«Славянскае братэрства» — траянскі конь «рускага свету»

«Адзінства славян» — канструкт прапаганды, якая робіць выгляд, быццам іншых славян, акрамя рускіх, не існуе.

Ілюстрацыйнае фота: Midjourney

Ілюстрацыйнае фота: Midjourney


Беларуская дзяржпрапаганда апелюе да «славянскага братэрства», абгрунтоўваючы справядлівасць пазіцыі Расіі і Беларусі ў канфлікце з Украінай і Захадам. Але калі прыгледзецца, то «славянскае братэрства» — дзіўны, унутрана супярэчлівы выраз.

«Мы бачым, як на нашых вачах кардынальна мяняецца светабудова. Захад спрабуе ўтапіць у крыві славянскае братэрства і ўтрымаць сваё дамінаванне ўсімі спосабамі. Умацоўваецца вайсковая інфраструктура, каля меж Саюзнай дзяржавы засяроджваюцца войскі NATO», заявіў 20 траўня так званы міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Пад «славянскім братэрствам», мяркуючы па гэтым і папярэдніх падобных выказваннях, маецца на ўвазе беларуска-расійская інтэграцыя з прэтэнзіяй на ўключэнне ў яе Украіны — канцэпцыя трыадзінага рускага народа. Але справа не проста ў падмене паняццяў. Падцягваюцца дадатковыя сэнсы. Выраз апелюе да славянства як агульнасці, змацаванай роднаснымі сувязямі. Такім чынам, вайна паміж Расіяй і Украінай — братазабойчая, архетыпова асабліва грахоўная (як забойства Авеля Каінам). Невыпадкова выбраны словы «ўтапіць у крыві», бо гэта «братэрская кроў».


Пры гэтым віна за грэх ускладаецца на Захад як трэці бок, які падтрымлівае Украіну і «акупаваны англасаксамі», а не на Расію, што ўварвалася на ўкраінскую тэрыторыю і захапіла яе — гэта змяшчэнне акцэнту з сапраўднага ініцыятара агрэсіі і парушальніка меж на заступніка пацярпелага боку.

«Захад спрабуе ўтапіць у крыві славянскае братэрства» — гэта магутны міф, архетыпова зараджаны наратыў. Але пры гэтым ён складзены з сімулякраў, злепленых маніпуляцыямі, піша «MediaIQ».

Адкуль узялася ідэя славянскага братэрства? І навошта?

Ідэя аб'яднання ўсіх славян на аснове этнічнай, культурнай і моўнай супольнасці зарадзілася яшчэ ў Сярэднявеччы, але развілася ў XIX стагоддзі ў ходзе станаўлення сучасных еўрапейскіх — у тым ліку славянскіх — нацый, а таксама як зваротная рэакцыя на пангерманізм.

Развіваючы ідэю, у Расійскай імперыі, вядома ж, не сумняваліся ў тым, хто павінен узяць на сябе ролю інтэгратара. Вось што пісаў, напрыклад, Фёдар Дастаеўскі:

«Выгада Расіі, менавіта калі трэба, пайсці нават і на відавочную нявыгаду, на відавочную ахвяру, абы не парушыць справядлівасці. Не можа Расія змяніць вялікай ідэі, завешчанай ёй шэрагам стагоддзяў. Гэта ідэя ёсць усёадзінства славян. У гэтым уся будучыня рускага прызначэння».

Пры гэтым пісьменнік адзначаў: «няма чаго нам хаваць ад саміх сябе, што нас, рускіх, вельмі нават многія са славян зусім і не любяць, лічаць нас ледзь не варварамі». Але стаяў на сваім:

«Зразумеюць калі-небудзь народы славянскія ўсю праўду рускай бескарыслівасці. Велізарнасць і магутнасць рускага яднання не будуць ужо бянтэжыць і палохаць іх, а, наадварот, прыцягнуць іх захапляльна».


У XIX стагоддзі, у часы росквіту панславізму, Расійская імперыя пад эгідай славянскага братэрства падтрымлівала, напрыклад, Балгарыю і Сербію ў супрацьстаянні з Турцыяй, а Чэхію — з Аўстра-Венгрыяй. Але пры гэтым адносіны з бліжэйшымі «братамі» складваліся горш. Напрыклад, Масковія (і пасля Расійская імперыя) стагоддзямі ваявала з Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай, якія ў выніку захапіла — а пасля захопу душыла ў тым жа XIX стагоддзі нацыянальныя паўстанні.

У XX стагоддзі таксама не ўсё было гладка: і савецка-польская вайна 1919-1921 гадоў, і пачатак Другой сусветнай з нападам СССР на Польшчу ў 1939 годзе, і канфлікт з Югаславіяй у 1956 годзе, і падаўленне «Пражскай вясны» ў 1968-м…

Зрэшты, некаторыя не бачылі супярэчнасці ў канфліктах паміж братамі. «Кіньце: гэта спрэчка славян паміж сабою, дамашняя, старая спрэчка, ужо ўзважаная лёсам», — пісаў рускі паэт Аляксандр Пушкін пра паўстанне 1830-1831 гадоў на далучанай да Расіі тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, заклікаючы еўрапейцаў не лезці ў славянскія разборкі.

Сучасныя выказванні пра славянскае братэрства ў беларускіх медыя належаць дыскурсу расійскай прапаганды. А ў гэтым разуменні, як відаць і з выказванняў рускіх класікаў, і з сучаснай рыторыкі наконт нападу на Украіну, славянскае братэрства — гэта не саюз роўных, а падпарадкаванне ўсіх славян Расіі.

З чаго б прыналежнасць да славян — гэта наогул аргумент для палітычнага аб'яднання?

Славяне — гэта група народаў, этналінгвістычныя агульнасць. Славянскія народы сапраўды ў некаторай меры аб'яднаны старажытнай гісторыяй, мінулым, паходжаннем. Але нават у панславянскім XIX стагоддзі ўжо было заўважна, што са старажытных часоў нашы народы пражылі свае гісторыі вельмі па-рознаму.

Тым больш незразумела, чаму ў сучасным глабалізаваным свеце агульнае гістарычнае паходжанне павінна быць абавязковай падставай для палітычнай інтэграцыі. Са старажытных часоў плямёны трансфармаваліся ў народы, а потым і ў нацыі, назапасіўшы адрозненні ў ходзе развіцця. Агульнае паходжанне можа быць спадарожным спрыяльным фактарам сучаснай інтэграцыі, вядома. Але не адзіным і не галоўным, не стрыжнёвым.

Тут больш важна гаварыць пра фактары падабенства сучасных культур, эканомік, грамадскіх мадэлей, дзяржаўнага ладу. А не пра старажытнае паходжанне і падабенства моў.


Апеляцыя ж да крэўнага сваяцтва — яшчэ больш недарэчная падстава для палітычнай інтэграцыі. Ад крэўнага сваяцтва славянскіх народаў сёння засталося, мабыць, не так ужо і шмат. Міграцыя і змешванне народаў заўсёды існавалі, але ў нашай сучаснасці, з небывалым развіццём транспарту і камунікацый, гэтыя працэсы ідуць яшчэ больш інтэнсіўна.

Сёння нацыянальнасць — гэта пытанне не генаў і крыві, а самаідэнтыфікацыі. Калі ў Беларусі праходзіць перапіс насельніцтва, чалавек сам выбірае, кім сябе называць: ніхто не патрабуе ад яго генетычны пашпарт і не пытаецца пра нацыянальнасць бацькоў. Напрыклад, падчас перапісу 2010 года 66 жыхароў Беларусі назвалі сябе ліцвінамі — гэта значыць, аднеслі сябе да ВКЛ.

І калі ўжо звяртацца да гісторыі, то славяне пастаянна ваявалі паміж сабой — пачынаючы ад міжплемянных канфліктаў і заканчваючы сённяшняй расійска-ўкраінскай вайной. А калі казаць пра братэрства, то нярэдка менавіта крэўныя сярэднявечныя браты-князі змагаліся паміж сабой за ўладу.

Паўторым: сучасныя дзяржавы і нацыі маюць куды больш важныя для інтэграцыі крытэрыі, чым старажытнае мінулае ці падабенства моў.

Інакш чаму б не ўспомніць, напрыклад, пра фіна-ўгорскае братэрства? Тады для гарманічнага развіцця і прыемнага геапалітычнага самаадчування Венгрыі варта аб'яднацца з Фінляндыяй і Эстоніяй, а таксама адняць у Расіі Карэлію, Удмурцію і яшчэ парачку рэгіёнаў.

Нарэшце, не зашкодзіла б пацікавіцца жаданнем народаў інтэгравацца — гэта больш важна, чым прыцягнутая за вушы «гістарычная місія».

Ад «славянскага братэрства» патыхае «сапраўдным арыйствам»

Зрэшты, у XX стагоддзі быў палітычны рэжым, для якога пытанні чысціні крыві былі першарадныя — гэта нацысцкі рэжым у Германіі. Нападаючы на суседнія краіны і захопліваючы іх, Адольф Гітлер хацеў аб'яднаць усю германскую нацыю ў адной дзяржаве, тады як іншыя нацыі знішчаліся. Звяртаючыся да ідэі славянскага братэрства для абгрунтавання захопу Украіны, расійскі рэжым у чымсьці прыпадабняецца таму самаму свайму архетыпічнаму ворагу, на супрацьпастаўленні з ідэямі якога будуе антыўкраінскую прапаганду.

Дарэчы, пра ворагаў. Расійская прапаганда — а следам за ёй і беларуская — бачыць ворагаў у «англасаксах» (зноў жа, заўважым, вызначаючы ворагаў па нацыянальнай прыкмеце). Але гэта яшчэ больш недарэчна, чым апеляваць да славянскага братэрства. Англы і саксы — гэта старажытныя плямёны, накшталт крывічоў і радзімічаў, якія яшчэ ў Сярэднявеччы зліліся ў ангельцаў. А сённяшнія заходнія краіны — і зусім шматнацыянальныя і мультыкультуральныя. Нагадаем, што цяперашні прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак мае пенджабскае паходжанне і індуісцкае веравызнанне. А нядаўні прэзідэнт ЗША Барак Абама — афраамерыканец. Калі «англасаксы» сёння і існуюць, то справы ў іх відавочна ідуць не вельмі.

У траянскім кані «славянскага братэрства» хаваецца «рускі свет»

Гаворачы пра славянскае братэрства сёння, расійская і беларуская дзяржпрапаганда маюць на ўвазе не раўнапраўны саюз розных нацый, а пераход «маларосаў» і «беларусаў» пад крыло «вялікаросаў» і наступную іх асіміляцыю, адмову ад «штучных» нацыянальных моў на карысць рускай. Гэта значыць, на самой справе гаворка не пра «славянскае братэрства», а пра знакаміты трыадзіны рускі народ і «рускі свет». Гэта падмена паняццяў.

Асабліва прыгожа гучаць словы пра славянскае братэрства ў той час, калі траціна насельніцтва Расіі — не славяне. А бураты з чачэнцамі ваююць за «рускі свет» і «славянскае братэрства» ва Украіне.

Да таго ж прапаганда сёння чамусьці забывае пра паўднёвых і заходніх славян. Тады ўжо дакладней казаць «усходнеславянскае братэрства». Але ці то слова занадта доўгае, ці то нагадвае пра тое, што іншыя «браты» аддалі перавагу не АДКБ і ЕАЭС, а NATO і Еўрасаюзу... І якраз у той жа бок, на Захад, глядзіць Украіна.


Складваецца ўражанне, што падобна таму, як Расія экспрапрыявала слова «рускі», так яна спрабуе аслупаваць за сабой і манаполію на славянскасць. Але калі звярнуцца да старажытнай гісторыі, што так любяць рабіць у Расіі, то сталіцай Русі быў Кіеў, а не Масква. Па такой логіцы, можа, гэта Украіна павінна ўзяць на сябе геапалітычную місію аб'яднаць славян і рускія землі ў складзе ЕС і NATO ды ўціхамірыць маскоўскіх раскольнікаў?

Дарэчы, рускасць Масковіі ставілі пад сумнеў, напрыклад, у сярэднявечным Магілёве.

«Нягледзячы на той факт, што намі апрацаваны ўвесь масіў магілёўскіх магістрацкіх кніг за другую палову XVI-XVII стагоддзяў, аніводнага выпадку атаясамлівання ў гэтых крыніцах насельніцтва Маскоўскай дзяржавы з «Руссю» з боку магілёўскіх мяшчан намі не выяўлена. Наадварот, гэтыя два паняцці ў актавых кнігах паслядоўна разводзяцца і супрацьпастаўляюцца. Устойліва вызначаючы сябе «русінамі», «рускімі», «Руссю», як і сваю мову, кнігі і творы мастацтва, у дачыненні да суседзяў з усходу, магілёўскія мяшчане паслядоўна выкарыстоўвалі тэрміны «Масква», «масквічы», «маскалі», «маскавіціны», а іх мову, кнігі і рэчы называюць «маскоўскімі»,пісаў у 2018 годзе беларускі гісторык і парламентарый Ігар Марзалюк.

Сама канцэпцыя «трыадзінага рускага народа» з'явілася ў XVIII стагоддзі, калі Расія мела патрэбу ў ідэалагічным абгрунтаванні пашырэння імперыі: маўляў, не заваёўвае, а вяртае гістарычна сваё, тлумачыў гісторык Аляксандр Фрыдман. Гэты ж прыём выкарыстоўвае і сённяшняя расійская прапаганда, апраўдваючы чарговы віток імперскага росту.

«Славянскае братэрства» змацавана саюзам NATO: большасць славянскіх краін — у альянсе

Ну добра, дапусцім, славянскае братэрства — гэта ўсё ж рэальная з'ява. Тады пытанне: дзе больш славянскага братэрства — у АДКБ, у якім знаходзяцца дзве краіны з тытульнымі славянскімі нацыямі, або ў NATO, у якім такіх сем?

Славяне жывуць не толькі ў Беларусі, Расіі і Украіне, пра што быццам забываюць прапагандысты. Ёсць яшчэ Польшча, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Паўночная Македонія, Сербія, Харватыя, Славенія, Чарнагорыя — ва ўсіх гэтых краінах большасць насельніцтва складае аднайменны назве дзяржавы славянскі народ. Дарэчы, некаторыя з іх праваслаўныя, у некаторых кірылічная пісьменнасць.

Пры гэтым восем з трынаццаці славянскіх краін уваходзяць у NATO. Так што калі меркаваць па колькасці, то славянскае братэрства хутчэй змацоўваецца саюзніцкімі адносінамі ў NATO, чым у АДКБ, у якую ўваходзяць толькі дзве ўмоўна славянскія краіны — Расія і Беларусь (што жадаюць стаць адной Саюзнай дзяржавай). Умоўна славянскія — таму што Расія, нагадаем, з'яўляецца федэрацыяй. І са 146 млн жыхароў Расіі толькі каля 106,7 млн з'яўляюцца славянамі (105,6 млн рускіх і яшчэ каля 1,1 млн украінцаў, беларусаў і іншых славян). Ды і ва ўсіх іншых вышэйзгаданых краінах жывуць не толькі славяне.

Калі падсумаваць славянскае насельніцтва дзяржаў, то ў АДКБ значна больш славян (106,7 млн), чым у краінах NATO (65,3 млн). Але калі б Украіна, якая не ўваходзіць ні ў адзін з блокаў (46,4 млн), уступіла ў NATO, чыю падтрымку атрымлівае для абароны ад расійскай агрэсіі, то славян у краінах Альянсу і ў краінах АДКБ стала б прыкладна пароўну (нават на 5 млн больш славян у NATO: 106,7 млн супраць 111,7).

Так што з пункту гледжання арыфметыкі са славянскім братэрствам, як любяць прыгаворваць расійскія прапагандысты, усё не так адназначна.


Калі, вядома, не верыць усур'ёз у тое, што славянскія народы былі паняволены Захадам і загнаны ў NATO гвалтам і падманам... Зрэшты, пра тое, як гвалтам заганяць у саюзніцтва, маглі б лепш расказаць савецкія вайскоўцы, якія душылі «Пражскую вясну» ў 1968 годзе. А можа быць, і сучасная Расія, якая адной з прычын нападу на Украіну называе імкненне апошняй уступіць у NATO.

Высновы: паняцце «славянскае братэрства» некарэктнае, але выкарыстоўваецца для рашэння палітычных задач

У XIX стагоддзі Расія выкарыстала ідэю «славянскага братэрства» для абгрунтавання падпарадкавання ўсіх славян. Сёння апетыты паменшыліся да Беларусі і Украіны.

«Славянскае братэрства» — гэта сімулякр. Не існуе з'явы, якая сапраўды адпавядае гэтаму выразу. Але прапаганда выкарыстоўвае яго для маніпулявання людзьмі і як шырму для абгрунтавання палітыкі. Падаючы «славянскае братэрства» як падставу для палітычнай інтэграцыі, прапаганда стварае псеўдалагічную сувязь. Надзяляючы яго першараднай важнасцю як спрыяльны фактар і — змяшчае акцэнт. Называючы так беларуска-расійскую інтэграцыю, падмяняе паняцці. Выключаючы са «славянскага братэрства» арыентаваныя на Захад славянскія народы, падтасоўвае факты.

Старажытная гісторыя, генетыка і сучасная ідэнтычнасць — розныя рэчы, яны не звязаны паміж сабой непасрэдна. Свет складаны. Прапаганда спрашчае, каб расколваць. Настройваць «сваіх» супраць «чужых», чый варожы вобраз таксама сканструяваны праз спрашчэнне.