Сябры NATO могуць адправіць войскі ва Украіну — The Guardian
Былы кіраўнік Паўночна-атлантычнага альянсу Андэрс Расмусэн лічыць, што на саміце NATO неабходна даць Украіне гарантыі бяспекі, каб пазбегнуць эскалацыі і спрэчак паміж сябрамі арганізацыі.
«Гісторыя паказала, што пакідаць Украіну ў зале чакання NATO неабмежаваны час небяспечна», — папярэдзіў Андэрс Расмусэн. Пра гэта ён распавёў журналістам The Guardian.
Група краін NATO можа захацець размясціць войскі ва Украіне, калі краіны-сябры альянсу, у тым ліку ЗША, не дадуць Кіеву адчувальных гарантый бяспекі на саміце ў Вільні. Пра гэта заявіў былы генеральны сакратар NATO Андэрс Расмусэн.
Расмусэн быў афіцыйным дарадцам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага па пытаннях месца Украіны ў будучай архітэктуры еўрапейскай бяспекі. Ён наведваў Еўропу і Вашынгтон, каб ацаніць палітычныя настроі да пачатку саміту 11 ліпеня.
Расмусэн папярэдзіў, што нават калі група дзяржаў сапраўды дасць Украіне гарантыі бяспекі, іншыя не дапусцяць, каб пытанне пра будучае сяброўства Украіны ў NATO было знята з парадку дня ў Вільні.
Адметна, што цяперашні кіраўнік NATO Енс Столтэнберг заявіў: пытанне аб гарантыях бяспекі будзе стаяць на парадку дня ў Вільні, але дадаў, што NATO — у адпаведнасці з артыкулам 5 Вашынгтонскай дамовы — прадастаўляе паўнавартасныя гарантыі бяспекі толькі паўнапраўным сябрам.
Амбасадар ЗША ў NATO Джуліян Сміт заявіла: «Мы разглядаем шэраг варыянтаў, каб паказаць, што Украіна прасоўваецца ў сваіх адносінах з NATO».
Расмусэн сказаў: «Калі NATO не можа дамовіцца аб выразным шляху наперад для Украіны, існуе відавочная верагоднасць таго, што некаторыя краіны могуць прыняць меры ў індывідуальным парадку. Мы ведаем, што Польшча вельмі актыўна ўдзельнічае ў канкрэтнай дапамозе Украіне. І я б не выключаў, што Польшча яшчэ мацней уключыцца ў гэты кантэкст на нацыянальнай аснове, а за ёй — краіны Балтыі, магчыма, уключна з магчымасцю размяшчэння войскаў на зямлі».
«Я думаю, што палякі сур'ёзна задумаюцца аб тым, каб уступіць і стварыць кааліцыю ахвотнікаў, калі Украіна нічога не атрымае ў Вільні. Не варта недаацэньваць польскія пачуцці, палякі адчуваюць, што Заходняя Еўропа занадта доўга не прыслухоўвалася да іх перасцярог адносна сапраўднага расійскага менталітэту».
Расмусэн адзначыў, што для Украіны было б цалкам законна звярнуцца па такую вайсковую дапамогу.
Ён сказаў, што «пасля павольнага пачатку гэтыя ідэі цяпер набіраюць імпульс», у тым ліку ў Францыі.