Інфармацыйная вайна небяспечней за фізічную. Як уплывае расійская прапаганда на беларусаў?

Беларусы аказаліся пад перакрыжаваным агнём прапагандыстаў Лукашэнкі і Пуціна. Але, у адрозненне, ад расійцаў, крамлёўскія наратывы мы ўспрымаем менш. Чаму так адбываецца і як увогуле працуе прапаганда?

Беларусы менш паддаюцца ўплыву расійскай прапаганды, чым жыхары РФ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусы менш паддаюцца ўплыву расійскай прапаганды, чым жыхары РФ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


На беларусаў зараз працуе не толькі беларуская, але і расійская прапаганда — і яшчэ невядома, якая ўплывае больш. Ці вядома? Пра гэта «MediaIQ» размаўляла з палітолагам Вольгай Харламавай.

— Сёння, калі вайна ва Украіне ідзе ўжо год, мы разумеем, на што працавала расійская прапаганда апошнія дзесяць гадоў ці нават больш...

Так, я б казала, што не дзесяць гадоў, а больш. Умоўна кажучы, з 2014 года мы пачалі адсочваць, як працуе расійская прапаганда. Неяк да 2014 года тэмы расійскіх інфармацыйных войнаў і аперацый былі значна менш актуальныя. Хаця дастаткова ўзгадаць вайну ў Грузіі: калі мы сёння глядзім тыя навіны, тую інфармацыю, якую падавала расійская прапаганда, мы цудоўна бачым, што яна не ўзнікла ў 2014-м, а была ўжо ў 2008-м, прычым у дастаткова эфектыўным выглядзе.

І зразумела, што Крэмль рыхтаваўся не толькі да звычайнай, фізічнай вайны — ён рыхтаваўся яшчэ і да інфармацыйнай вайны, рыхтаваўся тэхнічна, метадалагічна, рыхтаваў сваю аўдыторыю, на якую будзе працаваць як унутры краіны, так і знешне.


— Вы кажаце пра эфектыўнасць гэтай прапаганды. А ці можна тое, што не атрымаўся бліцкрыг ва Украіне, лічыць правалам прапаганды ў тым ліку?

Можна. Перш за ўсё, таму што гэта не 2014 год, калі расійскія інфармацыйныя аперацыі, як і расійскі ўдзел у сітуацыі на Данбасе быў нечаканым. У 2021-2022 годзе ад Расіі чакаліся інфармацыйныя аперацыі.

— У якіх наратывах фармулюецца прапаганда нападу?

Самая галоўная методыка такой прапаганды — расчалавечванне ворага, таго, хто знаходзіцца па іншы бок ад расійскай прапаганды. Мы бачым, што ствараюцца не проста аналогіі, не проста міфы — ствараюцца вельмі ўстойлівыя пары: «украінец — фашыст», «Зяленскі — наркаман». Наша псіхіка своеасаблівым чынам успрымае такое ўздзеянне. Чалавек лянівы, нам часцей за ўсё не хочацца лішні раз думаць, таму што мысленне — гэта энергетычныя затраты. Што робіць наш мозг? Ён з дапамогай прапаганды стварае пэўныя міфы. Калі чалавек сутыкаецца з часткай міфа, ён пад гэтую частку аўтаматычна падганяе іншы канструкт, і ў яго атрымліваецца поўны наратыў, які дапамагае не згубіцца ў рэчаіснасці і робіць прапаганду эфектыўнай.


— Калі казаць пра нашу краіну, як паводзіць сябе расійская прапаганда на беларускім напрамку? Якая Беларусь — калі глядзець на яе вачыма расійскага прапагандыста?

А якая Беларусь? Няма ніякай Беларусі! Гэта яшчэ адзін наратыў: ёсць «брацкія народы», адзін народ. Таму расійскі атрымальнік інфармацыі не бачыць Беларусі, гэта «Северо-Западный край», «Белоруссія», «братья меньшие». Гэта частка Расіі, і аднаўленне гістарычнай справядлівасці — вярнуць гэтыя землі да вялікай Расіі. «Крым наш», якія пытанні?!

Можна гаварыць яшчэ і пра тое, што, калі з вуснаў асобных дзеячаў гучаць фразы кшталту «беларусы — гэта рускія са знакам якасці», мы самі дапамагаем расійскай прапагандзе быць эфектыўнай на беларускім рынку. На жаль, вельмі часта атрымліваецца так.

— Ці працуе расійская прапаганда на беларускую аўдыторыю? Як нашы людзі гэта ўспрымаюць?

Як працуе прапаганда? Мы фармуем любы тэзіс, які можа быць абсалютна нерэальным. Першы раз атрымальніку інфармацыі ён падаецца нонсэнсам, ён яго дратуе, а праз дзесяць разоў выпрацоўваецца звычка, праз тысячу разоў з’яўляецца ўспрыманне «а можа, так і трэба».

Таму ўсё залежыць ад таго, наколькі часта паўтараецца наратыў, гэта першае. А другое — з якой колькасці крыніц гэты тэзіс або наратыў чуе атрымальнік інфармацыі. Бо нам падаецца, што калі інфармацыя гучыць з 3-4-5 сродкаў масавай інфармацыі, то гэта ісціна. І для большасці не зразумела, што гэтыя крыніцы інфармацыі належаць адной і той жа зацікаўленай асобе. Так ствараецца своеасаблівая «інфармацыйная бурбалка», у якой крыніцы інфармацыі дэманструюць толькі тое, што патрэбна.


Чаму на беларусаў расійскія тэзісы працуюць горш? Таму што, у адрозненне ад расійцаў, у беларусаў усё-ткі была і ёсць магчымасць выязджаць за мяжу. І вядомы тэзіс расійскай прапаганды, што Еўропа замярзае, галадае, не спрацоўвае, таму што беларус толькі вось вярнуўся з Польшчы або Літвы, дзе бачыў іншую рэальнасць на свае вочы. Гэта той уласны досвед, які дазваляе мінімізаваць уплыў прапаганды.

Акрамя таго, гэта яшчэ і пра крыніцы інфармацыі. Беларусы прызвычаіліся, што ёсць тыя крыніцы інфармацыі, якімі яны карысталіся 10-15 гадоў таму. Сёння яны значна цяжэй дасяжныя, але беларусы дастаткова лёгка карыстаюцца тэхнічнымі сродкамі, і праз інтэрнэт, VPN, можна атрымаць тую інфармацыю, якая будзе супярэчыць афіцыйнай, — і гэта крыніца, якой мы масава прызвычаіліся давяраць. Адпаведна, ёсць дастаткова вялікая верагоднасць, што яна будзе ўраўнаважваць той вал інфармацыі, якая падаецца праз расійскія сродкі.