Хронікі рэпрэсій за 11 жніўня

Даносы «неабыякавых грамадзян», затрыманні і паўторныя суды — такія навіны сённяшняга дня знутры краіны.

Рэпрэсіі за 11 жніўня. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Рэпрэсіі за 11 жніўня. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Вячаслава Малейчука, асуджанага на 22 гады пазбаўлення волі, зноў будуць судзіць. Цяпер — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

Раней яго асудзілі 30 траўня 2022 года. 37-гадовы мужчына абвінавачваўся ў «замаху на акт тэрарызму», «падрыхтоўцы да яго здзяйснення паўторна, спалучаным з забойствам чалавека», «незаконным абароце боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў».

Пра затрыманне Малейчука стала вядома 26 сакавіка, калі МУС (загадзя папярэдзіўшы пра нібыта падрыхтаваныя правакацыі апазіцыі на Дзень Волі) заявіла пра «прадухіленне тэрактаў» у мінскай Чыжоўцы і ў вайсковым гарадку ў Печах.

***

Супрацоўніцу Талачынскага лясгаса аштрафавалі на 1110 рублёў «за экстрэмізм». Штраф Вікторыі Казун, маці траіх дзяцей, 21 ліпеня прысудзіла суддзя Талачынскага райсуда Наталля Барысавец. Згодна з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, Вікторыя мела на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» паведамленні аднаго са СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім». За гэта суд аштрафаваў яе на 30 базавых велічынь.

***

У Магілёве будуць судзіць яшчэ адну вучоную. Магілёўскі суд па абвінавачанні ў «распальванні варожасці» будзе судзіць вядомага эколага Ганну Скрыган. Працэс адбудзецца 21 жніўня ў закрытым рэжыме.

Праваабаронцы з «MAYDAY» не ведаюць акалічнасцей крымінальнай справы і затрымання вучонай.

Ганна Скрыган — кандыдатка геаграфічных навук, былая кіраўніца магілёўскага аддзялення міжнароднага аб'яднання «Экапраект». Удзельнічала ў навуковых канферэнцыях, звязаных з экалогіяй і урбаністыкай. У Беларуска-расійскім універсітэце ў розны час была дацэнтам кафедры «Бяспека жыццядзейнасці», а таксама загадчыцай кафедры «Аўтамабільныя дарогі».

***

У Гродне затрымалі дзвюх супрацоўніц «Белдзяржстраха». Адна з іх (верагодна, Таццяна Шылава), кажа, што была падпісана ў сацсетцы Instagram на «Зеркало». Разам з ёй была затрымана вядучая бухгалтарка — таксама за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

***

Затрымалі мінчука з татуіроўкай «Свабода ці смерць». ГУБАЗіК паведаміў, што на мужчыну данеслі «пільныя грамадзяне». Сілавікі паказалі фотаздымак мужчыны, які сядзіць на прыпынку «Грушаўская», у кадр трапіла і яго татуіроўка. Акрамя гэтага ў яго нібыта была БЧБ-стужачка на сумцы.

Невядома, на якой падставе сілавікі лічаць нацыянальны дэвіз Уругвая «Свабода або смерць» («Libertad o muerte») экстрэмісцкім.

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 35 прозвішчаў — сярод іх украінка і узбек.

11 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе 3146 чалавек.

Сярод іншых, у спіс дадалі фігурантаў «справы Рабочага руху» Сяргея Шэлеста, Уладзіміра Жураўку, Андрэя Пагерылу, Ганну Аблаб, Аляксандра Гашнікава, Сяргея Дзюбу, Ігара Мінца, Валянціна Церэневіча, Сяргея Шамецьку, Аляксандра Капшуля, грамадзянку Украіны Аксану Лакоза, грамадзяніна Узбекістана Ільдара Таўхітава, піша «Вясна».

***

Паводле ініцыятывы прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаннях Вольгі Гарбуновай @klopat_by, на дадзены момант няма аніякай інфармацыі пра самых вядомых палітвязняў: Марыю Калеснікаву — 178 дзён, Максіма Знака — 183 дні, Мікалая Статкевіча — 184 дні, Ігара Лосіка — 173 дні, Сяргея Ціханоўскага — 155 дзён, Віктара Бабарыку — 106 дзён.

***

На сённяшні дзень у спісах палітычных зняволеных праваабарончага цэнтра «Вясна» знаходзяцца 1487 прозвішчаў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1739 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.