Куды падзеліся Рудабелка, Ігумен і Койданава?
Тры хвалі перайменаванняў пазбавілі карту Беларусі сотняў беларускіх назваў. Якія менавіта беларускія гарады, мястэчкі і вёскі мянялі назвы, калі і чаму, высвятляла «Люстэрка».
Многія беларускія населеныя пункты за апошнія 200 гадоў страцілі свае гістарычныя назвы. Днямі на гэта звярнуў увагу культурна-асветніцкі партал «Будзьма». Гаворка ідзе як пра невялікія населеныя пункты накшталт вёсак і раённых цэнтраў, так і пра абласныя цэнтры і нават сталіцу нашай краіны.
Першая хваля: польская фанетыка
Цяпер у Беларусі налічваецца 115 гарадоў і 85 пасёлкаў гарадскога тыпу, а таксама каля 23 тысяч вясковых населеных пунктаў. Гэтая досыць шчыльная сетка пачала складвацца яшчэ ў раннім Сярэднявеччы. З 862 года ў пісьмовых крыніцах вядомы Полацк, з 974 года — Віцебск, з 980 года — Тураў, з 985 года — Заслаўе, з 1005 года — Ваўкавыск і Слуцк, з 1006 — Капыль, з 1019 — Брэст, з 1065 — Браслаў, а з 1067 — Орша і Мінск.
З часам населеных пунктаў рабілася ўсё больш, і на Радзівілаўскай карце Вялікага Княства Літоўскага, створанай у 1648 годзе, на тэрыторыі сучаснай Беларусі адзначаныя ўжо 342 адносна буйныя населеныя пункты (гарады і мястэчкі — так тады прынята было называць невялікія гарады накшталт сучасных пасёлкаў гарадскога тыпу).
У перыяды Полацкага княства і незалежнага Вялікага Княства Літоўскага наўмысным перайменаваннем населеных пунктаў на тэрыторыі нашай краіны практычна ніхто не займаўся. Вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі. Так, у XV стагоддзі Крутагор’е, якое існавала з XII стагоддзя, стала Койданавам — імаверна, у гонар нейкага з татарскіх вяльможаў, якіх у той час запрасіў у ВКЛ вялікі князь Вітаўт.
У перайменаваннях проста не было ніякай практычнай неабходнасці — ды і занятак гэта няпросты. Ён заўсёды спалучаны з прыкметнымі выдаткамі і з мноствам нязручнасцяў для жыхароў. Напрыклад, у пачатку 1990-х вяртанне гістарычных назваў перайменаваным за савецкім часам гарадам абышлося ў мільёны старых савецкіх рублёў (пры тым, што камерцыйны курс даляра да канца года складаў 1,8 рубля за даляр). Напрыклад, перайменаванне сталіцы Кыргызстана з Фрунзе ў Бішкек абышлося ў 42,6 млн рублёў. У Расіі перайменаванне Куйбышава ў Самару каштавала 66,7 млн рублёў, а Калініна ў Цвер — 42,7 млн рублёў. Ва Украіне Жданаву вярнулі гістарычную назву Марыупаль за 28 млн рублёў, і нават на перайменаванне невялікага Белакаменска ў Інкерман пайшоў 1 млн.
Іншая рэч, што з цалкам натуральных прычын (адрозненні ў напісанні і фанетыцы, гістарычныя асаблівасці) назвы адных і тых жа населеных пунктаў маглі прыкметна адрознівацца ў розных мовах. Па меры збліжэння Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, асабліва пасля стварэння федэратыўнай дзяржавы Рэч Паспалітая ў 1569 годзе, на беларускіх землях паступова пашыралася сфера ўжывання польскай мовы. У сувязі з гэтым нейкая частка нашых продкаў — напрыклад, каталіцкае духавенства або паланізаваная шляхта — пачалі называць старадаўнія беларускія гарады на новы, польскі, манер.
Так, напрыклад, Менск (тады — цэнтр аднаго з ваяводстваў ВКЛ) ператварыўся для іх у Mińsk (Міньск) — паводле сугучча з размешчаным непадалёк ад Варшавы Міньскам-Мазавецкім. А каб не блытаць два Міньскі, Менск наогул стаў вядомы як Міньск-Літоўскі.
Іншым вядомым прыкладам стаў Наваградак, у якім пад уплывам польскай мовы корань «град» змяніўся на «груд» — і ў выніку з’явіўся Nowogródek («Новогрудэк»). Пры гэтым аўтары картаў таго часу карысталіся, як правіла, лацінскім алфавітам — як у выпадку з той жа Радзівілаўскай картай, якую стварылі паляк Томаш Макоўскі і галандзец Гесэль Герыціс. Адпаведна, як мінімум з XVII стагоддзя дакументальна замацоўвалася ўжо польскае вымаўленне назваў многіх беларускіх населеных пунктаў, уключаючы Міньск (куды падзеўся мяккі знак, мы раскажам ніжэй).
Пад уплывам тых самых працэсаў «апалячыліся» і іншыя беларускія назвы. У многіх з іх традыцыйнае для беларускай мовы поўнагалоссе замянілася на польскія няпоўнагалосныя формы (параўнайце, напрыклад, беларускае «малако» і польскае mleko (а таксама «варона» — wrona, «дарога» — droga, «кароль» — król). Так Бярэсце-Берасце ператварылася ў Brześć (Бжэсьць), Горадня — у Grodno, Дарагічын — у Drohiczyn, а Каралёўшчына — у Królewszczyzna (Крулевшчызна).
Пры гэтым для большасці продкаў беларусаў, якія працягвалі размаўляць на сваёй старабеларускай мове (сучасная навуковая назва для роднай мовы ўсходнеславянскага насельніцтва ВКЛ з XIV да XVIII стагоддзя), нічога не змянялася. Форма «Менск» па-ранейшаму выкарыстоўвалася ў афіцыйных дакументах ВКЛ да XVIII стагоддзя.
Другая хваля: русіфікацыя Беларусі праз польскія назвы
У канцы XVIII стагоддзя Беларусь у выніку трох Падзелаў Рэчы Паспалітай была захопленая Расіяй. Новыя ўлады пачалі мяняць мясцовыя назвы ўжо на рускамоўны лад. Прычым за аснову для перакладу бралі не спрадвечную беларускую назву, якую маглі пачуць ад мясцовых жыхароў, — а польскую, якую знаходзілі на картах ці ў афіцыйных польскамоўных дакументах. Праз такі падвойны «пераклад» (спачатку са старабеларускай мовы на польскую, а потым з польскай на рускую) спрадвечныя назвы некаторых беларускіх населеных пунктаў сказіліся яшчэ больш.
Напрыклад, у польскай мове (як і ў беларускай лацінцы) для гукаў, якія ў сучасных кірылічных алфавітах перадаюцца літарай «ё», выкарыстоўваецца спалучэнне літар «io». У выніку беларускія Мёры ў польскай ператварыліся ў Miory. Расіяне ж, зрабіўшы паўторную транслітарацыю, сказілі ўжо не толькі напісанне, але і вымаўленне — так на карце Беларусі з’явіліся Миоры. Падобная сітуацыя была з горадам Лёзна, які знаходзіцца ў супрацьлеглай частцы Віцебскай вобласці, — толькі польская мова тут была ўжо ні пры чым. Рэч у тым, што ў рускай мове літара «ё» тады толькі пачынала выкарыстоўвацца, і для перадачы адпаведнага гуку нярэдка ўсё яшчэ выкарыстоўвалася спалучэнне «іо». Так горад ператварыўся ў Лиозно.
У гэты ж перыяд Менск, прайшоўшы падобную падвойную трансфармацыю праз Mińsk, стаў у рускай мове Минском. Берасце праз Brześć ператварылася ў Брест (ці Брест-Литовский), Горадня праз Grodno стала Гродно, Дарагічын праз Drohiczyn стаў Дрогичином, а Каралёўшчына праз Królewszczyzna — Крулевщиной.
Такая падвойная русіфікацыя-паланізацыя беларускіх назваў прывяла да таго, што многія з іх сталі немілагучнымі — і нават абразлівымі. Як сцвярджаў Леанід Лыч (доктар гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН, а ў 1992−1996 гадах — старшыня тапанімічнай камісіі пры Вярхоўным Савеце Беларусі), менавіта праз гэтую ненатуральную трансфармацыю старадаўні беларускі Прапошаск у XIX стагоддзі стаў Пропойском. І з’явіліся вёскі з недарэчнымі назвамі накшталт Дурневічаў. У XX жа стагоддзі, замест таго каб выправіць памылкі, такія крыўдныя назвы вырашылі проста замяніць (у выпадку Прапойска — на Слаўгарад). Але да гэтага мы вернемся крыху пазней.
У адрозненне ад часоў Рэчы Паспалітай, калі польская форма назваў гарадоў выкарыстоўвалася ў першую чаргу носьбітамі польскай мовы, пасля русіфікацыі беларускай тапанімікі праз польскія назвы яны пачалі пранікаць і назад у беларускую мову (той жа Мінск з канца 1930-х гадоў — Мінск і ў беларускай).
Гэта, як адзначае філолаг Вінцук Вячорка, у некаторых выпадках прыводзіць да пэўных лінгвістычных праблем. Напрыклад, назва «Брэст» у беларускай мове страціла свой першапачатковы корань і застаецца ізаляваным, чужародным і нязручным для словаўтварэння. Заканчэнне на «ст» для беларускіх населеных пунктаў — вельмі рэдкае, праз што складана прыдумаць вытворную ад «Брэста» форму для назвы жыхароў горада. У рускай мове без асаблівых праблем прыдумалі слова «брестчанин». Але калі пайсці гэтай дарогай у беларускай, атрымаўся б абсалютна ненатуральны «брашчанін» — ды яшчэ і сугучны з коранем слова «брэша». Таму для беларускай мовы ў якасці «мыліцы» была прыдуманая даволі нязграбная форма «брастаўчанін». У той час як для першапачатковай, беларускай формы назвы Брэста існуюць зручныя і натуральныя катайконімы «берасцянін» і больш чым сучасны «берасцеец».
Трэцяя хваля: савецкае замест беларускага
Ні польскі, ні царскі наступ на беларускую тапаніміку не ідуць ні ў якае параўнанне з тым, што адбылося ў гады савецкай улады. Тут часта гаворка ішла ўжо не пра рознае гучанне адных і тых жа назваў у розных мовах — а пра поўную адмову ад гістарычных назваў і замену іх новымі, абумоўленымі ў першую чаргу ідэалагічнымі матывамі.
Бальшавікі ўзяліся за перайменаванне беларускіх населеных пунктаў адразу пасля захопу ўлады. Але спачатку яно праходзіла даволі павольна. Першай іх ахвярай стала вёска Раманава на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна — яе перайменавалі ў Леніна. Праз тры гады тая ж доля спасцігла яшчэ адно Раманава — у Слуцкім раёне. Відавочна, што населеныя пункты перайменавалі праз сугучнасць назваў з царскай дынастыяй Раманавых, зрынутай у 1917 годзе, — але ніякай гістарычнай сувязі з ёю назвы абедзвюх вёсак не мелі.
100 гадоў таму, у пачатку 1920-х, Савецкая Беларусь трапіла пад удар антырэлігійнай кампаніі. У яе рамках карта рэспублікі страціла многія вёскі з назвамі накшталт Царкоўшчына ці Папоўшчына. У 1923 годзе старадаўні горад Ігумен (упершыню згадваецца пад гэтай назвай у 1387 годзе) стаў Чэрвенем. Непажаданую для новай улады царкоўную назву замянілі ў гонар даты 26 чэрвеня 1920 года, калі бальшавікі занялі горад падчас савецка-польскай вайны.
Працягнуліся перайменаванні і ў пачатку 30-х гадоў. Напрыклад, у 1931 годзе Каралін стаў Ельскам, а ў 1932 годзе Койданава (нагадаем, ужо раней перайменаванае з Крутагор’я) ператварылася ў Дзяржынск — у гонар памерлага за шэсць гадоў да гэтага стваральніка савецкай карна-рэпрэсіўнай машыны Фелікса Дзяржынскага. А ў 1935 годзе вёска Качэрычы разам з суседнімі хутарамі стала пасёлкам Кіраўск — у гонар забітага ў 1934 годзе савецкага дзеяча Сяргея Кірава.
Але ўсё гэта было толькі размінкай. Разагналася савецкая ўлада ў 1938−1939 гадах, калі на піку сталінскіх рэпрэсій і барацьбы з нацыянальна-дэмакратычным рухам у Беларусі перайменавалі 67 населеных пунктаў. Акурат у гэты перыяд Минск ператварыўся ў Мінск і на беларускай мове — да 1939 года па-беларуску ён называўся Менск.
Пасля суўдзелу СССР у нападзе на Польшчу і далучэння да БССР Заходняй Беларусі хваля перайменаванняў перакінулася і на яе тэрыторыю. Так, у 1940 годзе ўлады русіфікавалі назву беларускага мястэчка Янаў у Брэсцкай вобласці — у Іванава.
Працягнуліся перайменаванні і пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. У 1945 годзе нібыта пасля хадайніцтва «працоўных горада Прапойска» Слаўгарадам стаў старадаўні беларускі Прапошаск (які, як мы памятаем, да гэтага ператварыўся ў Прапойск стараннямі польскіх і расійскіх перакладчыкаў). Магчыма, прычынай гэтага перайменавання сапраўды стала немілагучная назва. Ва ўспамінах савецкага генерала Аляксандра Гарбатава ёсць згадка пра даклад камандзіра 362-й дывізіі Васіля Далматава, які прасіў не называць яго злучэнне «Прапойскай дывізіяй» пасля вызвалення ёю горада.
Таксама ў пасляваенны перыяд (у 1954 годзе) пасёлкам Кастрычніцкі стала вёска Рудабелка (з далучанымі Карпілаўкай і Рудняй).
У 1961 годзе кампартыя Савецкага Саюза паставіла мэту пабудаваць камунізм у СССР за наступныя 20 гадоў. У Беларусі гэта прывяло да яшчэ адной кампаніі па перайменаванні населеных пунктаў — бо ўлады выявілі ў рэспубліцы населеныя пункты з такімі назвамі, з якімі ў камунізм, на іх думку, ісці было проста сорамна. Так Шацілкі ў 1961 годзе сталі Светлагорскам, а Дрыса ў 1962 годзе — Верхнядзвінскам. Апошні змяніў назву пасля візіту ў горад першага сакратара ЦК КПБ Кірыла Мазурава, які палічыў гістарычную назву зневажальнай.
А ў 1964 годзе назвы памянялі адным залпам адразу тромстам беларускім населеным пунктам. Вёскі з «антыкамуністычнымі» і «абразлівымі» назвамі Авечкі, Паўшляхта, Ракаедаўшчына, Свінкі атрымалі новыя назвы накшталт Ягадная, Пераможная, Садовая, Вішнёўка, Ураджайная, Ліпавая, Сонечная.