Хронікі рэпрэсій за 2 кастрычніка
Раду БНР абвінавацілі ў нацызме, палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк заявіла пра збіццё, масава затрымліваюць «камунальнікаў» — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1055 дзён, Дзяніс — 935.
***
Генпракуратура распачала крымінальную справу супраць сяброў Рады БНР. У ведамстве вырашылі, што Рада адмаўляе «існаванне суверэннай беларускай дзяржавы», паведамляе «БелТА».
«Крымінальныя справы накіраваны старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі для арганізацыі папярэдняга расследавання, устанаўлення і прыцягнення да адказнасці ўсіх датычных да дзейнасці названага фарміравання асоб (дзе б яны ні знаходзіліся: як за мяжой, так і на тэрыторыі Беларусі)», — гаворыцца ў паведамленні.
Раду БНР абвінавачваюць адразу па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса. Улады Беларусі хочуць звярнуцца да ЗША, Канады і Вялікабрытаніі з заклікам спыніць дзейнасць «пранацысцкага экстрэмісцкага фарміравання» на іх тэрыторыі.
Сёння кіраўнік аддзела Генпракуратуры Валерый Шуляк правёў брыфінг, на якім пералічыў усе «грахі» Рады БНР супраць Беларусі, паведамляе «Еўрарадыё».
Тут і «змова дзеля захопу ўлады», і «кіраванне «экстрэмісцкім» фарміраваннем», і «распальванне ўсіх відаў варожасці», і «рэабілітацыя нацызму», «дыскрэдытацыя РБ» і нават «падбухторванне да ўдзелу ў ваенным канфлікце».
Папярэднім расследаваннем зоймецца КДБ.
У ліпені 2023 года КДБ Беларусі прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фарміраваннем».
***
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе заявіла пра збіццё ў калоніі. У судзе Рэчыцкага раёна пачалі разглядаць чарговую крымінальную справу ў дачыненні да палітзняволенай, прысуджанай да трох гадоў калоніі. Справу разглядае так званы суддзя Станіслаў Іванюценка.
Паліну зноў абвінавачваюць у «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі» (ч.2 арт. 411 КК).
На судзе яна заявіла пра збіццё ў зарэчанскай калоніі: былі моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы, паведамляе «Вясна».
Паводле слоў мужа, Паліна перадала падзяку ўсім людзям, якія падтрымалі яе за гэты час. Яна заявіла, што лічыць сябе не зняволенай, а ваеннапалоннай. Яе фізічны стан адлюстроўвае тыя жорсткія ўмовы, у якіх яе ўтрымліваюць.
***
29 верасня Следчы камітэт распачаў «спецыяльную вытворчасць» супраць бізнесмена Вадзіма Пракоп'ева, піша тэлеграм-канал «Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна». Абноўлены спіс на сайце ведамства быў апублікаваны праз 3 дні.
Гэтым разам бізнесмена абвінавачваюць па артыкулах аб «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «публічных закліках да захопу ўлады» (ч.3 арт. 361 КК), «паклёпе» і аб «абразе Лукашэнкі» (ч.2 арт. 367 КК, ч.1 і 2 арт. 368 КК), аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).
Пракоп'еву прапануецца прыйсці ў горад Брэст на вуліцу Пушкінская, 63, дзе размешчаны будынак Следчага камітэта.
9 снежня 2022 года следчае ўпраўленне КДБ пачынала супраць бізнесмена спецыяльную вытворчасць. 21 чэрвеня Мінскі гарадскі суд завочна прысудзіў яго да 25 гадоў калоніі.
Абвінавачванне ставіла ў віну Вадзіму Пракоп'еву «стварэнне АЗГ», «змову і распрацоўку плана па захопе ўлады». Паводле версіі абвінавачання, ён быў членам «арганізаванай злачыннай групы», якая дзейнічала ў Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіне і іншых краінах з 14 ліпеня 2020 года да 6 студзеня 2022 года для здзяйснення «нявызначанай колькасці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці».
***
Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Разановіча змясцілі ў ПКТ, паведамляе «Вясна».
Паводле інфармацыі ТГ-канала «Права на паўстанне», Разановіча перавялі ў памяшканне камернага тыпу да сакавіка. Раней паведамлялася, што палітвязня неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач і пагражалі перавесці на турэмны рэжым.
Дзмітрый быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву па 20 гадоў калоніі; Разановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння праходзіў у закрытым рэжыме.
***
У калоніі пагоршыўся стан здароўя барда Аляксея Ільінчыка. Як стала вядома «Гомельскай вясне», Ільінчык змешчаны ў неўралагічнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы, якое знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА №1 у Мінску.
Гомельскі бард і музыка быў прысуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў «паклёпе на Лукашэнку» (ч.2 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 КК), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт. 130 КК).
За час знаходжання ў СІЗА №3 і папраўчай калоніі здароўе Аляксея пагоршылася. Правая рука ў яго амаль не працуе, парушаны маўленчы апарат, таму ён гаворыць з цяжкасцю. Музыка таксама не можа пісаць лісты самастойна. Акрамя таго, яму не дастаўляюць лісты спраўна, нават ад сваякоў.
***
Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні жыхара Салігорска, відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал. На ім затрыманы кажа, што нядаўна перапісваўся з прадстаўніком батальёна «Тэрор», паведамляе «Медыязона».
На відэа сілавікоў дэманструюцца скрыншоты перапіскі, а затрыманы салігарчанін кажа, што паведаміў у чаце з прадстаўніком «Тэрору» сваю вайсковую спецыяльнасць і тэрмін службы.
«Пасля гэтага яны хацелі мяне завербаваць для ўдзелу ў ваенных дзеяннях», — кажа ён на відэа.
Па якім менавіта артыкуле затрыманы мужчына, не паведамляецца, аднак на відэа ён кажа, што яму «свеціць артыкул за здраду дзяржаве і за найміцтва» (артыкулы 356 і 133 КК).
***
28 верасня ў Дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці ЖКГ затрымалі каля 7 мужчын узростам 40-45 гадоў за «экстрэмісцкія» допісы і каментары ў сацсетках. Пасля затрымання нікога не адпусцілі, загад — звольніць «парушальнікаў парадку», піша @lida_grab_court.
Апошнім часам звольнілі да заканчэння кантракту 3 праграмістаў на ЖКГ, а таксама адну жанчыну, паведамляюць праваабаронцы.
***
Амапаўцы са шчытамі затрымалі і змясцілі ў СІЗА жыхара Гомеля. Пра гэта «адсправаздачыўся» адзін з каналаў, які належыць сілавікам, паведамляюць праваабаронцы.
На думку сілавікоў, мужчына «штампаваў мноства абразлівых каментароў у адрас прэзідэнта, супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў улады ў розных экстрэмісцкіх памыйніцах».
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 231 дзень, Максіма Знака — 236 дзён, Мікалая Статкевіча — 232 дні, Ігара Лосіка — 226 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 210 дзён, Віктара Бабарыку — 159 дзён, Уладзіміра Гундара — 59 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1490 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1713 чалавек. Сярод іх — 186 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.