Чарговы дзень народзінаў за кратамі. Павіншуйце Міколу Статкевіча!
Сёння я не змагу цябе абняць і не змагу пазваніць, каб асабіста пажадаць здароўя і моцы. Ніводзін ліст, ніводная паштоўка, ніводная тэлеграма не праціснуцца сёння да цябе за краты. Таму я буду віншаваць цябе публічна і ў думках. Заклікаю нашых чытачоў таксама гэта зрабіць на сваіх старонках ці ў каментарах. З днём народзінаў, Мікола!
Мне б вельмі хацелася сёння пазваніць табе і спытаць: «Куды прыязджаць?». А пасля прыхапіць апошні нумар «Новага Часу» (ты яго не бачыў, ён вярнуўся з калоніі і чакае лепшых часоў), імчацца куда-небудзь за горад, каб абняць цябе і Марыну. Сказаць, як я рада за вас, як ганаруся вамі. Каб падняць келіх таго самага шампанскага за цябе і за Беларусь! І вы з Марынай будзеце такія шчаслівыя, і будзеце трымацца за рукі, і проста свяціцца каханнем… Памятаеш, як у 2015-м, калі цябе выпусцілі?
А памятаеш, як у 2016-м мы размаўлялі з табой напярэдадні твайго 60-годдзя? Гэта быў той рэдкі выпадак, калі ты адзначаў дзень народзінаў не за кратамі. Я тады спытала ў цябе: «Дык можа час плюнуць на ўсё гэта змаганне? З’ехаць куды падалей і жыць звычайным жыццём, без Плошчы, сутак, штрафаў, турмы? Разам з каханай, побач з дочкамі і ўнукамі?».
А ты адказаў: «На што плюнуць? На краіну? Для мяне Беларусь, хай гэта прагучыць пафасна, — частка мяне самога. Акрамя таго, што значыць нармальнае жыццё? У кожнага сваё жыццё. І ў маім жыцці няма месца звычайным радасцям абывацеля (смяецца). А сур’ёзна, калі я з’еду, буду жыць ціха і спакойна — гэта будзе, напэўна, для кагосьці самае нармальнае жыццё, але гэта будзе не маё жыццё. У мяне было шмат часу, асабліва ў адзіночцы, каб пра ўсё гэта падумаць, усё асэнсаваць і для сябе зразумець. Таму зараз я дакладна ведаю, што ў любым узросце, здаровым ці хворым, я буду намагацца хоць што-небудзь зрабіць для краіны, без якой сябе не ўяўляю. І дзякуй Богу, зараз моцы ў мяне дастаткова».
Ты не здрадзіў за гэты час ні сабе, ні краіне. Ты так моцна любіш Беларусь, што ці то ад зайздрасці, што яны так не ўмеюць, ці ад няздольнасці наогул любіць нешта акрамя свайго карыта, яны люта помсцяць табе на кожным кроку. Чаго толькі не рабілі: кідалі ў ШІЗА, адзіночкі, пазбаўлялі ўсяго, чаго толькі можна і не можна… Ім так карціць зламаць цябе, каб хоць так апраўдаць сваю някчэмнасць і нялюдскаць. Зараз яны катуюць цябе невядомасцю. Больш за 6 месяцаў ад цябе няма ніводнай вестачкі, і да цябе не даходзіць ніякай інфармацыі. Ведаю, гэта самае страшнае катаванне. Але таксама ведаю, што ты і гэта вытрымаеш. А пасля абавязкова раскажаш, пра ўсё, як кожнай клетачкай адчуваў нашу падтрымку. Як ледзь не чуў усе тыя пажаданні, якія будуць гучаць у сэрцах тысяч людзеў у Беларусі і за яе межамі.
А яшчэ раскажаш, як адчуў цеплыню рук тваёй каханай Марыны. Як засынаў у яе абдымках, хоць і не мог зрабіць гэта фізічна. Памятаеш, ты расказваў пра смаўжоў: «Ёсць рэчы, у якія, здаецца, немагчыма паверыць. Але яны існуюць. Я чытаў некалі пра эксперыменты з перадачай вобразаў праз вялікія адлегласці з удзелам людзей. А яшчэ пра вопыты на смаўжах. Сфармаваную пару смаўжоў развозілі па розныя канцы акіяну, і калі на адным беразе калолі смаўжа, і ён сціскаўся, на супрацьлеглым беразе смоўж таксама сціскаўся. І мы — як тыя смаўжы». А пасля ты рассказаў, што напісаў пра гэта ў лісце, а цэнзар, які не ведаў беларускай мовы, папярэдзіў, каб ты не пісаў абразы ў лістах…
Цікава, што ты зараз пішаш у тых лістах, што не даходзяць на волю? Канечне ж, пра тое, што кожны чалавек павінен пражываць сваё жыццё — не чужое. Ісці сваім шляхам. А каб ісці па ім годна, не трэба баяцца. І пра тое, што Беларусь ёсць, але яна пад пагрозай. Трэба нешта рабіць, каб яе захаваць, колькі хопіць сіл… Таму нельга спыняцца, а вынікі будзем падводзіць у дэмакратычнай Беларусі, за якую яшчэ трэба пазмагацца…
І, магчыма, ты зноў пішаш Марыне: «Не хвалюйся за мяне, калі ласка. Я шмат праз што прайшоў, да ўсяго гатовы і нішто мяне не палохае. Ды й смешна палохацца на 66-м годзе такога насычанага жыцця. Тым болей недарэчна адмовіцца ад таго, што што было зроблена за другую палову гэтага жыцця. Калі ўжо столькі людзей падзяляюць такі шлях. Тым болей недарэчным для мяне было б спаскудзіць сваімі паводзінамі зробленае, каб уратаваць ад пакутаў яшчэ не пражытую (невядома якую) частку жыцця. Гэтага ніхто не дачакаецца».
Я бязмежна ганаруся, што амаль 30 гадоў таму мела шчасце пазнаёміцца з табой. Цешуся тым, што магу назваць цябе сваім сябрам. Веру, што абавязкова яшчэ не раз падніму келіх за тваё здароўе і ваша з Марынай шчасце. А вакол будуць бегаць унукі і праўнукі. А пасля мы будзем стаяць на ганку вашай з Марынай новай хаты і любавацца тым, як у прамянях сонца лунае наш дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг. Будзе такі ж цёплы жнівеньскі вечар. Будзе побач твая каханая і твае сябры. І будзе Беларусь — вольная, незалежная, дэмакртычная. Пра якую ты дбаеш усё сваё жыццё.
З Днём народзінаў, Мікола! Здароўя табе і трываласці!