У РФ пачалася масавая вярбоўка на фронт жанчын з калоній: Яны ідуць ваяваць больш ахвотна за мужчын
Зняволеныя расійскія жанчыны цяпер роўныя з мужчынамі — іх таксама набіраюць з калоній ваяваць ва Украіне і абяцаюць за гэта свабоду. У многіх такіх жанчын — пазыўны «Ваўчыца».
«Жаданне асуджаных і не асуджаных жанчын ісці на вайну вельмі вялікае», распавяла ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу «Можем объяснить» (МО) заснавальніца праекта «Русь сидящая» Вольга Раманава. Вось што ёй вядома пра пачатак масавай вярбоўцы «слабага полу»:
Да апошняга часу актыўная вярбоўка жанчын ішла на акупаваных тэрыторыях. Паводле звестак праваабаронцы, блізу 50 жанчын былі завербаваныя з калоніі ў горадзе Снежнае, яшчэ 100 зэчак узялі з калоній з поўдня Расіі.
Каля 30 асуджаных жанчын з ВК-7 у Ліпецкай Нававуглянцы завербаваліся на вайну падпісалі кантракт з Мінабароны. Пра гэта паведаміла у аўторак праваабарончая ініцыятыва «Сота» са спасылкай на сваю крыніцу сярод сваякоў зняволеных. «У Ліпецку была менавіта масавая вярбоўка. Ведаю, што жанчыны выбывалі нават з маскоўскіх СІЗА», — адзначае Вольга Раманава.
«У адрозненне ад мужчын, жанчыны ў турме вельмі схільныя да прапаганды. Мы можам чакаць навін і з іншых жаночых зон. І жанчыны нават больш хочуць ваяваць», — кажа праваабаронца.
Гэта новая з'ява, адзначае Раманава, «на працягу апошніх паўтара года мы атрымлівалі паведамленні, што жанчыны вярбуюцца». Зрэшты, яшчэ ў кастрычніку ўкраінскія СМІ сталі паведамляць, што ў палон сталі трапляць ваенныя расіянкі.
Паводле сведчанняў палонных зэкаў, пра якія ведае Раманава, жанчыны ваююць у складзе Мінабароны ў падраздзяленнях штурмавікоў. У многіх пазыўны «Ваўчыца». Іх утрымліваюць разам з мужчынамі, але ваююць яны асобна.
Не толькі асуджаныя жанчыны запісваюцца на вайну. Адзін з тых, хто ваяваў у падраздзяленні ДНР распавёў «МО», што сярод яго аднапалчан была снайперка і Масквы з пазыўным «Лакі». «Яна трапіла ў палон.... Па дурасці, нават гэта не яе глупства, а таго, з кім вырашыла рушыць на пазіцыю», — распавёў суразмоўца «МО».
У прынятым 24 чэрвеня Дзярждумай РФ законе, які прадугледжвае спыненне крымінальнага пераследу ў дачыненні да добраахвотнікаў, якія запісаліся на вайну, не гаворыцца, якога полу павінен быць грамадзянін. «Жанчына цяпер таксама можа адправіцца ваяваць ва Украіне і пазбегнуць пакарання», — адзначае Раманава.