МЗС Украіны: Улады Беларусі рыхтуюць прапагандысцкую акцыю з выкрадзенымі ўкраінскімі дзецьмі

МЗС Украіны паведаміў, што ўлады Беларусі плануюць арганізаваць наведванне прадстаўнікамі замежнага дыпламатычнага корпуса так званых «месцаў пражывання, навучання і аздараўлення» дзяцей, выкрадзеных у часова акупаваных гарадах Лісічанск і Севераданецк у Луганскай вобласці.

Ілюстрацыйнае фота: Фокус

Ілюстрацыйнае фота: Фокус

«Указаная мера мае на мэце легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны. Згодна з нормамі міжнароднага права, прымусовая дэпартацыя дзяцей можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства», — гаворыцца ў паведамленні.

У МЗС адзначылі, што службовыя асобы Беларусі спрабуюць прыкрыцца міжнароднымі прадстаўнікамі, каб пазбегнуць адказнасці.

Міністэрства заклікала дыпламатычныя прадстаўніцтвы, якія атрымалі адпаведныя запрашэнні ў Мінск — устрымацца ад удзелу ў прапагандысцкай акцыі беларускага рэжыму.

«Як на ўзроўні нацыянальнага расследавання, так і ў рамках расследавання Міжнароднага крымінальнага суда, працягнем працу ў прыцягненні да адказнасці ўсіх асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць украінскіх дзяцей», — адзначылі ва ўстанове.

Нагадаем, у траўні стала вядома, што не толькі Расія, але і  Беларусь удзельнічала ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны.


Глядзіце таксама

Незаконны вываз з акупаваных тэрыторый украінскіх дзяцей расцэньваецца міжнароднай супольнасцю як ваеннае злачынства. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і расійская амбудсменка па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова за гэта ўжо атрымалі ордары на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Беларускія дэмакратычныя сілы збіраюць матэрыялы для МКС, якія даказваюць дачыненне да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, уключаючы і яго самога.

Еўрапарламент у рэзалюцыі ад 13 верасня прапанаваў Міжнароднаму крымінальнаму суду (МКС) выдаць ордар на арышт Лукашэнкі. Еўрапарламент указаў на вываз «больш за 2150 дзяцей, у тым ліку сірот, з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў так званыя аздараўленчыя лагеры Беларусі, дзе яны падвяргаюцца русіфікацыі і выхаванню».

У рэзалюцыі, у прыватнасці, згадваецца датычнасць Беларускага Чырвонага Крыжа да «незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей» і выказваецца падтрымка пракуратуры Украіны ў расследаванні датычнасці Беларусі да такіх дэпартацыяў

У Еўрапарламенце ўпэўненыя, што дзеянні самога Лукашэнкі і ягонага рэжыму могуць таксама прыраўноўвацца да злачынства супраць чалавецтва, і заклікалі Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы ордэра на ягоны арышт. 

Еўрапарламент лічыць «Лукашэнку такім жа адказным за гэтыя ваенныя злачынствы, як Уладзімір Пуцін і Марыя Львова-Бялова, і таму заклікае МУС разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага міжнароднага ордара на арышт Лукашэнкі», — гаворыцца ў тэксце.