Па крымінальнай справе затрымалі стачкамаўцаў «Нафтана» Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка
Супрацоўнікі АМАПу меркавана 11 жніўня ў вёсцы каля Наваполацка затрымалі былую старшыню незалежнага прафсаюзу ААТ «Нафтан» і актывістку Вольгу Брыцікаву і стачкамаўца прадпрыемства Аляксандра Кухаронка. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Вядома, што іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»).
Затрыманая таксама і жонка Аляксандра. Яны маюць
непаўнагадовых дзяцей.
Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка неаднаразова
затрымлівалі ў 2020 – 2022 гадах і арыштоўвалі адміністрацыйна. Вольга запар
атрымала 75 сутак арышту.
У мінулым годзе Вольга
Брыцікава правяла на «сутках» 105 дзён, 75 з іх — запар.
Апошні раз у 2022
годзе Вольгу Брыцікаву затрымалі 1 лістапада. Затым ёй двойчы прызначалі па 15
сутак арышту. У першая палове года яна пяць разой запар была арыштавана на 15
сутак пасля затрымання ў дзень лукашэнкаўскага «рэферэндуму».
За кратамі Вольга
абвяшчала галадоўку — прычынай стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова
супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.
Раней, калі
з'явілася інфармацыя пра перавод Вольгі ў СІЗА Віцебска, узніклі меркаванні, што
на яе завялі крымінальную справу. Але гэта не спраўдзілася.
Таксама паведамлялася, што падчас адбыцця Вольгай «сутак» затрымлівалі яе сына Ягора, які якраз вярнуўся з войска і прадстаўляў інтарэсы жанчыны ў судзе. Аднак пазней хлопца адпусцілі.
Аляксандр Кухаронак
— адзін з першых супрацоўнікаў «Нафтана», хто ў 2020 годзе абвясціў стачку на
прадпрыемстве ў знак пратэсту супраць беззаконня.
Старшы аператар ААТ «Нафтан» тады запісаў відэазварот. Ён паведаміў, што яго стаж на заводзе складае 14 гадоў.
«Я далучаюся да нацыянальнага страйку і не заступаю ў начную вахту 27 кастрычніка і далей па графіку датуль, пакуль не будуць выкананыя патрабаванні, выкладзеныя ў народным ультыматуме. Хтосьці скажа, што забастоўка не па законе, а людзей б'юць па законе?» — сказаў ён.
Мужчына звярнуў увагу, што ўжо два месяцы прайшло пасля таго, як на «Нафтане» былі вылучаныя патрабаванні, подпіс пад якімі паставілі каля трох тысяч чалавек, але нічога дагэтуль не памянялася.
«Невядомыя выкрываюць шафы ў бытоўках. Сёння раніцай, напрыклад, на многія прадпрыемствы кіраўніцтва прапусціла АМАП і аўтазакі. Гэта таксама па законе?» — адзначыў тады рабочы.
«Каб цяпер зарабіў закон, трэба ўсім спыніцца. Жыве ці не жыве?» — сказаў Аляксандр Кухаронак.
Спробы страйку ў 2020 годзе адбываліся на многіх беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах, але гвалтам, запужваннем і пераследам
лукашэнскаўскі рэжым здушыў пратэсны рух рабочых.