На арганізатараў марафона салідарнасці «Нам не ўсё адно!» завялі крымінальную справу
У дачыненні да арганізатараў марафона салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і іх сем’ямі рэжым Лукашэнкі распачаў крымінальную справу. Абвінавачанне не адрозніваецца арыгінальнасцю — людзям, якія арганізавалі збор сродкаў для ахвяр рэпрэсій, інкрымінуюць «экстрэмізм». Пры гэтым, не прад’яўляючы анікіх доказаў (бо дзе іх узяць?), іх таксама абвінавачваюць фактычна ў крадзяжы сабраных сродкаў.
![opera_snimok_2023_07_31_085147_salidarnasc.com_logo.png.webp opera_snimok_2023_07_31_085147_salidarnasc.com_logo.png.webp](/img/v1/images/opera_snimok_2023_07_31_085147_salidarnasc.com_logo.png.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра ўзбуджэнне крымінальнай справы раніцай 3 кастрычніка паведаміла прэс-служба МУС.
У паведамленні гаворыцца, што «па матэрыялах аператыўнікаў ГУБАЗіК МУС распачата крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў прамой трансляцыі пад назвай «анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно», ініцыяванага прадстаўнікамі так званага Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнікамі іншых экстрэмісцкіх фарміраванняў».
«12-гадзінны эфір з развагамі злачынцаў і іншых дэструктыўных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, трансляваўся на youtube-каналах радыкалаў, якія пакінулі Беларусь. Мерапрыемства, завуаляванае пад збор сродкаў для асуджаных нібыта па палітычных матывах беларусаў, арганізатары правялі з мэтай прыцягнення грошай для асабістага матэрыяльнага падсілкоўвання. Паводле іх заявы, яны атрымалі больш за 500 тысяч еўра», — адзначаецца ў паведамленні.
Справа заведзеная паводле артыкула аб «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (санкцыя артыкула прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі).
Падазраванымі з'яўляюцца каля 60 чалавек «з ліку арганізатараў марафону і іх памагатых». У цяперашні час, удакладняюць у МУС, «праводзіцца работа па ўсталяванні іншых асоб, спансуючых дэструктыўныя фарміраванні».
Нагадаем, раней суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў трансляцыю марафона ў ютубе «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Глядзіце таксама
![Салідарнасць — канцэпцыя, якая не ўкладаецца ў галаву сведак стабільнасці «Пакуль у беларусаў ёсць салідарнасць, у беларускай улады няма стабільнасці»](/img/v1/images/_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» прайшоў 29 ліпеня на платформах незалежных медыя, 28-30 ліпеня быў арганізаваны збор сродкаў у дапамогу палітвязням і іх сем’ям. Агулам было сабрана 574 тысячы еўра.
Грошы ўжо часткова размеркаваныя паміж 13 фондамі і ініцыятывамі, якія будуць перадаваць іх ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.
Як паведамляла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, Каманда арганізатараў марафона патраціла на марафон нуль еўра, а ўсе медыя, студыі, фонды, арганізацыі працавалі бясплатна.