Свечка, якую мы ўжо не запалім. Тры гады таму забілі Рамана Бандарэнку

Забойцы дагэтуль на волі, беспакараныя, займаюць пасады і хлусяць з экранаў тэлевізараў. Ці дачакаецца справядлівасці маці Рамана Бандарэнкі?

Раман Бандарэнка

Раман Бандарэнка

31-гадовага мастака Рамана Бандарэнку збілі ўвечары 11 лістапада 2020 года на пратэснай «Плошчы Перамен» у Мінску, калі ён паспрабаваў загаварыць з людзьмі, якія здымалі з плота бел-чырвоныя-белыя стужкі. Затым невядомыя выкралі Бандарэнку. Праз нейкі час мужчына апынуўся ў Цэнтральным РУУС Мінска, адкуль з цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў бальніцу, дзе памёр на наступны дзень.Тагачасная прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава назвала здарэнне «дваровым канфліктам», а тых, хто збіў Бандарэнку, — «неабыякавымі грамадзянамі», якія спрабуюць «аднавіць парадак і не дапускаць парушэнняў правілаў добраўпарадкавання».

Крымінальную справу па факце гібелі Рамана Бандарэнкі Генпракуратура распачала толькі 18 лютага 2021 года. Пры гэтым у ведамстве загадзя заявілі, што «дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да нанясення Бандарэнку цялесных пашкоджанняў не ўстаноўлена». Праз паўгода справа была і зусім прыпыненая «з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага», піша «Deutsche Welle».

Сваё расследаванне здарэння праводзілі беларускія СМІ і аб'яднанне былых сілавікоў «BYPOL». «BYPOL» сцвярджаў, што валодае запісамі тэлефонных размоў і білінгамі тэлефонных нумароў прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, тагачаснага кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава, спартсмена Дзмітрыя Шакуты і яшчэ 10 чалавек, якія знаходзіліся ўвечары 11 лістапада ў раёне «Плошчы Перамен» і могуць быць датычныя да гібелі Рамана Бандарэнкі. Гэтыя людзі, кажуць у «BYPOL», дзейнічалі 11 лістапада на «Плошчы Перамен» пад прыкрыццём сілавікоў. Але за кратамі ў Беларусі апынуліся лекар і журналісты.

З хакейнага функцыянера — у сенатары

Наталля Эйсмант па-ранейшаму займае пасаду прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі. Напрыканцы кастрычніка 2023 у дзяржСМІ разышлося яе інтэрв'ю, прысвечанае 10-годдзю Палаца Незалежнасці. Эйсмант наракала, што ёй і іншым супрацоўнікам адміністрацыі Лукашэнкі даводзіцца шмат хадзіць, і расказала пра нібыта «зашкальваючую цікавасць да інтэрв'ю» з Лукашэнкам ад журналістаў з розных краін свету.

Працягвае працаваць спартыўным журналістам у «Белтэлерадыёкампаніі» і залоўка Наталлі Эйсмант Ганна, якая, паводле звестак «BYPOL», таксама была на «Плошчы Перамен» 11 лістапада 2020 года. Яна, у прыватнасці, асвятляла зімовую Алімпіяду-2022 у Пекіне і асудзіла «бан» беларускіх спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах. Ганна Эйсмант была адзінай, хто публічна пракаментаваў расследаванне «BYPOL». Яна сцвярджала, што ўвечары 11 лістапада 2020 у яе быў жывы эфір на тэлеканале «Беларусь 1».


Глядзіце таксама

У расследаванні «BYPOL» таксама фігуруе імя Дзмітрыя Баскава — тагачаснага кіраўніка хакейнай федэрацыі і трэнера малодшага сына Лукашэнкі — Мікалая. У 2021 годзе Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала Баскава на пяць гадоў за палітычны ціск на спартсменаў. Ён пакінуў пасаду кіраўніка Беларускай федэрацыі, але Лукашэнка прызначыў яго сенатарам верхняй палаты парламента.

Баскаў сустракаўся з дзецьмі з акупаваных рэгіёнаў Украіны

Як сенатар Баскаў нярэдка ўдзельнічае ў публічных мерапрыемствах, дае інтэрв'ю дзяржаўным СМІ.

Да прыкладу, у чэрвені 2023 ён сустракаўся з дзецьмі з акупаваных РФ тэрыторый Украіны, якіх, як сцвярджаюць улады, прывозяць у Беларусь «на адпачынак і аздараўленне». Таксама ён увайшоў у нядаўна створаную камісію па вяртанні беларусаў, якая разглядае «звароты грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў».

Як паведамляе спартыўны сайт tribuna.com, Баскаў працягвае трэніраваць каманды «Бастыён» і «Бастыён-2», у якіх гуляюць сыны і ўнук Лукашэнкі. За «Бастыён-2» таксама выступае сябар Баскава, яшчэ адзін фігурант расследавання «BYPOL», кікбаксёр, інструктар вайсковай часткі нумар 3214 унутраных войск МУС Дзмітрый Шакута.

У спартыўных беларускіх СМІ можна сустрэць і імя трэнера хакейнай каманды «Юніёр» Паўла Волчака; яго жонка Жанэта як псіхолаг актыўна вядзе старонку ў Facebook, раней давала каментары СМІ на тэму дзіцяча-бацькоўскіх адносін.


Глядзіце таксама

У «BYPOL» лічаць, што гэтыя людзі таксама былі на «Плошчы перамен» 11 лістапада 2020. Акрамя іх, у расследаванні пазначаны супрацоўнікі САХРа Сяргей Сарман, Сяргей Анцюфееў, Алег Буйкевіч, Раман Савенка, Яўген Ціманоўскі і супрацоўнікі АМАПа Руслан Куляшоў і Раман Крывашэін.

Каго асудзілі ў Беларусі?

Некаторыя фігуранты расследавання «BYPOL» трапілі пад заходнія санкцыі. У Беларусі ж на лаве падсудных у сувязі з гібеллю Рамана Бандарэнкі апынуліся лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Арцём Сарокін і журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч. Іх абвінавацілі ў «разгалошванні медыцынскай таямніцы» аб праміле алкаголю ў крыві Бандарэнкі. Барысевіч атрымала паўгода калоніі, Сарокін — два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.

Таксама 15 лістапада 2020 года падчас стрыму з акцыі памяці Бандарэнкі затрымалі журналістак польскага тэлеканала «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову. Іх абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Чульцова выйшла на волю ў верасні 2022 года. Кацярыну Андрэеву ў ліпені 2022 года судзілі паўторна і прысудзілі да васьмі гадоў калоніі па абвінавачанні ў «дзяржаўнай здрадзе».


Глядзіце таксама

Таксама па артыкуле аб дзяржздрадзе да дзесяці гадоў пазбаўлення волі прысудзілі экс-падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча. У прапагандысцкім фільме тэлеканала АНТ «Манкурты» гаварылася, што Храловіч перадаў запісы тэлефонных размоў Наталлі Эйсмант з памочнікам Лукашэнкі Мікалаем Латышонкам і кіраўніком Федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым тэлеграм-каналу «Nexta». Пры гэтым аўтары сцвярджалі, што запісы былі вырабленыя спецыяльна, каб раскрыць Храловіча.

Што кажуць родныя Рамана Бандарэнкі?

«Мы не бачым сэнсу звяртацца ў пракуратуру, мы выдатна разумеем, з якімі мэтамі гэта ўсё (прыпыненне крымінальнай справы аб гібелі Бандарэнкі. Заўв. рэд.) рабілася, праваахоўныя органы стараліся ўсяляк перашкаджаць нам для таго, каб не атрымалася ўстанавіць, што было на самой справе і хто вінаваты», — гаворыць сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка. Яна цяпер жыве і працуе ў Польшчы, а маці Рамана Алена Бандарэнка — у Беларусі.


Глядзіце таксама

Паводле слоў Кучарэнка, па заканчэнні трох гадоў пасля трагедыі «сям'я спрабуе шукаць спосабы для існавання, нейкія інтарэсы, якія б маглі адцягнуць увагу ад таго, што адбылося ў 2020 годзе».

«Я не магу пра сябе сказаць, што я прыняла, што Ромы няма, ці спакойна з гэтым жыву. Эмоцыі не такія моцныя, але гэта траўма, якая застанецца са мной да канца жыцця», — дзеліцца дзяўчына. Яна таксама адзначае, што людзі прыходзяць на магілу Рамана. Вольга называе гэта паказчыкам таго, што яе брата памятаюць, што «гэта не мімалётны эмацыйны парыў у 2020 годзе, людзям гэтая гісторыя адгукнулася як асабістая».