«Стараюся дыхаць паветрам сёння, бо заўтра можа не быць»
Як і чым жывуць беларусы ўнутры краіны?
Пасля 2020 года Беларусь пакінулі некалькі соцень тысяч чалавек. 3645 чалавек былі асуджаныя па крымінальных артыкулах. Пры гэтым рэпрэсіі ў дачыненні да нязгодных з палітыкай Лукашэнкі не спыняюцца: толькі ў чэрвені 2023 года сілавікі затрымалі 560 чалавек, з іх па палітычна матываваных крымінальных артыкулах асудзілі не менш за 58. У ліпені праваабаронцы паведамлялі мінімум пра 350 затрыманых, не менш за 52 з іх былі асуджаныя.
Людзей судзяць за данаты (як за ахвяраванні ў 2020 годзе ўдзельнікам беларускіх пратэстаў, так і за ахвяраванні пасля 24 лютага 2022 года на карысць УСУ), за падпіскі на тэлеграм-каналы і рэакцыі ў сацсетках, прызнаных беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі», за фота вайсковай тэхнікі, татуіроўкі, значкі і вымпелы з гербам «Пагоня», за лозунг «Слава Украіне», за кантакты з украінскімі сваякамі – спіс бясконцы. Судзяць па крымінальных артыкулах — даюць рэальныя тэрміны або «хатнюю хімію».
Ператрусы і затрыманні на беларускай мяжы, праверкі тэлефона «на запыт», спісы «нядобранадзейных» супрацоўнікаў, якія КДБ дасылае ў аддзел кадраў, – усё гэта стала для беларусаў паўсядзённай рэальнасцю.
«Настоящее время» пагаварыла з тымі, хто праз тры гады пасля найбуйнейшых у сучаснай гісторыі Беларусі пратэстаў застаецца ў краіне, дзе працягваюцца неймаверныя раней рэпрэсіі. Знайсці тых, хто пагодзіцца на інтэрв'ю, было няпроста: у Беларусі за зносіны з журналістамі можна атрымаць тэрмін па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса (па гэтым артыкуле асуджаная на два гады жонка блогера Ігара Лосіка Дар'я Лосік за інтэрв'ю «Белсату» і на пяць гадоў – вайсковы аналітык Ягор Лебядок за каментар «Еўрарадыё»).
«Я знаходжуся тут, каб разумець маю краіну»
Марына жыве ў Мінску. Ёй 35 гадоў. Пасля пратэстаў яна прынцыпова перайшла на беларускую мову.
— Што змянілася за гэтыя тры гады? Усе мы зразумелі, што ўсё трэба рабіць асцярожна: усё запісваецца, нас адсочваюць. Па тэлефоне цяпер людзі мала што абмяркоўваюць. Мне здаецца, што ўсе сутыкнуліся з самацэнзурай, калі пэўныя рэчы ты абмяркоўваеш асабіста. Так што тэлефон, з аднаго боку, зручнае прыстасаванне, а з другога — твая крыніца небяспекі, якая запісвае ўсё, што ты глядзеў, дзе ты быў. Тэлефон — гэта першае, што будуць глядзець, калі цябе затрымаюць, і ён павінен быць беспраблемным. Я ведаю людзей, у якіх ёсць дзве ідэнтычнасці: небяспечная і бяспечная – і розныя тэлефоны.
Цяпер ты не асабліва распытваеш, што і як — многія рэчы чытаюцца паміж радкоў. Напрыклад, на працы ніхто не абмяркоўвае палітыку, але па дробязях ты ў нейкі момант разумееш, што калег сітуацыя ў краіне таксама тычыцца. Напрыклад, у чалавека ёсць уласнае жыллё, але ён здымае кватэру і сваю пры гэтым не здае – не хоча жыць па прапісцы і «свяціць» жыллё. Ты чуеш гэты нюанс у размове, разумееш абставіны. І далей не задаеш пытанняў.
Ці ў сваім раёне: ты ведаеш, хто твае суседзі, чым яны займаліся і што ў іх было на вокнах у 2020 годзе. Многія вокны цяпер пустыя, жалюзі закрытыя пастаянна, і відаць, што людзі там не жывуць. І ты ўсё разумееш.
Нічога не трэба абмяркоўваць: мы ўжо ўсё адно аднаму сказалі ў 2020 годзе. Проста гэтыя людзі бачаць, што ты ёсць, і ты бачыш, што яны ёсць. І гэта таксама падтрымка.
Паводле ацэнак розных даследчыкаў, пасля пратэстаў 2020 года Беларусь пакінулі ад 300 тысяч да 500 тысяч чалавек.
Нават цяпер здаецца, што з 2020 года прайшла цэлая эпоха. Складана сабе ўявіць, што калісьці мы маглі проста сесці на цягнік і праз 2,5 гадзіны апынуцца ў Вільні — у іншым жыцці, у іншай краіне з прыгожымі кавяранькамі і ўсё такое. З аднаго боку, у нас за гэты час таксама адкрылася нешта класнае, але з другога – мы цяпер як за жалезнай заслонай. Калі раней шэнген быў у большасці і выехаць за мяжу было проста (людзі ганялі за нейкім пральным парашком, яшчэ чымсьці, асабліва памежныя рэгіёны), то цяпер я, напрыклад, маючы візу, нікуды не езджу. Па-першае, таму што калі ты ўяўляеш сабе гэтую колькасць гадзін і знявагі на мяжы... А па-другое, я ў спісах.
Напрыканцы 2020 года МУС стварыла базу даных удзельнікаў пратэстаў: у ёй знаходзяцца ўсе тыя, хто быў затрыманы альбо ідэнтыфікаваны падчас акцый пратэсту, а таксама публічныя асобы, журналісты, грамадскія актывісты. Акрамя іншага, падчас перасячэння мяжы людзей з гэтага спісу адпраўляюць на дадатковы ўзмоцнены дагляд.
Я ведаю, што калі раней на мяжы быў дагляд узмоцнены «для галачкі» – гэта значыць аглядалі ўсе рэчы, але рабілі гэта цалкам прымальна, – то цяпер гэта размова з кадэбэшнікам ноччу. Цябе чакае аўтобус, а ты ніколі не ведаеш, чым скончыцца гэтая размова: могуць затрымаць на мяжы або могуць адпусціць, а потым прыйсці да цябе дадому рана раніцай. І ты ўжо проста нікуды не ездзеш.
Цяпер вельмі складана атрымаць шэнген нават людзям нідзе не «засвечаным», і гэта каштуе супершмат грошай. Але і сама віза «засвечвае» людзей: да тых, хто атрымліваў гуманітарныя візы па нейкіх сваіх каналах, будуць пытанні. Ведаю людзей, якія ад гэтага пацярпелі.
«На паперках пішам паролі і здаём тэлефоны». Праца
Многія прадпрыемствы закрыліся. Людзі сталі горш жыць. Цяпер у цябе няма такога выбару на рынку працы: калі раней ты мог носам пакруціць, звольніцца, змяніць месца працы, то цяпер у цябе проста няма выбару, людзі звальняюцца ў нікуды. Прастора для манеўру моцна зменшылася.
Гэта не мой досвед, але расказваюць пра рэйды на прадпрыемствах, калі прыходзяць і кажуць супрацоўнікам: «Здавайце тэлефоны, на паперках пішам паролі і здаём». У кагосьці нешта знаходзяць, нейкія падпіскі. І кажуць, што гэта прыкладна 10% калектыву. Іх адпраўляюць на «суткі», пасля гэтага звальняюць з працы – і чалавек ужо не можа знайсці працу. Калі ён раней не быў у спісах, то вось ён у іх трапіў. Спісы пашыраюцца ўвесь час.
Пра масавыя звальненні з дзяржустаноў і з прадпрыемстваў за ўдзел у пратэстах 2020 года, за подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, за падпіску на тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі», шмат пісалі СМІ. Апошні гучны выпадак адбыўся ў ліпені 2023 года: з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта звольнілі семярых выкладчыкаў. Праўладны тэлеканал адкрыта паведаміў: «За падтрымку пратэстаў у 2020 годзе».
«Пра добрае не гавораць, каб яно не скончылася». Культура і забавы
У культурным жыцці ўсё вельмі змянілася. Па-першае, адбываюцца нейкія гарадскія мерапрыемствы. Аднойчы гулялі з мужам у горадзе і ўбачылі велізарны натоўп. Гэта былі нейкія «Пунсовыя ветразі» — калька з Расіі, але бюджэтная, як з «Аліэкспрэса». І ты глядзіш і думаеш: якое ўсё гэта жудаснае, але столькі людзей прыйшлі, здымаюць на тэлефон, чакаюць нейкага салюту. Магчыма, там былі і тыя, хто незадаволены ўладай, магчыма, яны проста засумавалі па гарадскім святочным, фестывальным жыцці. Але ты разумееш, што аніякія нармальныя арганізатары на гарадское мерапрыемства дазвол не атрымаюць, а калі і атрымаюць, то не проста так. Хто сюды нармальны зараз прыедзе?
Канцэртаў няма. Ведаю, што аматары рэйваў самі дзесьці збіраюцца і праводзяць тусоўкі.
Ёсць жыццё пад асфальтам, але пра яго не гавораць. Пра добрае не гавораць, каб яно не скончылася. Ты стараешся не нашкодзіць — хай усё будзе ў цішыні і хай пра гэтае добрае ніхто не ведае. Калі раней ты нешта рабіў і хацеў, каб пра гэта напісалі СМІ, то цяпер наадварот: гэта апошняе, чаго ты хочаш. Гэта ўсё вельмі змянілася. Цяпер апошняе, чаго я хачу, — атрымаць нейкую прэмію, каб дзесьці засвяцілася маё прозвішча. Не-не-не, у мяне інфаркт будзе! Калі ты амбіцыйны чалавек і хочаш выпінаць сябе, то цяпер табе не месца ў Беларусі.
Тут стратэгія выжывання — не звяртаць на сябе ўвагі.
Я часта чую: «Я з'ехаў з Беларусі, бо не мог маўчаць». Так, ты можаш гаварыць у Беларусі, але нядоўга. І ты выбіраеш, што табе важней: нешта рабіць ці гаварыць пра гэта. Людзі робяць нешта моўчкі. Ты павінен свае амбіцыі пакінуць дзеля бяспекі.
«Страціць усе сувязі». Сацсеткі і медыя
Як людзі знаходзяць інфармацыю, калі ўсе недзяржаўныя медыя прызнаныя «экстрэмісцкімі»? Вельмі складана. Калі ты не трапіў у нейкае сваё, патрэбнае асяроддзе, то ні пра што не даведаешся.
Адначасова стратэгія выжывання — страціць усе сувязі, каб на цябе не выйшлі праз іншых людзей. Таму такая амбівалентнасць.
Навіны я мала чытаю, я «засвечаны» чалавек, і мне лепш не звяртаць лішні раз на сябе ўвагі, таму што ў любы момант мяне могуць затрымаць, праверыць тэлефон. Але нешта даносіцца праз сацсеткі: хоць я не падпісаная на гэтыя навінавыя каналы, але ў мяне ёсць сябры, якія проста пераказваюць, рэпосцяць з-за мяжы, што адбываецца.
Але я падпісаная на «Медузу», напрыклад. За расійскія, умоўна кажучы, медыя пакуль нічога не прылятае. Ну, гэта значыць ты можаш быць падпісаны не на беларускія каналы, а на тыя, якія на іх падпісаныя.
Пасля 2020 года журналісты практычна ўсіх недзяржаўных выданняў вымушаныя былі пакінуць краіну. На дадзены момант 35 супрацоўнікаў беларускіх медыя знаходзяцца за кратамі, як мінімум 17 беларускіх медыя прызнаныя беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі» – падпіска на іх каналы або распаўсюд кантэнту цягнуць за сабой крымінальную адказнасць.
«О, прывід дэмакратыі». Пра размовы на беларускай мове
Так, я размаўляю па-беларуску. У маім асяроддзі шмат такіх людзей.
Беларуская мова — гэта як сцяг, заўсёды з табой. Ён цябе вылучае. Але ў мяне не заўсёды ёсць такі рэсурсны стан, каб ісці на амбразуру і гаварыць на роднай мове, часам мне не хочацца лішняй увагі.
Звычайна мы даведваемся з навін, што затрымалі за беларускую мову. Але затрыманняў было некалькі, а гаворыць па-беларуску да халеры людзей. Гэта невялікі працэнт, але ўсё роўна іх шмат.
Часам я хаджу ў чырвоным і белым, размаўляю па-беларуску. Я разумею, што гэта рызыкоўна, але раблю гэта свядома. Вось я прыйшла такая прыгожая на спектакль, напрыклад, людзі мяне ўбачылі і падумалі: «О, прывід дэмакратыі», – усміхнуліся, камусьці гэта палепшыла настрой.
Наогул рэнесанс культуры — ёсць, ён падпольны, але ёсць. Можа быць, я проста хачу бачыць лепшае і жыву ў класным асяроддзі ў ружовых акулярах, але я бачу, што любое беларускае запатрабавана ў разы больш. Нейкія рэчы з беларускім мэсэджам раскупляюцца імгненна, і потым іх трэба шукаць. Кніжкі добрыя на беларускай: нешта выйшла — і трэба бегчы купляць, не таму, што забароняць, а таму, што разбяруць. А наступны тыраж — выпусцяць яго ці не, закрыюць выдавецтва ці не – never know.
Ёсць пастаянна адчуванне, што хутка ўсё можа скончыцца.
Таму ты ўвесь час чымсьці запасішся — кніжкамі і гэтак далей. Стала шмат грошай на гэта траціць, мне чамусьці важна, каб у мяне ўсё гэта было.
«Стараюся не адкладваць класныя рэчы на заўтра, таму што заўтра можа не быць». Пра страх і рызыкі
Ці сталі беларусы больш змрочнымі пасля 2020 года? Беларусы і да 2020 года былі змрочнымі! Гэта такі ўсходнееўрапейскі тып асобы, калі так можна сказаць.
2020 год — гэта быў найлепшы час, мы ўбачылі самае лепшае ў нас. І, вядома, пасля гэтага людзі пахаваліся. Але ўсё роўна ўсё ёсць. Усё гэта ў дробязях. Людзі ж не перасталі прытрымліваць адно аднаму дзверы ў метро, саступаць месца, клапаціцца адно пра аднаго. Гэтага, мне здаецца, стала больш, у параўнанні з 2020 годам.
Страх, што фота ці відэа са мной з 2020-га патрапяць да сілавікоў, вядома, ёсць. Цяжка з ім жыць. Я магу быць затрыманая, я ў спісах, я і так ужо «на алоўку». І ў маім канкрэтным выпадку гэта вельмі рызыкоўна — быць у Беларусі. Вядома, бяспечней было б з'ехаць, так было б нашмат спакайней.
Ці гатовая я да гэтага? Я спрабую быць маральна падрыхтаванай, жыву з усведамленнем гэтай магчымасці: кожны божы дзень я разумею, што гэта можа здарыцца. Гэта накладвае адбітак.
Напрыклад, я стараюся не адкладваць нейкія класныя рэчы на заўтра, таму што заўтра можа не быць. Калі ў мяне ёсць магчымасць пагуляць і падыхаць свежым паветрам у парку, я гэта раблю, як бы лянотна мне ні было. Таму што заўтра ў мяне можа быць толькі лямпачка ў столі круглыя суткі. Калі ў мяне ёсць магчымасць з'есці нешта смачнае, купіць сабе дарагую сукенку, я разумею, што я з'ем тое, што мне не перададуць у камеру, і сукенка мне таксама там не будзе трэба. Так што лепш тут апрану.
Ты жывеш з разуменнем, што гэта магчыма.
Спадзяюся, я моцны чалавек і ўсё вытрымаю. Папярэдні мой досвед кажа, што я досыць устойлівая: былі выпадкі стрэсавыя, дзе я паводзіла сябе годна. Для мяне важна – паводзіць сябе годна.
Цалкам матэрыял з беларусамі знутры краіны чытайце тут.