Рускі дом у Гомелі ўзначаліла пуціністка і прыхільніца «ЛНР» і «ДНР»

Расійскія ўлады інтэнсіфікавалі працу на беларуска-ўкраінскім памежжы: у Гомелі прызначаная новая кіраўнічка так званага Рускага дому.

Фота newsgomel.by

Фота newsgomel.by

Як распавядае выданне «Штодзень», новапрызначаная кіраўнічка — Вольга Бараненка, юрыстка паводле адукацыі, член Грамадскага савету пра Мінлічбы Расіі. У сацыяльных сетках у яе допісы пра Дзень перамогі на 9 траўня і свяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Дзіўны факт, што сацыяльныя сеткі ў новай кіраўнічкі Рускага дому з’явіліся зусім нядаўна. Ва «УКантакце» першы яе допіс быў зроблены ў 2021 годзе, калі яна пачынае актыўную палітычную дзейнасць (напярэдадні, у 2020-м, яе абіраюць у грамадскі савет пры Мінлічбы Расіі і яна становіцца фіналісткай конкурсу «Лідары Расіі. Палітыка»). І распачынае яна свае актыўныя допісы ў расійскай сацсетцы з гісторыі пра свайго падапечнага, выпускніка дзіцячага дома, які запрасіў на вяселле Пуціна і атрымаў пуцёўку ў Сочы.

На сваёй старонцы ва «УКантакце» яна віншуе беларусаў з лукашэнкаўскім Днём незалежнасці 3 ліпеня і такім жа афіцыйным Днём яднання народаў Беларусі і Расіі.

Таксама напярэдадні нападу Расіі на Украіну (22 лютага 2022) Вольга Бараненка напісала пра прызнанне так званых «ДНР» і «ЛНР» Пуціным.


Глядзіце таксама

Тое, што ў апошні год у Грузіі і Беларусі інтэнсіфікавалі працу прадстаўніцтвы Рассупрацоўніцтва, адзначае загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзелу Украінскага інстытуту Надія Коваль. Украінскі інстытут у свой час выпусціў даследаванне пра дзейнасць Рускіх дамоў пад назвай «Рассупрацоўніцтва: нясцерпная жорсткасць «мяккай сілы». Паводле даследавання, Рассупрацоўніцтва (і рускія дамы як прадстаўніцтвы Рассупрацоўніцтва) — гэта «ідэалагізаваная і жорстка іерархічная структура, якая праводзіць ідэі, што патрэбныя расійскаму рэжыму».

На думку Надіі Коваль, прызначэнне новай кіраўнічкі можа азначаць узмацненне вертыкалі і, хутчэй за ўсё, кансалідацыю ўпраўлення ў ключавых краінах.

— Другі варыянт — яны змяшчаюць акцэнты ў працы з «культуры і балалаек» на нейкія сучасныя тэхналагічныя штукі, якія б маглі быць цікавымі для моладзі, вынаходніцтвы, айці, дасягненні Расіі ў высокатэхналагічных сферах, нейкія стажыроўкі і азнаямленчыя паездкі. Можа, таму і прызначаная гэтая кіраўнічка з Мінлічбы.

Пасля фальсіфікацыі ў 2020 годзе прэзідэнцкіх выбараў і распачатых у краіне масавых рэпрэсій рэжым Лукашэнкі аказаўся ізгоем на Захадзе, але знайшоў палітычны і эканамічны паратунак у Расіі. Дзеля захавання ўлады Лукашэнка цяпер з’яўляецца дэ-факта васалам Крамля, цалкам падзяляючы і ажыццяўляючы ў Беларусі прарасійскую палітыку. У той час як у краіне знішчаецца ўсё нацыянальна арыентаванае і празаходняе, прысутнаць Расіі няўхільна ўзрастае.