Як у Беларусі ідэалагічна апрацоўваюць украінскіх дзяцей, прывезеных на «аздараўленне»
З дзецьмі, прывезенымі з тэрыторыі Украіны, у Беларусі займаюцца прапагандысты, ідэолагі і нават сілавікі, у тым ліку ГУБАЗіК. Ці абыходзяцца прадстаўнікі рэжыму без парушэнняў міжнародных нормаў падчас узаемадзеяння з прывезенымі на «аздараўленне» дзецьмі?

Дзяцей мусяць выхоўваць у духу павага да сваёй нацыянальнай і чужых культур, «дружбы паміж усімі народамі». Відаць, у выпадку з дзецьмі, прывезенымі на «аздараўленне», гаворка можа ісці аб парушэнні міжнародных нормаў і беларускага заканадаўства. Даследаванне «Салідарнасці».
Як нядаўна паведаміла дырэктар Данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў «Дэльфіны» Вольга Волкава, за апошнія два гады «больш за 3 тысячы дзетак з Данецкай Народнай Рэспублікі, Луганскай, Запарожжа, Херсона» адпачылі і прайшлі рэабілітацыю ў Беларусі.
На фоне расследавання Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе ў дачыненні да прадстаўнікоў Расіі за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый беларускія чыноўнікі падкрэсліваюць, што пераследуюць выключна высакародныя мэты: «аздаравіць» дзяцей і даць ім магчымасць адпачыць ад вайны.
Але ці ўсё абмяжоўваецца толькі гэтым? Многія ніжэйпрыведзеныя факты прымушаюць усумніцца ў сцвярджэнні прадстаўнікоў рэжыму.
Нагадаем пра некаторыя міжнародныя нормы і артыкулы беларускага заканадаўства. Згодна з артыкулам 29 Міжнароднай канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, да якой таксама далучылася Беларусь, адукацыя дзіцяці павінна быць накіраваная на выхаванне ў яго павагі «да нацыянальных каштоўнасцяў краіны, у якой дзіця пражывае, краіны яго паходжання і да цывілізацый, адрозных ад яго ўласнай», на выхаванне ў духу «дружбы паміж усімі народамі».
Артыкул 4.1 беларускага закона «Аб правах дзіцяці» кажа пра тое, што да інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю і развіццю дзяцей, належыць інфармацыя, якая «заахвочвае паводзіны, што ўшчамляюць чалавечую годнасць, у тым ліку здзяйсненне гвалтоўных дзеянняў у адносінах да людзей або жывёл», а таксама якая «заахвочвае або станоўча ацэньвае жорсткасць, фізічны, псіхічны, гвалт».
Глядзіце таксама

Таксама, згодна з артыкулам 123 КК Беларусі (Прапаганда вайны), «распаўсюд у любой форме поглядаў, ідэй або заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай – караецца штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў».
А цяпер мяркуйце самі, ці абыходзяцца прадстаўнікі рэжыму без парушэнняў гэтых нормаў падчас узаемадзеяння з прывезенымі на «аздараўленне» дзецьмі.
Глядзіце таксама

Мілітарызм, ГУБАЗіК і калабарантка
Ужо шырока вядомыя заявы сясцёр Груздзевых, зробленыя ў прысутнасці ўкраінскіх дзяцей у лагеры «Дуброва» (Салігорск) у кастрычніку мінулага года: «Каб мы жылі ў міры, каб Байдэн здох, Зяленскі — таксама, а Пуцін квітнеў і ўзяў кантроль над усёй Украінай». Проста нагадаем пра артыкул 123 КК Беларусі (Прапаганда вайны).
Але пакуль некаторай загадкай застаецца тое, якія думкі транслюе пры зносінах з дзецьмі (а мае зносіны ён з імі пастаянна) Аляксей Талай, кіраўнік аднайменнага фонду, які займаецца перавозам дзяцей. У дзяржСМІ коратка паведамляюць, што ён распавядае пра свой лёс, але, верагодна, толькі гэтым не абмяжоўваецца.
Між тым з інтэрв'ю Талая можна зрабіць выснову, што ён з'яўляецца прыхільнікам цемрашальных тэорый і вайны Расіі супраць Украіны.

Талай у Данецку ў траўні 2022 года
Талай адкрыта прытрымліваецца версіі расійскай прапаганды аб тым, што ў 2014 годзе ва Украіне адбыўся «дзяржаўны пераварот», пры якім удзельнікі пратэстаў знаходзіліся «пад уздзеяннем хімічных сродкаў», а байцы «Беркута» незаслужана «пацярпелі», і што ва Украіне цяпер кіруе «хунта».
Краіны Еўрасаюза ён называе «Европкой» і лічыць, што Україна «можа страціць сваю суб'ектнасць і дзяржаўнасць». У інтэрв'ю «Люстэрку» Талай таксама заявіў, што напад Расіі на Украіну быў «вымушанай мерай, напэўна».
Нагадаем пра артыкулы 29 Міжнароднай канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, артыкулы 4.1 закона «Аб правах дзіцяці» і артыкул 123 КК.
У канцы снежня мінулага года ў вайсковую часць 3214 прывезлі дзеці з Горлаўкі. Паведамлялася, што дзякуючы ГУБАЗіК і ўнутраным войскам «у хлопцаў з'явілася магчымасць адцягнуцца ад абстаноўкі на радзіме, і акунуцца ў навагоднюю казку».
«Казка» сярод іншага была выказана ў знаёмстве з баявой тэхнікай і зброяй – дзецям далі з яе пастраляць.


Мяркуючы па справаздачах фонду Талая і паведамленнях дзяржСМІ, тэма мілітарызму – адна з цэнтральных тэм, з якімі прывезеныя на «аздараўленне» дзеці знаёмяцца падчас знаходжання ў Беларусі. Адзначым, што ў нядаўнім інтэрв'ю Аляксей Талай заявіў: «Мы павінны рыхтавацца да вайны. І нашы дзеці павінны спакойна (да гэтага) з дзяцінства ставіцца».
У Беларусі, акрамя іншага, пабывалі вучні кадэцкага корпуса імя А.У. Захарчанкі (першага кіраўніка «ДНР»). На думку прадстаўнікоў валанцёрскай супольнасці InformNapalm, там з дзяцей «фактычна рыхтуюць будучых баевікоў», гатовых паміраць за Расію.

Вучні кадэцкага корпуса
Настаўнік кадэцкай школы Алена Лявіцкая з'яўляецца адной з тых, хто рэгулярна суправаджае групы дзяцей Данбаса ў нашу краіну. У інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» яна заявіла, што «ў жыхароў Заходняй Украіны яшчэ з часоў вайны засталася нянавісць да рускага народа, да рускамоўных людзей. І яна ўзрастала».
Паводле яе слоў, баявыя дзеянні ў 2014 годзе пачаліся не праз жаданне Расіі дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне, а праз тое, што кіеўскія ўлады хацелі «ў Данбасе цалкам прыбраць рускую мову».
Аргументацыя Лявіцкай? У Данецку дакументацыю сталі перакладаць на ўкраінскую мову.
Не менш цікавая персона — іншая суправаджэнка. У траўні дзяцей з «вызваленых тэрыторый Украіны» для аздараўлення ў лагер «Дуброва» ААТ «Беларуськалій» прывезла жыхарка Запарожскай вобласці і калабарантка Анастасія Пшанічнікава. Яна таксама з'яўляецца кіраўніком МГА «Славянская Гвардыя» і ставіць мэтай барацьбу супраць «фашыстаў і Бандэры».

Анастасія Пшанічнікава
У інтэрв'ю дзяўчына адкрыта распавяла, як чакала прыходу ў Запарожскую вобласць расійскіх вайскоўцаў.
Вяртаючыся да дзейнасці прадстаўнікоў беларускіх уладаў, дададзім, што, мяркуючы па здымках, некаторых прывезеных у Беларусь дзяцей пераапраналі ў форму, якая нагадвае ваенную.
Глядзіце таксама

Прапагандысты ідуць да дзяцей і наадварот
У красавіку прывезеных на «аздараўленне» ў Беларусь дзяцей на вакзале сустракалі сябры БРСМ, а таксама прадстаўнікі мотаклубаў «Начныя ваўкі» і «начныя Валькірыі», якія адкрыта падтрымліваюць напад Расіі на Украіну.
У цэлым БРСМ і яго кіраўніку Аляксандру Лук'янаву адведзеная вялікая роля ў камунікацыі з дзецьмі. Лук'янаў часта прыходзіць да дзяцей на «размовы» (у тым ліку з прапагандыстам Аляксандрам Шпакоўскім).


Часам дзяцей прывозяць да Лук'янава ў офіс БРСМ. Змест размоў у дзяржСМІ не раскрываецца.


Працуюць гэтыя мерапрыемствы і ў іншы бок: беларускія ўлады выкарыстоўваюць дзяцей у прапагандысцкіх мэтах. Напрыклад, у кастрычніку мінулага года групу непаўналетніх з Данбаса прывезлі на прэс-канферэнцыю пад назвай «За наша шчаслівае дзяцінства». На ёй Лук'янаў заявіў, што ў Беларусі створаны ўнікальныя ўмовы для жыцця.

Прывезеных з тэрыторыі Украіны часта паказваюць у дзяржСМІ, дзе яны распавядаюць, як іх уражвала Беларусь і выказваюць словы падзякі.
Нягледзячы на вышэйпералічаныя факты, палажэнні Міжнароднай канвенцыі ААН, закон «аб правах дзіцяці» і артыкул 123 КК, прадстаўнікі рэжыму працягваюць сцвярджаць, што прывозяць дзяцей Беларусь толькі на «аздараўленне».
Пераклад НЧ