Беларусы апярэдзілі свой час. Зняць абутак перад лавачкай — гэта ўжо пра новую генерацыю людзей
«Спачатку такіх людзей адзінкі. Потым — тысячы. Потым яны перамагаюць». Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісала жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
«Мікалай Статкевіч часта кажа, што любыя каштоўнасці вартыя роўна столькі, колькі людзі гатовыя за іх плаціць. Іншым разам прыходзіцца плаціць вялікую цану. У тым ліку, свабодай. І нават жыццём, як цяпер ва Украіне.
Спачатку такіх людзей адзінкі. Потым — тысячы. Потым яны перамагаюць.
Нават, калі твае каштоўнасці — зняць абутак перад лавачкай,ці працягнуць кветку ў адказ на скіраваную на цябе зброю.
Дарэчы, я шчыра лічу, што зняць абутак перад лавачкай — гэта ўжо пра новую генерацыю людзей. Людзей, якія ўсвядомілі сваю адказнасць за горад, у якім жывуць, і за людзей, якія побач, за тое, якой яны будуць будаваць СВАЮ КРАІНУ...
Мне здаецца, што беларусы, у гэтым сэнсе, апярэдзілі свой час. Бо падумаць, што заўтра на гэту лавачку сядзе дзіцёнак альбо цяжарная жанчына, сталы чалавек альбо чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, у час, калі ўсё побач бабахае і узрываецца, — гэта, мо, вышэйшы ўзровень адказнасці і эмпатыі.
Дзе і калі мы паспелі іх згубіць?
Спадзяюся, што не. Ведаю, што не.
І, калі ласка, не лічыце людзей за ідыётаў, якія не ў стане зрабіць выбар і несці адказнасць за яго самі».