ўзнікнуць толькі праз адно пакаленне пасля скасавання прыгону. Адпаведна, у 1863 годзе чакаць масавага руху было б несур’ёзна. А вось праз 20–25 гадоў ён узнікае.
Вядома, нічога добрага паражэнне не прынесла. Можна сказаць найперш пра знішчэнне інтэлектуальнай эліты і адукаванай моладзі. Калі б гэтага не было, фаза А развівалася б значна хутчэй і прынесла б новыя вынікі.
Але ёсць доля праўды і ў тым, што палітыка ўлад, якая праводзілася пасля задушэння паўстання, а менавіта палітыка раздзялення паланізму і каталіцызму, стварала нішу, у якую ўпісвалася беларускасць. Царская адміністрацыя ў сваім змаганні з польскім уплывам спрыяла развіццю этнаграфічных даследаванняў. І калі ўзяць другую палову ХІХ стагоддзя, то тады было назбірана столькі, што хапіла нават савецкім этнографам на некалькі дзесяцігоддзяў працы.
Гэта і «Акты віленскай археаграфічнай камісіі» — магутная калекцыя дакументаў, якая сведчыла пра беларускасць Вялікага Княства Літоўскага.
І тут сказаць адназначна, што гэта было толькі негатыўна ці толькі пазітыўна, было б памылкай.