Хронікі рэпрэсій. У Оршы судзяць былога супрацоўніка МУС, затрымалі загадчыцу інтэрната БДЭУ

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 10 жніўня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1_logo.jpg_logo.webp

Суд у Оршы працягвае разгляд справы былога супрацоўніка МУС Ігара Веккера. Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Ганна Кубракова.

Веккера абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных (ч. 1 арт. 203-1 КК), неправамернае завалоданне кампутарнай інфармацыяй (ч. 1 і ч. 2 арт. 352 КК), злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК).

Інфармацыі пра Ігара вельмі мала: яму 29 гадоў, пасля сканчэння ў 2017 годзе Акадэміі МУС працаваў у аддзеле Дэпартамента «Ахова» ў Оршы, займаўся спортам.

Суд Брэсцкага раёна 8 і 9 жніўня разглядаў крымінальную справу, заведзеную на 35-гадовага Міхаіла Літвака. Мужчыну абвінавачвалі паводле арт. 369 КК у публічнай абразе прадстаўніка ўлады. Суддзёй на працэсе выступаў Сяргей Маручак, дзяржабвінаваўца — памочкік пракурора раёна Аляксандр Таранько.

Міхаіла абвінавачвалі ў тым, што 9 жніўня 2021 года ў тэлеграм-чаце «Рэальная Беларусь Чат» ён пакінуў паведамленне, якое прызналі публічнай абразай камандзіра ўзвода АМАПа Валянціна Пашкевіча, а менавіта выкарыстаў слова «дэбіл». На судзе Пашкевіч, які абразіўся, прысутнічаў асабіста. Згадаў, што цяпер у Менску разглядаецца яшчэ адна крымінальная справа за каментар пра яго.

Прысуд Літваку абвясцілі 9 жніўня, але рашэнне пакуль невядомае.

Аршанскі суддзя Мікалай Драгуноў 27 ліпеня за правядзенне пікету ў сацыяльных сетках пастанавіў аштрафаваць на 1110 рублёў Інгу Тыльчык.

Згодна з матэрыяламі справы, «правапарушальніца», з 14 лістапада 2020 года па 18 ліпеня 2023 года ў парушэнне парадку правядзення пікетавання, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў, прыняла ўдзел у масавым мерапрыемстве».

Гэта выявілася ў тым, што Інга была сфатаграфаваная на фоне «палотнішча бел-чырвона-белага колеру», пры гэтым яна не атрымала дазволу мясцовага кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама.

Гомельскі абласны суд у панядзелак пачне разгляд справы жыхара Мазыра Пятра Старацітарава, абвінавачанага па шэрагу пратэсных артыкулаў. Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Суддзя — Яўген Шаршнёў.

Напачатку жыхара Мазыра абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі паводле арт. 368 КК. Зараз вядома, што артыкулаў прад'явілі значна болей: ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці).


Глядзіце таксама

Палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну перавялі ў гомельскую калонію.

Нагадаем, 17 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Дзіна Кучук асудзіла кожную з іх да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года.

Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.

Затрыманы журналіст-фрылансер, відэаблогер з Пінска, уладальнік сайта і старонкі ў TikTok «Пра Столін» Аляксандр Ігнацюк. Ён даўно жыў на адлюддзі на Палессі, таму аб ягоным затрыманні стала вядома выпадкова і толькі праз тры дні. Неабыякавыя занепакоіліся, што ён даўно не выходзіць на сувязь.

Апынулася, што Аляксандр змешчаны ў берасцейскае СІЗА-7. Па неправеранай інфармацыі, яму інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).

Журналіста «Ранка» Андрэя Ліпскага аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў).

Раніцай 2 жніўня ў кватэру журналіста ўварваліся людзі з ГУБАЗіКа разам з АМАПам. Яны паказалі санкцыю пракурора адносна «зняваг і пагроз у тэлеграм-чаце на адрас супрацоўніка Следчага камітэта».

У кватэры шукалі беларускую сімволіку. Нічога не знайшлі, але вынялі два смартфоны: адзін — журналіста, другі — ягонай маленькай дачкі.

Пасля ператрусу Ліпскага даставілі ў РАУС — там участковы інспектар склаў пратакол пра «экстрэмісцкія матэрыялы». Падставай для пратаколу стала тое, што Ліпскі быў падпісаны на Youtube-каналы «Жыве Беларусь» і «Телеканал "Прямий"», а ва «Укантакце» — на суполку «Чай с малиновым вареньем». Усе гэтыя старонкі раней унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх». Да суда Ліпскага змясцілі ў ІЧУ Светлагорскага РАУС.

3 жніўня суддзя Гулевіч прысудзіла журналісту штраф у 20 базавых велічынь і канфіскавала смартфон у прыбытак дзяржаве. Што будзе са справай пра «знявагі і пагрозы», пакуль невядома.


Глядзіце таксама

У Гомелі затрымалі ўладальніка буйнога бізнэсу Дзмітрыя Лебедзева. Мужчына з'яўляецца ўладальнікам камерцыйных аб'ектаў у Гомелі. Яго схапілі за падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Затрымалі загадчыцу інтэрната БДЭУ Алену Драбудзька. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчына «падбухторвала студэнтаў да ўдзелу ў парушэнні закона ў 2020 годзе і агітавала супраць улады да гэтага часу». На відэа затрыманая кажа, што ўдзельнічала ў адной з мірных акцый пратэсту ў 2020-ым годзе.

За каментары ў тэлеграме затрыманы 37-гадовы Міхаіл Рагаўцоў. Цяпер мужчыне пагражаюць крымінальнай справай.

У Гродне быў затрыманы мясцовы жыхар, яго прозвішча не паведамляецца. На змантаваным сілавікамі відэа мужчына кажа, што яго затрымалі за каментары ў сацсетках, у якіх ён нібыта абражаў Лукашэнку і супрацоўнікаў міліцыі.