Генпракуратура Украіны вывучае ролю Беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі дзяцей
Украінскія пракуроры «зафіксавалі ўсю наяўную інфармацыю» з гэтай нагоды, заявіла кіраўніца Дэпартамента абароны інтарэсаў дзяцей і процідзеяння гвалту Офіса генеральнага пракурора Украіны Юлія Усенка.
«Роля Беларусі даследуецца з таго моманту, калі мы пачалі крымінальную вытворчасць па дэпартацыі. У нас была інфармацыя, што дзеці, у прыватнасці, дэпартаваліся на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Магчыма, гэта былі не такія маштабныя перамяшчэнні і дэпартацыя (як на тэрыторыю РФ), але такія выпадкі былі», – сказалаЮлія Усенка ў інтэрв'ю «Інтэрфакс-Украіна».
Яна падкрэсліла, што роля Чырвонага Крыжа Беларусі таксама вывучаецца — украінскія пракуроры зафіксавалі ўсю наяўную інфармацыю з гэтай нагоды.
«Мы адправілі афіцыйны запыт — важна атрымаць інфармацыю, пра якую групу дзяцей ішла гаворка, якая колькасць, у якіх умовах яны перамяшчаліся і іншыя важныя дэталі. Паколькі Чырвоны Крыж пачаў сваё службовае расследаванне, мы вельмі спадзяемся, што нам гэтую інфармацыю як мага хутчэй пададуць», — паведаміла Усенка.
Раней неаднаразова паведамлялася, што кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас чарговай паездкі на Данбас не толькі перадаў гуманітарную дапамогу, але і зняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь 1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
Як сцвярджае «Беларускі даследчыцкі цэнтр», прыезд украінскіх дзяцей у Беларусь арганізаваў фонд паралімпійца Аляксея Талая, сам паралімпіец называе сваю дзейнасць «дабрачыннасцю». Адным са спонсараў Талая, сцвярджае БРЦ, стаў расійскі бізнесовец Мікалай Гінц. У асноўным жа вываз дзяцей у Беларусь аплачваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.
БРЦ лічыць, што «да ідэалагічнай апрацоўкі» ўкраінскіх дзяцей датычны і сын Лукашэнкі: прыезд дзяцей арганізавалі з дапамогай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і асабіста старшыні арганізацыі Дзмітрыя Лукашэнкі.
Па словах украінскага генеральнага пракурора Андрэя Косціна, удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з'яўляецца саўдзелам у міжнародным злачынстве.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд (МУС) выдаць ордэр на арышт кіраўніка Чырвонага Крыжа Беларусі. У сваю чаргу ў ліпені з заклікам выдаць ордэр на арышт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да МУС звярнуліся дэпутаты Еўрапарламента.
Нагадаем, што Павел Латушка ўжо перадаў Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе дакументы аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Генпракурору МКС Хану перададзена першая частка справаздачы.