«Ходзяць з партрэтам Лукашэнкі». Хто стаіць за арганізацыяй беларускіх рашыстаў «Славянскі альянс»
На пачатку красавіка 2023 года ў Мінску адбылася канферэнцыя пад назвай «Идея единой Руси!», на якой сабраліся рознага кшталту «рускамірцы» — ад «раднавераў» да камуністаў і проста фрыкаў. Сярод удзельнікаў быў Аляксандр Драгун з Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці, які ў апісанні канферэнцыі быў прадстаўлены як дырэктар ЦКДС «Славянскі альянс».
Згаданая арганізацыя была створана ва Украіне ў снежані 2016 года, яе афіцыйная назва на ўкраінскай мове — «Громадська організація «Центр культурного та ділового співробітництва «Слов’янський альянс». А заснавальнікамі яе сталі два чалавекі — Аляксандр Драгун і Віктар Камісарук. Выданне «M*ST» прыгледзелася да гэтых людзей.
Кіраўнік «Усеўкраінскага саюза беларусаў», які ўцёк у
Беларусь пасля 2014-га
Аляксандр Драгун вырас у Калінкавіцкім раёне, потым навучаўся ў вышэйшай навучальнай установе ў расійскім Ленінградзе. Там ён пазнаёміўся са сваёй жонкай Аленай, якая была з горада Каламыя ва Украіне, і ў 1995 годзе пасля вяселля пераехаў у Каламыю.
У 2013 годзе Аляксандр Драгун быў абраны на пасаду намесніка
старшыні «Усеўкраінскага саюза беларусаў». Гэты саюз быў створаны ў 2000 годзе,
ад 2013 года яго ўзначаліў былы супрацоўнік КДБ СССР Пётр Лайшаў. Менавіта
пасля змены старшыні «Усеўкраінскага саюза беларусаў» змяніўся і склад ягоных
намеснікаў, сярод якіх з’явіліся Драгун, а таксама згаданы вышэй Віктар
Камісарук.
Драгун доўгі час пражыў ва Украіне, а пасля з’ехаў у
Беларусь. У вёсцы Малыя Аўцюкі на Гомельшчыне заснаваў аграсядзібу «Усадьба
юмора». Там даўно праходзіць у Калінкавіцкім раёне фестываль гумару.
У 2019 годзе ў інтэрв’ю выданню «Планета Беларусь» Драгун
казаў, што прычынай вяртання стала прапанова купіць сядзібу і зрабіць з яе
«рэзідэнцыю» фестывалю гумару. Аднак аграсядзіба «Усадьба юмора» ў Аўцюках была
зарэгістравана ў жніўні 2012 года. Але ў чэрвені 2013 года, яшчэ знаходзячыся
ва Украіне, у інтэрв’ю Аляксандр Драгун казаў, што аб ад’ездзе ён не думае,
таму што ў Каламыі ягоная сям’я, там вырасла ягоная дачка. А ў адной з размоў
згадаў, што «перажыў ва Украіне дзве рэвалюцыі: 2004 года і апошнюю», то-бок
2014-га года.
І яшчэ адзін факт. У лютым 2012 года Драгун зарэгістраваў ва
Украіне фірму «Укрспецліт», якая павінна была займацца гандлем кнігамі і
выдавецкай дзейнасцю. Гэта фірма ў верасні 2012 года распаўсюдзіла запрашэнне
для ўкраінскіх выдавецтваў наведаць кніжны кірмаш у Маскве. Але ўжо ў
кастрычніку 2014 года фірма афіцыйна прыпыніла дзейнасць. Усё гэта паказвае,
што Аляксандр Драгун пакінуў Украіну і перабраўся ў Беларусь, хутчэй за ўсё, не
раней за 2014 год. І ад’езд мог быць звязаны з перамогай Майдана.
Дарэчы, згаданае вышэй інтэрв’ю ад 2019 года змяшчае яшчэ
некалькі несупадзенняў з іншымі крыніцамі. Па-першае, у артыкуле ад 2019 года
сказана, што Драгун з’ехаў з Беларусі напрыканцы 1990-х гадоў. Але ў іншых
размовах сцвярджаў, што прыехаў ва Украіну ў 1995 годзе, а да таго яшчэ вучыўся
ў Расіі.
Апроч таго, у інтэрв'ю 2019 года чамусьці месцам пражывання
Драгуна ва Украіне названы Кіеў, а не Каламыя, дзе ён сапраўды жыў. А што ён
жыў менавіта ў Каламыі, пацвярджаецца регістрацыйнымі данымі фірмы
«Укрспецліт».
Аднойчы Драгун згадаў, што пасля пачатку ўзброенай агрэсіі
Расіі супраць Украіны ў 2014 годзе ў ягонай сядзібе ў Аўцюках жылі «бежанцы».
Удалося знайсці інфармацыю пра адну сямейную пару такіх «бежанцаў» — Ігар і
Святлана Грыцай. Да пераезду ў Беларусь яны жылі ў горадзе Папасная Луганскай вобласці
Украіны. Ігар Грыцай мае два акаўнты ў сацсетцы «Аднакласнікі», адзін з іх
вёўся да 2019 года, другі вядзецца ад 2019 года. Абодва яны напоўнены шматлікай рашысцкай прапагандай агрэсіі і забойстваў. А 2019 год прыкметны ў
гэтым выпадку яшчэ і тым, што ў «навейшым» сваім акаўнце Ігар Грыцай указаў,
што ён нібыта з 2019-га служыць на «КПП Николаев». Пошук паказаў, што ва
Украіне існуе аддзел памежнай службы «МІкалаеў» (ВПС «Миколаїв») у складзе
Херсонскага памежнага атрада.
У 2021 годзе чальцы «Беларускага славянскага камітэта»
абгаворвалі планы правесці ў аграсядзібе ў Аўцюках фестываль славянскай
культуры ў маі 2022-га. Але ніякіх згадак пра тое, што такі фестываль адбыўся,
няма. Магчыма, прысутнасць у Калінкавіцкім раёне расійскіх вайскоўцаў у 2022
годзе не спрыяла правядзенню фестываляў.
Дарэчы, сярод прадстаўнікоў «Беларускага славянскага
камітэта», што абмяркоўвалі гэтае пытанне, быў і Віктар Камісарук, які
з’яўляецца чальцом прэзідыума праўлення «Беларускага славянскага камітэта».
«Яны ходзяць з партрэтам Лукашэнкі»
Пра Віктара Камісарука вядома значна менш, чым пра Аляксандра Драгуна. Ва ўсіх «славянскіх» мерапрыемствах, дзе ён згадваецца, пазначана, што ён жыве ў Харкаве.
Яшчэ ў 2000 годзе, то-бок практычна адначасова з узнікненнем
«Усеўкраінскага саюза беларусаў», Віктар Камісарук зарэгістраваў ва Украіне
грамадскую арганізацыю «Усеўкраінскае аб’яднанне «Беларусь». Арганізацыя
існуе дагэтуль, мае або мела некалькі аддзяленняў у розных абласцях Украіны, у
тым ліку ў Крыме. У 2003 годзе беларусы з севастопальскай суполкі імя Максіма
Багдановіча так апісвалі дзейнасць «Усеўкраінскага аб’яднання «Беларусь»: «Яны
ходзяць з партрэтам Лукашэнкі».
У кіраўніцтва «Усеўкраінскага саюза беларусаў» Віктар Камісарук пазней таксама ўвайшоў
— як згадана вышэй, пасля таго, як старшынёй саюза стаў выхадзец з КДБ СССР
Пётр Лайшаў.
Віктар
Камісарук рэгулярна ўдзельнічае ў мерапрыемствах на тэму «ўз’яднання
славянскага свету» і «адзінай Русі». У сакавіку 2017 года ён, апрача іншых,
падпісаў складзены на адной з такіх канферэнцый зварот да Лукашэнкі і Пуціна
зрабіць 2017 год «годам рашучых крокаў на шляху інтэграцыі Беларусі і Расіі ў
Саюзную дзяржаву, а таксама далучэння да яе іншых краін постсавецкай
прасторы».
Інфармацыі,
якая тычыцца біяграфіі Віктара Камісарука, даволі няшмат.
Па-першае, ёсць згадка ў расійскім чарнасоценным выданні
«Русская народная линия», дзе ён названы палкоўнікам. То-бок, імаверна, Віктар Камісарук з’яўляецца былым або дзеючым кадравым вайскоўцам ці супрацоўнікам
сілавой структуры.
Па-другое, Віктар Камісарук у 2014 годзе як намеснік
старшыні «Усеўкраінскага саюза беларусаў» накіраваў віншаванне з днём перамогі
ў адрас «старшыні саюза ветэранаў СБУ Аляксандра Іванавіча». Удалося
высветліць, што адрасат гэтага віншавання — кіраўнік украінскай грамадскай
арганізацыі «Саюз ветэранаў СБУ» Харкаўскай вобласці Аляксандр Часнакоў.
Паводле даных сайта «Міратворац», Аляксандр Часнакоў, былы супрацоўнік
украінскіх спецслужбаў, з'яўляецца агентам расійскай ФСБ.