«Той, каго нельга называць». Незалежныя медыя дапамагаюць рэжыму прасоўваць прапаганду?
Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі на «Свабодных навінах плюс» разважае пра тое, ці магчыма цалкам прыбраць імя Лукашэнкі з публічнага дыскурсу і які эфект гэта можа даць.
Адны незалежныя медыя цалкам прыбіраюць згадкі пра Лукашэнку са сваіх рэсурсаў, іншыя наадварот — выносяць імя ў загалоўкі і набіраюць на ім прагляды. На пытанне, ці магчыма выпрацаваць нейкую агульную стратэгію і які эфект яна можа мець, Паўлюк Быкоўскі не мае адназначнага адказу:
— Сваю ролю адыгрываюць некалькі фактараў.
Усім вядома, што прозвішча віп-асобы выступае як ключавое слова і лёгка падхопліваецца пошукавымі сістэмамі, аўдыторыя лёгка разумее, што ў нашым выпадку гаворка ідзе пра Беларусь, пра Лукашэнку. Ён прымае рашэнні, таму гэтая схема лёгка працуе.
З іншага боку, многія медыя, якія не ўспрымаюць Аляксандра Лукашэнку як пераможцу выбараў, прапаведуюць іншы падыход — папросту ігнаруюць згадкі пра яго. І прайграюць у трафіку, застаючыся па-за ўвагай пошукавікаў. Паколькі тут дасягнуць поўнага кансэнсусу немагчыма, то блакады прозвішча «Лукашэнка» не будзе.
— Згадваючы яго, незалежныя СМІ тым самым рэкламуюць канкрэтную асобу: раз кажуць, значыць, памятаюць. Атрымліваецца, свядома ці не, але піяраць свайго ворага? Як растлумачыць такі парадокс?
— Па-першае, не ўсе СМІ знаходзяцца ў стане барыкаднай вайны, некаторыя працуюць па прынцыпах агульнапрынятай навінавай журналістыкі: ёсць інфармацыйная нагода — мы пра яго пішам, няма інфармацыйнай нагоды — не пішам.
Але ёсць тыя, хто з лепшых (на іх погляд) памкненняў расказваюць негатыўныя моманты пра гэтую персону. Пры гэтым прозвішча, зноў жа, выносіцца ў загаловак!
— Кола замыкаецца?
— Адначасова ёсць медыя, якія імкнуцца не «гуляць» з названым прозвішчам, але пры гэтым расказваюць пра дзейнасць іншых прадстаўнікоў рэжыму. Хаця якая розніца: вось міністр інфармацыі, гэта міністр юстыцыі, а гэта міністр унутраных спраў, а гэты — абароны... Калі прытрымлівацца пазіцыі, што ўсе яны — не тыя, за каго сябе выдаюць, то трэба прарабіць каласальную працу, каб, з аднаго боку, пераканаць журналісцкі калектыў у сваёй праваце, а з іншага боку — сваю аўдыторыю, данесці да яе, зноў жа, свае правілы гульні.
Раней, да 2020 года, нярэдка даводзілася сутыкацца з сітуацыяй, калі медыя, якое працуе як навінавы рэсурс, пісала «Палата прадстаўнікоў», што ў перадруках трансфармавалася ў «палатку». Адпаведна, журналіст, які пісаў навіну, сутыкаўся з негатыўным стаўленнем да сябе з-за выкарыстання тэксту, які так вольна прэпарыравалі.
Нельга даць указанне дзейнічаць усім па адных правілах; добра, калі ёсць розныя медыя з рознай рэдакцыйнай палітыкай, але прадказаць, што яны стануць дзейнічаць адным спосабам, даволі цяжка.
— Якія эфекты аказвае празмернае ўжыванне таго ці іншага прозвішча? У тым ліку і на аўдыторыю?
— Не ўпэўнены, што такая заканамернасць існуе. Сапраўды, ёсць прымаўка: толькі правільна пішыце маё прозвішча, а пра мяне самога — любыя гадасці. Але на самой справе мае значэнне і пазітыўнае, і негатыўнае згадванне — і тое, і іншае пэўным чынам працуе, і не заўсёды на карысць таго, каго згадваюць.
Але тое, пра што вы кажаце, хутчэй за ўсё — нармалізацыя сітуацыі: калі мы прывыкаем да таго, што гэта нармальна (і гэтае прозвішча нармальнае, і што Лукашэнка нязменна займае сваю пасаду — нармальна), калі мы прыпісваем гэтай персоне ўсё, што адбываецца ў краіне — хоць добрае, хоць дрэннае (памятаеце: «вы прасілі дождж — я даў вам дождж»), то атрымліваецца, што мы такім чынам дапамагаем працаваць магіі прапаганды. У выніку аўтарытарны рэжым атрымлівае тлумачэнне свайму існаванню — навошта ён патрэбны: таму што без Лукашэнкі ні пасяўную правесці, ні краіну абараніць. Сапраўды, такі эфект існуе.
Ёсць шмат спрэчак сярод даследчыкаў наконт таго, як гэта працуе. У наяўнасці масавая камунікацыя, прычым тая масавая камунікацыя, у якой пастаянна мяняюцца каналы. Калі Гебельсу для таго, каб дапамагчы Гітлеру набраць галасы на выбарах, даводзілася раздаваць выбаршчыкам грампласцінкі (спрацавала, павялічыла галасы ў падтрымку фюрэра), то цяпер кожны жадаючы мае доступ да любой інфармацыі.
Іншае пытанне: ёсць патрэба ў канкрэтнай інфармацыі або яе няма? Калі чалавек не лічыць, што ад гэтых навін залежыць яго жыццё, то ён не моцна імі цікавіцца і не будзе прыкладаць дадатковыя намаганні, каб абысці абмежаванні па доступе да нейкіх сайтаў, набыць платны доступ, паставіць сабе VPN. Больш за тое, у тэлеграме, у сацыяльных сетках інфармацыя ад незалежных СМІ таксама даступная, але не факт, што людзі ёю цікавяцца.
Для танга патрэбныя двое: і спажыўцы інфармацыі, і яе вытворцы. Калі, выкарыстоўваючы магічнае прозвішча «Лукашэнка», медыя думаюць, што яны павялічваюць трафік, то гэта адбываецца толькі таму, што іх спажыўцы гатовыя атрымліваць такі прадукт. А зменіцца сітуацыя — усё будзе працаваць па-іншаму.
— Такім чынам, выкрасліць з ужытку не атрымаецца (ды і не трэба), але ці ёсць сэнс да мінімуму скараціць частотнасць яго згадвання?
— Няма каму загадаць, нават папрасіць, каб тыя ж самыя рэдакцыі дзейнічалі так ці інакш. Але ў цэлым усё працуе ў згодзе: калі ў грамадстве лічаць, што гэта непрыстойна або занадта вялікае зло, калі можна гэтага пазбегнуць, то давайце не будзем рабіць тое, тое і тое. Калі такая практыка становіцца масавай з'явай, тады ўсё і будзе працаваць.
Але цяпер кансэнсусу з пазначанай нагоды няма, і гаварыць, што ёсць хтосьці, чыё імя нельга называць, даволі смешна і нязручна для вядзення інфармацыйнай работы. Нават калі гаворка ідзе пра вытворчасць нармальнага навінавага кантэнту, нават калі гаворка ідзе пра стратэгічныя камунікацыі, у якіх спрабуюць абвергнуць або дыскрэдытаваць свайго суперніка.
Нельга нікому навязаць адзін пункт гледжання, усе бачаць свой інтарэс і маюць свае правілы гульні. Але часам ёсць рэчы, якія спрацоўваюць. Напрыклад, многія медыя перасталі пісаць, хто цяпер прэзідэнт. Адначасова існуюць медыя з процілеглай стратэгіяй. Як на гэта рэагуе аўдыторыя? У цэлым я падазраю: людзі могуць нават не здагадвацца, што гэтую пасаду ад прозвішча аддзялілі, цалкам магчыма, што для масавай аўдыторыі нічога не змянілася.
Тут пакуль недаследаваная частка масавай камунікацыі ў Беларусі. Але нават калі тое ці іншае імя не будзе згадвацца, гэта не значыць, што знікне з'ява. Таму, калі хтосьці можа ствараць інфармацыйныя падставы, ён будзе іх ствараць. Адзінае што, «і маніторынгі MediaIQ гэта паказваюць» — медыя сталі больш пераборлівыя: не кожную інфармацыйную нагоду з боку Лукашэнкі яны бяруць у працу, не заўсёды расказваюць, пра што ён кажа, калі прагаворанае не ўплывае на жыццё нашых чытачоў. Калі ж ён гаворыць пра важныя рэчы, то як пра гэта не расказаць?