Аляксей Гайшун: «Сведкам на нашым вяселлі быў самы люты вертухай»

Аляксей Гайшун — пісьменнік і перакладчык з Бабруйска, за ўдзел у пратэстах быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. Напрыканцы красавіка вызваліўся з ПК-15, адбыўшы свой тэрмін цалкам, і некалькі тыдняў таму экстранна пакінуў Беларусь. 

Аляксей Гайшун, фота з асабістага архіва героя публікацыі

Аляксей Гайшун, фота з асабістага архіва героя публікацыі


Падчас знаходжання за кратамі палітвязень ажаніўся, напісаў тры кнігі, а таксама распрацаваў уласную методыку выжывання ў няволі. Пра гэта ды іншае Аляксей Гайшун распавядае ў эксклюзіўным інтэрв’ю «Новаму Часу».

«Штуршком стала выступленне Святланы Ціханоўскай»

— Аляксей, чым для цябе стаўся 2020 год? Як і чаму ты далучыўся да пратэстаў?

— Па шчырасці, да 2020 года я быў даволі апалітычным чалавекам, быў больш засяроджаны на сваёй працы — перакладчыцкай дзейнасці. У мяне быў невялічкі, звязаны з гэтай сферай, бізнес. Хаця на выбарах 2010 года я галасаваў за свайго земляка Віталя Рымашэўскага. І ўжо тады, дарэчы, адзначыў для сябе, што большасць студэнцтва выступала катэгарычна супраць дзеючай улады — маўляў, хто заўгодна, толькі не Лукашэнка. Я зразумеў тады таксама, што галасы на выбарах ніхто не лічыць, што вынікі фальсіфікуюцца.

У 2020 годзе моцна пацярпеў мой бізнес. Спачатку праз пандэмію, пасля дадаліся і палітычныя чыннікі. Я ў той час жыў у Гомелі, і вось прагульваюся неяк з сябрам па вуліцы і ўсюды заўважаю надпісы «3%». Я запытаўся тады ў сябра, што гэта значыць. Ён патлумачыў пра «Сашу тры працэнты». 

Незадоўга да галасавання я трапіў у Гомелі на выступленне Святланы Ціханоўскай. Паслухаць яе прыйшло вельмі шмат людзей. Я не ішоў на мерапрыемства адмыслова, проста прагульваўся каля Дома культуры, але выступленне Ціханоўскай прыцягнула маю ўвагу. Я спыніўся і далучыўся да гэтага імправізаванага сходу. І, трэба прызнацца, з таго моманту больш пачаў цікавіцца палітычнымі падзеямі ў краіне. 


…В любой голове должен быть царь. В любой компании должен быть лидер. Не такой, которого назначают придворные аристократы или партийные дегенераты, и не такой, который наворовал достаточно, чтобы оставаться лидером за бабло, на деле являясь просто курвой. Лидер должен вести. Показывать на собственном примере, что любой вызов  это, по сути, ничто, если с достаточной готовностью его принять…

Урывак з кнігі, над якой працуе Аляксей Гайшун. Тут і далей публікуецца на мове арыгінала

У дзень выбараў у мяне планавалася здача вялікага тэхнічнага перакладу. Здзелка была сарвана, бо ў Беларусі абрубілі інтэрнэт. Калі праз некалькі дзён інтэрнэт быў адноўлены і я даведаўся пра ўвесь гэты кашмар, што адбываўся ў апошнія дні, пра зверствы сілавікоў, мяне перасмыкнула. 

Усе людзі, з якімі я размаўляў у гэтыя дні, былі вельмі абураныя: казалі, мала таго, што нас пазбавілі галасоў, дык яшчэ і збіваюць, катуюць. Абыякавых я не сустракаў увогуле. Я далучыўся да пратэстаў і хадзіў на ўсе акцыі, пакуль мяне 20 верасня не затрымалі. Тады мне далі 8 сутак па адміністрацыйным артыкуле 23.34. 

Пасля выйсця з сутак у маім жыцці пачаўся новы этап — паўтара гада мяне цягалі на шматлікія допыты, увесь час тузалі. Сілавікі намагаліся, каб я кагосьці здаў, паказвалі мне відэа з маім удзелам і прыпісвалі ўсіх, хто ішоў побач, да кола маіх знаёмых. Я прыкідваўся шлангам: маўляў, нічога не ведаю, нікога не пазнаю і гэтак далей. Калі ў чарговы, мо дзясяты, раз мяне на пачатку 2022 года выклікалі на допыт, растрыбушылі тэлефон і нічога там не знайшлі, то пачалі вазіць па розных РУУС. Усе гэтыя паездкі скончыліся прад’яўленнем абвінавачання па артыкуле 342. Паказанні я даваць адмовіўся. 

Мяне павезлі ў ІЧУ. Усю дарогу мне падавалася, што гэта нейкі дурны сон і што зараз усё скончыцца, што гэта нейкая памылка і мяне неўзабаве адпусцяць. 

«У СІЗА схуднеў на 40 кілаграмаў»

— У ІЧУ мяне пратрымалі тры дні, там, як і ў КПЗ, было вельмі халодна. Пасля мяне перавялі ў гомельскі следчы ізалятар, у каранцінную камеру. Адразу кінулася ў вочы, што замест акна там дзірка. Гэтая камера, дарэчы, лічыцца самай бруднай у СІЗА. Суцэльная антысанітарыя. Я жахнуўся, калі туды трапіў. 

Кепскае прадчуванне ўзнікла ўжо тады, калі аўтазак падвёз нас да цьмяных падвалаў. Пасля — вобшук, падчас якога ў мяне растрыбушылі ўсё, нават падэшвы ў башмаках ускрылі. Супрацоўнікі паводзілі сябе вельмі груба.

У каранціннай камеры я сустрэў чалавека, што знаходзіўся там ўжо паўгода. Мяне перасмыкнула, падумаў тады: як гэты небарака столькі вытрымаў у такіх умовах…

За час знаходжання ў следчым ізалятары я страціў 40 кілаграмаў. З-за стрэсу і з-за таго, што не мог есці тую ежу, што нам там прапаноўвалі. Гэта і ежай цяжка было назваць.

…В этом холодном, будто склеп, помещении я провел тринадцать часов, пытаясь не вырубиться на ледяном полу, отшучиваясь от вусмерть пьяного стукача и представляя, как там, за толстенной стеной, кружась и переливаясь в свете ночных городских огней, как в наши лучшие с ней времена, с неба все еще тихо падает снег….

— Ведаю, што ты ажаніўся ў следчым ізалятары…

— Так. А сведкам на цырымоніі быў самы люты супрацоўнік СІЗА. Дужа цяжкое ўражанне засталося ад усяго гэтага мерапрыемства… Нацягнутыя, іранічныя ўсмешкі служак, суцэльнае крывадушша. Яны нас кожны дзень гнаяць і прыніжаюць, а тут раптам у прысутнасці супрацоўнікаў ЗАГСа пачалі ветліва ўсміхацца. 

Дарэчы, у нас з жонкай атрымалася пацалаваць адно аднаго. Але спаткання нам не далі. 

«Уяўляў, што за гэтай сітуацыяй назіраю збоку»

— Як ты выжываў за кратамі? Што дапамагала табе трымацца? 

— Каб абараніць сваю псіхіку, я ўявіў, што гэта адбываецца не са мной, што я нібыта за ўсёй гэтай сітуацыяй назіраю збоку. 

У мяне было два метады псіхалагічнай абароны — суцэльны сыход ад рэчаіснасці і самадысцыпліна. Я разважаў так: калі мне ствараюць рэжымныя ўмовы, то я не буду соплі распускаць, а пастаўлю сябе ў яшчэ больш жорсткія рамкі, як у войску, каб шакавальная рэчаіснасць мяне не шакавала яшчэ больш. 

…меня довольно быстро осадили люди, которые ментовского милосердия хлебнули уже сполна. А то, что мне предстояло узнать в дальнейшем, на атомы расщепило без малого все, во что я верил раньше. Пока же успокаивало одно. Удивительно, но мне не запретили общаться с близкими. После недели кромешной тьмы, смертельного холода и сырых подвалов я мог написать письмо домой…

Я імкнуўся знаходзіць цікавых суразмоўцаў, размаўляць з імі пра штосьці ўзвышанае. Шмат чытаў, а пасля пачаў пісаць сам. Напісанае абмяркоўваў з сукамернікамі. У іншай камеры быў ужо трошкі іншы кантынгент, іншыя ўмовы, я пачаў атрымліваць перадачы з дома, ачуняў, прыйшоў у сябе, адчуваў пэўнае натхненне. Але ад рэальнасці ўсё роўна сыходзіў — перш за ўсё, у літаратуру.  

— Пра што твае кнігі?

— У мяне два асноўныя напрамкі. Гэта фантастыка і творы «на злобу дня».

У маіх фантастычных творах, напісаных за кратамі, увогуле нічога з рэальнасці няма. Я цалкам ад яе, рэальнасці, дыстанцыянаваўся, каб уратаваць сваю псіхіку. 

Вядома, многае ў маіх творах падвяргалася і самацэнзуры, я апасаўся, што ў мяне наўпрост у рэжыме рэальнага часу ўсё пачнуць адбіраць. Не пісаў пра кнігі і ў лістах дамоў, рукапісы ці вытрымкі з тэкстаў таксама не дасылаў, каб не даваць адміністрацыі на самога сябе наводку. 

Калі казаць пра творы на «злобу дня», то гэта апісанне майго досведу за кратамі, маіх асабістых перажыванняў, пачуццяў, назіранняў. Адметнасць гэтых твораў яшчэ і ў тым, што я праз іх хацеў бы дагрукацца да свядомасці тых, каго гэтыя жудасныя рэпрэсіі не закранулі.

…Не успев толком отойти от попыток ментов натолкать мне в плечи грехов пострашнее и состоявшегося наконец-таки допроса, уже в статусе подследственного, я впервые перестал видеть перед собой только панические флеш-форварды и начал делать первые несмелые попытки осмотреться. Нервные перекуры в строго отведенном месте, а именно над унитазом, и ободряющие голоса соседей позволили мне довольно быстро встать на ровные рельсы и уже самому пытаться кому-то что-то подсказать…

Даволі балюча асэнсоваць, што некаторыя беларусы дагэтуль абыякава ставяцца да таго, што адбываецца ў краіне, маўляў, ай, дык усё ж добра, абы не было вайны. А тым часам нічога добрага няма. Калі я вызваліўся, то спрабаваў раскрыць вочы такім людзям, калі іх сустракаў. Цяпер хачу зрабіць гэта і праз свае творы.  

Якім чынам я пішу гэтую кнігу пра свой досвед, як аднаўляю ўспаміны? Крыніцай служаць мае лісты, што пісаў з калоніі дадому. Перачытваю тыя ці іншыя радкі — і ў галаве адразу шмат асацыяцый, эмоцый, што я адчуваў у тыя хвіліны, калі знаходзіўся за кратамі.

«Першае спагнанне атрымаў у каранціне»

— Асабіста для мяне найбольш цяжкія ўспаміны звязаны менавіта з калоніяй. У цябе таксама?

— Так. Яшчэ перад тым, як я туды трапіў, зняволеныя растлумачылі мне, што ўсе зоны ў Беларусі «чырвоныя», гэта значыць знаходзяцца пад суцэльным кантролем адміністрацыі. Але калі прыехаў у «пятнашку», убачыў, што ў асуджаных таксама ёсць свае правілы ўнутры калоніі, якіх там прытрымліваюцца. 

Першае, што я там спрабаваў зрабіць — адаптавацца. Вельмі прыдаліся ў гэтым сэнсе і парады сукамернікаў з СІЗА. Дарэчы, я супраць выкарыстання слова «прызвычаіцца», бо прызвычайвацца да такіх месцаў, да няволі, да такой рэчаіснасці не трэба.

Я прыехаў летам, але ўсё роўна было вельмі халодна. Я пачуваўся знясіленым, моцна хварэў у каранціне, мяне ўвесь час трэсла. Падчас этапавання мне не дазволiлi ўзяць з сабою вітаміны, што жонка перадала ў СІЗА напярэдадні, маўляў, няма больш юрысдыкцыі. Праз нейкі час я ачуняў і ўжо не адчуваў такога страшэннага холаду. Неяк прыстасаваўся і да побытавых умоў.  

…Говоря о гастрономической ценности кормежки режимных объектов, есть риск любым, даже самым отвратительным сортирно-пердильным ругательством… ее перехвалить. Еще служа в армии, я поражался той искусности, с которой служба довольствия была способна испортить даже воду и соль. Это место было далеко не исключением. Обычные на вид продукты подвергались, как мне казалось, групповому надругательству, а о витаминах в этой баланде можно было лишь мифы слагать…

З часам у каранцін пачалі заязджаць іншыя палітычныя. І хоць камунікацыя паміж намі не віталася, мы ўсё роўна з асцярожнасцю стасаваліся. Там было шмат падсадных качак, ва ўсім трэба было быць вельмі асцярожным. 

Адміністрацыя з самага пачатку ламала палітычным хрыбты: імкнулася даць палітвязню як мага болей спагнанняў яшчэ ў каранціне — каб паказаць нам, так бы мовіць, наша месца. Парушэнні нам давалі на роўным месцы. Чапляліся да ўсяго: не так даў даклад, не так зашпіліў гузік, вырашыў пагрэцца і надзеў шалік — страшнае парушэнне. І шмат хто з палітвязняў ішоў у ШІЗА наўпрост з каранціна. А некаторыя палітычныя фактычна ў каранціне і не былі — праз тое, што ўвесь час сядзелі ў штрафным ізалятары. 

Вядома, гэта адпрацаваная схема, і адміністрацыя ўсё рабіла наўмысна. Калі такія «парушэнні» былі ў звычайных асуджаных, супрацоўнікі заплюшчвалі на гэта вочы. Палітвязням жа не даравалася нічога.

…я слыхивал о разных попытках мусорни докопаться до подноготной запертых ими в клетку виноватых… и не очень, подкидывая им стукачей. Эти попытки в большинстве случаев прекращались незадолго до суда, как, кстати, и в моем случае. И уже позднее, в который раз думая над смыслом этих колхозно-чекистских телодвижений, я все же счел их гораздо гуманнее, чем пытки или давление на родственников…

Сваё першае парушэнне я таксама атрымаў у каранціне. Мяне выклікалі ў кабінет начальніка каранціна, я даў даклад, мяне адпусцілі. Літаральна хвіліны праз дзве гэты начальнік зноў мяне выклікае і прыдзіраецца да таго, што я, маўляў, з ім не павітаўся і не даў даклад. Дзіўная прэтэнзія, бо мы ж толькі што бачыліся і віталіся, і я даваў даклад. Службоўца на гэта адказаў, што я парушаю правілы, бо даклад трэба даваць увесь час. 

Мне далі спагнанне і пазбавілі пасылкі. Наступныя парушэнні на мяне навесілі нібыта за выкарыстанне жаргону і лаянкі. У мяне гісторыка-лінгвістычная адукацыя, і такіх маўленчых абаротаў я сабе не дазваляю. Дарэчы, рэгламенту падзелу на жаргонныя і нежаргонныя словы ў папраўчых установах не існуе зусім. Але хіба ім штосьці дакажаш? Сіла і адміністрацыйны рэсурс на іх баку. Так я трапіў урэшце ў ШІЗА.

Неўзабаве з мяне зрабілі злоснага парушальніка рэжыму. Па маіх назіраннях, большасць палітвязняў мелі такі статус.

Пра спатканні я ніколі не хадайнічаў, бо ў калоніі такі зварот аўтаматычна азначаў ШІЗА, а ствараць сабе праблемы «звыш нормы» не ў маіх правілах. Калі палітвязень пісаў заяву на спатканне, на яго адразу ж навешвалі мноства парушэнняў, гэтага спаткання, вядома, у рэшце пазбаўлялі і яшчэ саджалі ў штрафны ізалятар. 

…В коридоре тоскливо завывал ветер, словно он заплутал в этом бастионе отчаяния и мрачной сырости, ведомый, как и мы, через все здание и каждый раз по-разному, специально, чтобы не было возможности сразу все здесь запомнить, и теперь, отчаявшись выбраться, забился где-то в уголке и рыдал, лишившись остатков рассудка. Гнетущий флёр этого места дополняли тусклые лампочки, в это время суток казавшиеся факелами средневековых темниц…

— А ці атрымліваў ты, знаходзячыся за кратамі, хаця б зрэдку лісты ад незнаёмых людзей?

— Не, ніколі. Мяне адразу, яшчэ ў СІЗА папярэдзілі, што нічога аддаваць не будуць.

— Каго з палітвязняў ты там сустракаў?

— Андрэя Войніча, Алега Груздзіловіча, Кіма Самусенку, Арцёма Такарчука. Апошняга асудзілі за (наколькі памятаю) нібыта гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Ён атрымаў значна большы тэрмін, чым я. Але асуджаныя па побытавых артыкулах Арцёма за яго ўчынак паважалі.

Сустракаў і шмат іншых палітычных. У асноўным гэта звычайныя хлопцы, якія напісалі каментар ці паставілі лайк, ці папросту трапілі ў поле зроку відэакамер. 

З Алегам Груздзіловічам пасля вызвалення мы, дарэчы, спісаліся. Я вельмі цешуся, што ў яго цяпер усё добра.

…Не то чтобы дни были уж совсем однообразными. Любое шевеление снаружи или отрыжка из спецотдела в виде очередной грязно-желтой бумажки с продлением содержания под стражей вызывали шквал обсуждения и воспринималась как ничего-себе-событие. А уж если речь заходила про письма или передачи… Это были моменты искренней радости для всех, означавшие, что адрес нашей камеры все еще помнит кто-то… из людей…

«З-за кратаў вярнуўся зусім іншым»


img_20230810_165615_472_logo.jpg

— Як ты пачуваешся, як ідзе працэс аднаўлення?

— З-за кратаў я вярнуўся зусім іншым. Плюс фактычна вярнуўся да разбітага карыта. Працы не было, усе кліенты разбегліся, з дзяржпрадпрыемствамі працаваць больш не хацелася. Нават некаторыя старыя знаёмыя баяліся мець са мной зносіны. Плюс увесь час была пільная ўвага з боку міліцыі. 

Я зразумеў, што спакойна мне тут жыць не дадуць, таму прыняў рашэнне аб ад’ездзе.

Пакрысе аднаўляюся, але маю пэўныя праблемы са здароўем: большую яго частку давялося пакінуць за кратамі. Але я зыходжу з таго, што вярнуўся адтуль жывым — і гэта ўжо добра. Неяк аднаўлюся з часам, развальвацца на кавалкі я не збіраюся. У мяне шмат планаў, у тым ліку творчых.

Свой маральна-псіхалагічны стан на дадзены момант дакладна не магу ахарактарызаваць. Цяпер, калі я ў бяспецы, у Еўразвязе, канешне, пачуваюся лепей, але душа ўсё роўна не на месцы. 

…Первичный ужас перед обстоятельствами сменялся отчаянием и безразличием к происходящему, затем  перетекал в напряженное ожидание и скоротечные вспышки надежды, снова сникавшие под гнетом наваливавшихся дурных вестей и личных переживаний. Было ли это мое отношение к происходящему лишь отголосками моих кошмаров? Может, в действительности за стеной были райские кущи и идиллия всеобщего благоденствия, иллюзия которой так тщательно насаждалась и вколачивалась в полупустые головы автохтонов этих выщербленных асфальтовых лабиринтов? Как бы не так…


Што датычыцца творчых планаў, то аднаўляю знішчаныя ў калоніі творы і пішу кнігу пра перажытае за кратамі. У мяне вельмі шмат і ідэй, і тэм — і адносна фантастычных твораў, і адносна шмат чаго іншага. Калі мая кніга пра перажытае будзе мець пэўны поспех, то, мяркую, я працягну пісаць творы «на злобу дня». Хачу напісаць таксама пра сваё жыццё пасля вызвалення.  

Мае тры кнігі, што не змог вынесці з калоніі, па загадзе адміністрацыі я знішчаў сваімі рукамі… у іх прысутнасці... Яны дамагліся гэтага праз пагрозу новай крымінальнай справай. Але я абавязкова аднаўлю свае творы, я не спынюся, я буду пісаць. 

img_20230810_165636_698_logo.jpg

— Якой ты бачыш будучыню Беларусі?

— Гэта вельмі складанае пытанне. Прасцей, мабыць, адказаць, пры кім я не бачу Беларусь будучага. І тут адказ відавочны. 

Я перакананы, што дэмакратычныя перамены ў Беларусі адбудуцца, гэта да варожкі не хадзі. Толькі як хутка гэта адбудзецца… думаю, на гэтае пытанне ніхто цяпер не зможа адказаць. Тут вельмі шмат чыннікаў, якія шчыльна паміж сабой звязаны. 

Неаспрэчна адно: будучыня Беларусі — еўрапейская. У нашага народа вялікі патэнцыял, беларусы вельмі адукаваныя і прагрэсіўныя, і калі ўлада нарэшце будзе ў слушных руках, краіна адродзіцца, я ў гэтым перакананы.