«Кармавая база сілавікоў», або Чаму беларусаў пераследуюць за данаты?
Шмат хто з тых беларусаў і беларусак, якія засталіся ў краіне, атрымлівалі «запрашэнні» прыйсці на размову ў КДБ, пасля якіх складвалася па-рознаму: хтосьці адкупаўся, а кагосьці затрымлівалі. Што ўплывае на далейшы лёс тых, хто трапілі ў поле зроку сілавікоў, высвятляла «Deutsche Welle».
У ліпеньскім маніторынгу назірання за палітычна матываваным пераследам у Беларусі праваабарончы цэнтр «Вясна» зафіксаваў рост колькасці крымінальных спраў за данаты. Праваабаронцам вядома пра 11 абвінаваўчых прысудаў, вынесеных толькі ў ліпені 2023 года, усяго ж — пра 26 прысудаў па падобных справах.
Чатыры ўзносы і яўка з павіннай
Вучонага-фізіка Юрыя Адамава, напрыклад, асудзілі на тры гады калоніі за данаты ў 1,5 тысячы долараў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён зрабіў 24 ахвяраванні фондам салідарнасці «BYSOL» і «ByHelp». Айцішнік Руслан Завадзіч атрымаў такі ж тэрмін за тры данаты на агульную суму 75 долараў. У жніўні 2020 года ён двойчы перавёў грошы фонду «ByHelp», а ў 2021-м зрабіў ахвяраванне апазіцыйнаму палітыку Валерыю Цапкалу.
Адвакат Антон Гашынскі расказаў DW пра нядаўняе затрыманне лекаркі, якая працавала ў дзяржустанове ў Мінску. Паводле яго слоў, супрацоўнікі КДБ прыйшлі да медыка проста на працу, затрымалі яе, і падчас гутаркі са следчымі жанчына прызналася ў здзяйсненні чатырох унёскаў, а таксама напісала яўку з павіннай.
Ёй выставілі абвінавачанне паводле арт. 361-2 КК РБ аб «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці». Прычым паколькі абвінавачаная прызналася ў здзяйсненні не аднаго ахвяравання, а чатырох, да яе ўжылі другую частку дадзенага артыкула КК — за «дзеянні, учыненыя паўторна». І калі па першай частцы суд яшчэ можа ў якасці пакарання прысудзіць да «хіміі», то па другой падсудным пагражае ад 5 да 8 гадоў калоніі.
З чым звязаная хваля крымінальных спраў за ахвяраванні?
«Адным з трыгераў беларускіх пратэстаў была ўсеагульная салідарнасць падчас кавіду, — тлумачыць праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч. — Салідарнасць улады лічаць для сябе небяспечнай. Складана сказаць, ці з'яўляецца гэта мэтанакіраванай палітыкай, ці ёсць распрацаваны план, але ёсць тэндэнцыя да павелічэння колькасці падобных рэпрэсій, прысудаў па такіх справах і ўзмацнення жорсткасці прысудаў». Беларусаў сёння нярэдка судзяць за данаты, зробленыя ў 2020-2021 гадах, калі фонды, якія дапамагалі ахвярам гвалту або збіралі грошы на аплату адвакатаў, яшчэ не былі прызнаныя ў краіне «экстрэмісцкімі».
«Мы не можам лічыць гэтыя суды справядлівымі і незалежнымі, няма прэзумпцыі невінаватасці, абмежаванае права на абарону, — падкрэслівае Сацункевіч. — Калі судзяць за данаты арганізацыям, якія не былі на той час "экстрэмісцкімі", гэта не адпавядае нормам права. Гэта таксама парушае свабоду асацыяцый, якая прадугледжвае, што ў чалавека ёсць права аб'ядноўвацца з іншымі людзьмі для абароны сваіх інтарэсаў».
Аб'ядноўвацца, паводле яе слоў, людзі могуць праз розныя формы — данаты, фінансавую падтрымку арганізацый, удзел у іх дзейнасці: «Калі беларускія ўлады выкарыстоўваюць такія паняцці, як "экстрэмізм" і "тэрарызм", каб выпхнуць людзей, арганізацыі па-за межы легальнай дзейнасці, то гэта, вядома, рэпрэсіі. Нельга называць тэрарызмам і экстрэмізмам усё, што табе не падабаецца».
Ад чаго залежыць абвінавачанне?
Паводле звестак праваабаронцаў, пры допытах затрыманым за ахвяраванні паказвалі банкаўскія выпіскі з пераводамі праз Facebook. Данацілі дзясяткі тысяч чалавек, адзначае заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак: «Мы не можам вызначыць дакладную колькасць людзей, таму што ў данатаў, якія ішлі праз Facebook, не было сегментацыі па краінах. Вядома, нейкая частка людзей знаходзілася ў Беларусі».
Абвінавачанне па такіх справах, лічыць Стрыжак, залежыць не ад памеру сумы даната: «Я б хутчэй правёў сувязь з тым, на што ахвяраваў чалавек. Калі арганізацыя прызнаная "тэрарыстычнай", то, як правіла, санкцыі нашмат больш жорсткія. Калі гаворка ідзе пра данаты арганізацыям, якія сённяшнія ўлады ў Мінску ўважаюць экстрэмістамі, — "BYSOL", "By_Help", то тут сітуацыя крыху мякчэйшая».
Незалежныя СМІ паведамлялі пра тое, што некаторым супрацоўнікам IT-кампаній, банкаўскім работнікам данаты «даравалі». Дакладней, давалі магчымасць адкупіцца ад абвінавачанняў па крымінальным артыкуле — ахвяраваць у некалькі разоў больш якой-небудзь арганізацыі ў Беларусі. «Як правіла, сума была адвольнай, гэта значыць гэта не законам вызначаецца, а канкрэтным следчым — у 10 разоў вам вялікую суму выставяць або 100, — тлумачыць Стрыжак. — Была гісторыя, калі хлопец 400 еўра заданаціў, з яго запатрабавалі 20 тысяч. Вядома ж, ён адразу сабраў клуначак і з'ехаў з краіны».
Стрыжак папярэджвае, што, згаджаючыся «пакрыць» данат, чалавек, па сутнасці, піша на сябе данос, прызнае тое, што гэты ўнёсак быў: «Чалавек дае сілавікам матэрыял, што здзейсніў, на іх думку, злачынства. Сёння яны гэтую справу закрыюць, а заўтра гэтыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны па новай».
Адвакат Антон Гашынскі прыводзіць у прыклад справу са сваёй практыкі. «Сілавыя органы прапанавалі мінчанцы «кампенсаваць» данат у дзесяціразовым памеры. Яна пагадзілася. А потым яе выклікалі і сказалі, што яна не да канца раскаялася: трэба, каб у стократным памеры кампенсавала, — працягвае адвакат. — І дзяўчына вымушана была з'ехаць з краіны. Зразумела, што ў такой сітуацыі ў спакоі не пакінуць».
Гашынскі тлумачыць юрыдычныя нюансы падобных здзелак: у такіх выпадках выносіцца не пастанова аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці, а пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні справы, якую пры жаданні могуць адмяніць, напрыклад, начальнікі следчага або пракуратура.
Як тым, хто рабіў ахвяраванні, абараніць сябе?
Антон Гашынскі падкрэслівае, што пры абароне падазраваны можа адмаўляць аб'ектыўны і суб'ектыўны бакі злачынства. Аб'ектыўны — калі чалавек сцвярджае, што гэта не ён данаціў, пераводу не памятае, да тэлефона з Facebook меў доступ хто-небудзь яшчэ.
Адмаўляць можна і наяўнасць суб'ектыўнага боку злачынства — адсутнасць намеру і, адпаведна, віны (ахвяраваў на пэўныя мэты, не звязаныя з «экстрэмізмам»). Грошы маглі ісці на падтрымку кінутых жывёл, барацьбу з кавідам — гэта ў Беларусі пакуль не забаронена. Асноўная ж рэкамендацыя людзям, якія данацілі і трапілі ў поле зроку сілавікоў, — «сур'ёзна падумаць пра тое, каб пакінуць краіну», перакананы Андрэй Стрыжак.
«Агульная тэндэнцыя такая: спакойнага жыцця ўсё роўна не будзе ў тых, хто трапіў пад пільную ўвагу сілавікоў. Практыка паказвае, што ў такіх аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымах, як беларускі, усе людзі, якія так ці інакш былі заўважаныя ў пратэсных гісторыях, з'яўляюцца "кармавой базай" для сілавікоў, — удакладняе Стрыжак. — Я разумею, што не ўсе могуць з'ехаць. Але ў кожнага, хто знаходзіцца ў такой патэнцыйна небяспечнай сітуацыі, павінны быць як мінімум кантакты праваабаронцаў, каб хутка зрэагаваць, калі атрымаеце "яркія званочкі". Прынамсі, можна пракансультавацца і спытаць, чым гэта небяспечна».