Беларускія агенты ва Украіне: «кансервы» і «ў стылі фаст-фуд»

Пра затрыманне ў Ровенскай вобласці агента беларускіх спецслужбаў 2 чэрвеня паведаміла Служба бяспекі Украіны. Ім аказаўся грамадзянін РБ з пастаянным відам на жыхарства ва Украіне. Мужчыну падазраюць у тым, што ён абыходзіў памежную тэрыторыю, назіраў за перамяшчэннем украінскай арміі і перадаваў звесткі ў РБ.

62807406_1004.jpg


У беларускім КДБ заявілі, што пра затрыманне ведаюць, але каментаваць яго адмовіліся.

«Яго (затрыманага) асноўнай задачай быў пошук і збор звестак аб фартыфікацыйных збудаваннях на тэрыторыі Ровенскай вобласці, аб перамяшчэнні і колькасці войскаў», — пракаментаваў «DW» вайсковы эксперт Украінскага інстытута будучыні, кансультант камітэта Вярхоўнай рады ў пытаннях нацбяспекі і абароны, былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.


Беларусь арганізавала назіранне па просьбе «старэйшага брата»

Са слоў суразмоўцы «DW», таксама беларускім спецслужбам цікавыя грамадскія настроі ў памежным украінскім рэгіёне. Эксперт лічыць, што РБ верагодна арганізавала назіранне «не толькі ў сваіх інтарэсах, а, хутчэй за ўсё, па просьбе «старэйшага брата» — ФСБ».

Ступак мяркуе, што расследаванне па гэтай справе будзе завершана на працягу года, грамадзянін РБ можа атрымаць «гадоў 15 турмы». «Можа трапіць і на абмен, калі беларускі бок будзе зацікаўлены ў ім», — не выключае суразмоўца.

Іван Ступак таксама пракаментаваў затрыманне ў красавіку двух грамадзян Беларусі ў Закарпацці. Мужа і жонку, якія жылі ва Украіне з 2013 года, падазраюць у дыскрэдытацыі ўкраінскай арміі і распальванні антысемітызму.

«Асобны від працы — пісаць каментары і разгойдваць грамадства з дапамогай троляў», — кажа эксперт. Паводле яго слоў, так званыя «ботафермы» ва Украіне раскрываюць «дзесьці раз у месяц». «Яны агітуюць, ствараюць вялікую колькасць псеўдакарыстальнікаў у Facebook», — адзначае Ступак.


Агенты ў стылі «фаст-фуд»

На пытанне, чаму меркаваныя агенты КДБ жылі ва Украіне цягам многіх гадоў і мясцовыя спецслужбы іх не раскрывалі, суразмоўца «DW» кажа, што яны былі «закансерваваныя, займаліся сваёй дзейнасцю» і не прыцягвалі ўвагі, хоць былі завербаваны даўно, магчыма, падчас паездкі ў Беларусь і на нейкім кампраметуючым матэрыяле. Зараз жа яны пачалі дзейнічаць актыўна, чым і прыцягнулі ўвагу СБУ.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, адзначае Ступак, з'явіліся і «агенты ў стылі фаст-фуд». Гэта людзі, якія выказваюць прарасійскія погляды ва ўкраінскіх пабліках і Telegram-каналах. З імі, як правіла, звязваюцца расійскія спецслужбы, просяць «пайсці даведацца, дзе блокпост, склад, куды «Леапарды» прыехалі».«Чалавек можа аказваць дапамогу альбо за грошы, альбо таму, што ненавідзіць «бандэраўцаў і англасаксаў» і гатовы дапамагаць бясплатна. Такіх хутка ловяць, таму што ў іх няма падрыхтоўкі», — кажа экс-супрацоўнік СБУ.


Пракрасціся ва ўкраінскі Кабмін КДБ не змог

Што тычыцца беларускай агентурнай сеткі ва Украіне, Іван Ступак упэўнены, што ў памежных з РБ рэгіёнах дакладна ёсць людзі, завербаваныя КДБ. «КДБ і памежнай службе вельмі важна ведаць, што знаходзіцца з нашага боку», — адзначае эксперт. У той жа час ён амаль упэўнены, што пранікнуць у колы вышэйшага палітычнага кіраўніцтва, да прыкладу, ва ўкраінскі Кабмін, беларускія спецслужбы не змаглі. «Гэта толькі Расія магла вербаваць у нашых спецслужбах і паліцыі», — дадае Ступак.

Акрамя таго, суразмоўца мяркуе, што ФСБ вярбуе беларусаў наўпрост, без удзелу спецслужбаў РБ, а таксама  што апошнія не стануць моцна пярэчыць, нават «калі будзе выяўлены факт вярбоўкі нейкага невялікага беларускага чыноўніка».


КДБ і ФСБ сачылі за ўдзельнікамі перамоў у Мінску?

Іван Ступак кажа, што да пачатку поўнамаштабнай вайны РФ ва Украіне СБУ «фіксавала цікавасць беларускіх спецслужбаў, але яны дзейнічалі акуратна» і «доказаў шпіянажу асабліва не было». «Некаторыя рэчы спускаліся на тармазах. Альбо, калі дыпламат, выправаджвалі», — распавядае суразмоўца.

Украінскія палітычныя дзеячы адчувалі на сабе пастаянную ўвагу з боку як КДБ, так і ФСБ, калі прыязджалі ў Мінск на перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. «Адчувалі сябе пад пільнай увагай з боку мясцовага КДБ і расійскага ФСБ, якое пачувалася прывольна. Баяліся казаць нешта ў гасцініцах, прымалі масу мер, каб супрацьстаяць праслухоўцы. Нашай дэлегацыі было вельмі складана», — успамінае Іван Ступак.