Данаты праз Фэйсбук — як не трапіць у лапы сілавікоў
Калі вы застаяцеся ў Беларусі і ў вашым акаўнце ў ФБ ёсць небяспечная інфармацыя, напрыклад, данаты — то гэты тэкст для вас.
Беларусаў працягваюць судзіць за данаты, зробленыя ў арганізацыі, якія пасля сталі «экстрэмісцкімі». «Медыязона» расказвае, што можна зрабіць, каб зменшыць рызыку быць затрыманым (калі вы вырашылі не з'язджаць з Беларусі).
Схавайце публічную інфармацыю пра данаты
Калі вы данацілі на Фэйсбуку, то гэтая інфармацыя бачная вашым фрэндам. Напрыклад, вы ахвяравалі ў 2020 годзе ў фонд «BYSOL». Чалавек, які ў вас у сябрах, убачыць вас у ліку донараў, зайшоўшы на старонку фонду. А ў сябры можа дадацца акаўнт, за якім сядзіць міліцыянт, або сілавікі завалодаюць акаўнтам вашага сапраўднага сябра — і ўся інфармацыя «для сяброў» акажацца даступнай. Так можна будзе даведацца, што вы данацілі «экстрэмістам», нават калі вы рабілі гэта з замежнай карты.
Каб схаваць гэтую інфармацыю, заблакіруйце арганізатара збору.
Для гэтага зайдзіце ў Фэйсбук з камп'ютара, затым перайдзіце на старонку арганізатара збору, націсніце сімвал меню і пасля «заблакіраваць». Пасля гэтага вашы сябры перастануць бачыць інфармацыю пра вас як пра ахвярадаўцу на збор.
Але калі ваш тэлефон патрапіць да сілавікоў, яны змогуць выявіць інфармацыю пра данаты праз Фэйсбук.
Паспрабуйце схаваць інфармацыю пра данаты ў асабістым акаўнце
Факт ахвяравання можна схаваць для сяброў, але вашы транзакцыі працягнуць адлюстроўвацца. Можна звязацца са службай падтрымкі «Meta» і папрасіць схаваць пераводы «экстрэмістам» і «тэрарыстам», патлумачыўшы рызыкі.
Ёсць як мінімум адзін выпадак, калі адміністратары сацсеткі пайшлі насустрач беларусу.
Выдаліце акаўнт, з якога вы рабілі данат
Перад гэтым перарэгіструйце акаўнт на пошту і нумар тэлефона, якімі вы не карыстаецеся. Для гэтага зайдзіце на сваю старонку ў Фэйсбуку і ў наладах знайдзіце «Інфармацыя профілю», а затым — «Кантактная інфармацыя». Там вы зможаце змяніць свае даныя.
Пасля гэтага выдаліце акаўнт. Зрабіць гэта можна праз меню «Налады» (шасцярэнька ў верхнім правым куце) — «Больш налад у цэнтры акаўнтаў» — «Асабістая інфармацыя» — «Валоданне і кіраванне акаўнтам» — «Дэактывацыя або выдаленне». На поўнае выдаленне акаўнта адводзіцца 30 дзён, таму сілавікі могуць аднавіць яго з дапамогай вашага тэлефона ці пошты. Менавіта таму перад выдаленнем варта перарэгістраваць акаўнт. Пасля выдалення профілю выдаляецца і інфармацыя пра плацяжы ў Facebook Pay.
Аднак нават гэты спосаб не гарантуе вам поўную бяспеку. Сілавікі маюць доступ да плацяжоў з беларускіх картак у Фэйсбук са жніўня 2020 года.
Завядзіце замежную картку для данатаў
Калі вы хочаце падтрымаць які-небудзь фонд, заданаціць на дапамогу палітвязням або беларускім добраахвотнікам ва Украіне, рабіце гэта выключна з карткі замежнага банка і абавязкова ўключыўшы VPN. У Польшчы, напрыклад, беларусы могуць адкрыць рахунак у банку PKO — для гэтага неабходны толькі пашпарт. Не рабіце аніякіх «экстрэмісцкіх» транзакцый з беларускіх картак.
Яшчэ адзін бяспечны спосаб данаціць: перадаваць наяўныя блізкім, якія жывуць за мяжой.