Мітынг памяці Рамана Бандарэнкі ў Вільні. Фота
12 лістапада, у Дзень салідарнасці з Беларуссю, у Вільні на плошчы Вінцаса Кудзіркі прайшоў мітынг памяці Рамана Бандарэнкі.
Тры гады таму ў гэты дзень памёр у лякарні пасля затрымання і збіцця на «Плошчы Перамен» Раман Бандарэнка.
Мітынг у яго памяць праходзіў у Вільні на чатырох мовах — беларускай, рускай, літоўскай ды англійскай. Прысутныя згадалі падзеі 11-12 лістапада 2020 года, калі Бандарэнка, напісаўшы ў чаце свае апошнія словы «Я выходжу», што сталі сімвалам і дэвізам, спусціўся ў двор паразмаўляць з невядомымі, якія прыехалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі. Як вядома, ён быў затрыманы, збіты і на наступны дзень памёр у лякарні.
Фота Яўгена Ерчака
Удзельнікі мітынга зрабілі сімвалічную інсталяцыю таго самага плота, павязаўшы бел-чырвона-белыя стужкі як сімвал грамадзянскага супраціву беларусаў.
Фота Яўгена Ерчака
Сёння ўвечары, а 18-й гадзіне, ля амбасады Беларусі на вул. Mindaugo адбудзецца ўскладанне кветак да партрэта Рамана і запальванне знічоў мемарыяла «Варта святла».