Для асуджаных музыкаў гурта «Tor Band» за дзень сабралі неабходныя 9 тысяч еўра
Чарговы прыклад салідарнасці беларусаў: для асуджаных музыкаў гурта «Tor Band», якія атрымалі ад лукашэнкаўскага «правасуддзя» сталінскія тэрміны, за дзень сабралі неабходныя 9 тысяч еўра.
Збор сродкаў быў распачаты 1 лістапада на сайце фонду салідарнасці «BySol». Акцыя яшчэ працягваецца.
Адзначаецца, што кожнаму з музыкаў неабходна тры тысячы еўра. Грошы пойдуць на пагашэнне штрафаў, перадачы ў калонію і на падтрымку сем'яў.
Таксама звяртаецца ўвага, што за час знаходжання ў СІЗА бубнач Яўген Бурло атрымаў трэцюю групу інваліднасці. Ён мае патрэбу ў аперацыі на тазасцегнавым суставе. На судзе ён прысутнічаў на мыліцах і быў не ў стане нават стаяць у клетцы.
31 кастрычніка палітвязням — удзельнікам музычнага гурта «Tor Band» — прызначылі вялізныя тэрміны зняволення па выніках разгляду крымінальнай справы ў Гомельскім абласным судзе.
Як стала вядома, Дзмітрыю Галавачу прысудзілі 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічынь штрафу. Таксама ў даход дзяржавы ў мужчыны канфіскавалі ноўтбук і тэлефон.
Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічынь штрафу. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон.
Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 год узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічынь штрафу. Яго мабільны тэлефон таксама пойдзе ў даход дзяржавы.
Гурт «Tor Band» стаў знакамітым у Беларусі падчас пратэстаў 2020 года, іх песні «Мы — не народзец», «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?» набіралі мільёны праглядаў на YouTube.
Музыкі Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчук былі затрыманы ў кастрычніку 2022 года. Іх некалькі разоў запар асуджалі да 15 сутак, а затым перавялі ў СІЗА.
Сёлета 14 верасня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме распачаў разгляд справы палітвязняў. Працэсам кіраваў Сяргей Садоўскі.
Музыкаў абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў — у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (частка 1 і 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса, такім фарміраваннем прызналі рок-гурт), у распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК), дыскрэдытацыі Беларусі (369-1 КК) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК).
У канцы жніўня 2022 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацсеткі гурта і песні «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы — не народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!» і «Родная Зямля». Да таго ж «экстрэмісцкімі матэрыяламі» назвалі інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лагатып гурта «Tor Band».
20 студзеня групу прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Падчас ператрусаў у музыкаў канфіскавалі гітары,
барабаны, устаноўкі — некалькі дзясяткаў інструментаў і тэхнікі. Фактычна ва
ўсіх музыкаў забралі ўсё канцэртнае абсталяванне.