Францішак Грынкевіч: ксёндз, які дапамагаў ствараць Беларусь у часы імперыі

Беларускі рэлігійны, культурны, грамадскі дзеяч, святар Францішак Грынкевіч нарадзіўся 5 кастрычніка 1884 года. Усё жыццё ён спрыяў беларушчыне.

3_654.jpg

Францішак паходзіў з сялянскай сям’і Сакольшчыны, піша «Гарадзенская праваабарона». У Новым Двары іх сям’ю называлі «пацёмкамі», што азначала людзей замкнутых, якія пазбягалі зносін з іншымі. Баляслаў Грабінскі згадваў братоў Грынкевічаў як «людзей глыбока думаючых, замкнутых у сабе, схільных да містыцызму і філасофіі, з моцнай верай у сэнсе рэлігійным, затое з малым нахілам да таварыскага жыцця».

Пачатковую адукацыю Францішак атрымаў у Навадворскай народнай школе. Пасля скончыў гімназію ў Гародні. У 1901-05 гадах вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, у 1905-1907 гадах – у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. На адной са студэнцкіх сходак 18 снежня 1905 года выступіў з рэфератам, прысвечаным беларускаму нацыянальнаму руху. З 1 верасня 1906 года працягваў навучанне за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пасвечаны ў святары ў 1907 годзе. Далей вучыўся ў Інсбруку і Мюнхене, быў слухачом тамтэйшых універсітэтаў. Стаў кандыдатам філасофіі. Будучы за мяжой, разам з ксяндзом Адамам Лісоўскім і студэнткай з Гародні Ганнай Салянкай стварыў невялічкі беларускі гурток. Ужо тады Грынкевіч кантактаваў з Іванам Луцкевічам.

Францішак Грынкевіч

Францішак Грынкевіч

Значная частка яго грамадскай дзейнасці мела яскрава беларускі характар. З 1909 года Францішак Грынкевіч пачаў душпастарскую дзейнасць вікарыем Гродзенскай фары і Бернардзінскага касцёла, адначасна выкладаў Закон Божы ў Гродзенскай гімназіі, дзе арганізаваў Гурток беларускай моладзі. Прэфект прыватных і прафесійных школ Гродна. Удзельнічаў у выданні першага беларускага каталіцкага малітоўніка «Бог з намі». Грынкевіч адным з першых перадаў у фонд бібліятэкі гуртка са сваіх уласных збораў «Люд беларускі» Міхала Федароўскага.

Разам з Адамам Бычкоўскім і Зоськай Верас вясной 1910 года ездзіў дамаўляцца пра правядзенне беларускай вечарыны ў маёнтку Крыштапарава. На імяніны Грынкевіча ў кастрычніку 1911 года малодшая секцыя гуртка паставіла спектакль «Пастушок». З 1911 года – пробашч Брыгіцкага касцёла ў Гродне. Супрацоўнічаў з каталіцкай газетай «Biełarus», якая выдавалася ў Вільні. Пісаў сам у газету і намаўляў пісаць ксяндза Уладзіслава Талочку.

Фарны касцёл у Гродне

Фарны касцёл у Гродне

У час нямецкай акупацыі ў 1915-19 гадах апекаваўся вязнямі гродзенскай турмы. Сябра Гродзенскага аддзела Польскай Мацежы Школьнай. Спрыяў арганізацыі першай у Гродне польскай скаўцкай дружыны імя Стэфана Баторыя, быў яе капеланам. Пасля першай сусветнай вайны адышоў ад беларускай грамадскай дзейнасці. «Рэвалюцыя і вайна, — піша Адам Станкевіч, — а ў іх выніку ўваскрашэнне Польшчы стварылі цалкам новыя варункі і новыя заданні беларускай справе, да якіх дастасавацца і сярод якіх актыўна працаваць кс. Ф. Грынкевіч ужо не патрапіў… Прадваенная ж яго беларуская праца – гэта прыгожае бачанне ў гісторыі беларускага культурнага адраджэння, запісанае беларускім каталіцкім ксяндзом, а змест якога хрысціянскі і беларускі народніцкі».

З 1919 года выкладаў на польскіх настаўніцкіх курсах у Гродне. Прэфект Гродзенскай гарадской гімназіі імя Міцкевіча. Хаваўся ад арышту савецкай уладай летам 1920 года. З 1930 года працаваў пробашчам парафіі ў Гожы, быў рэктарам касцёла назаратанак у Гродне.

Магіла ксяндза

Магіла ксяндза

Пахаваны Грынкевіч каля капліцы на старых гродзенскіх каталіцкіх могілках. У сярэдзіне 1930-х гадоў яго імем была названа адна з вуліц горада.