«Няма ніякай маёй віны»: Асудзілі рэдактара «Рэгіянальнай газеты»

У судзе Маладзечанскага раёна 3 лістапада вынесены абсурдны і жорсткі прысуд галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» і палітвязню Аляксандру Манцэвічу.

aljaksandr_mancevicz.jpg

Журналіста Аляксандра Манцэвіча абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле артыкула 369-1 Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.

Крымінальную справу вёў суддзя Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора — Аляксандр Марцінчык.

Палітзняволенага журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме. Да суда ён быў змешчаны ў следчую турму №8 у Жодзіна.

Паводле следства, Аляксандр Манцэвіч, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта «распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».

А ў артыкулах выдання, па меркаванні абвінавачання,  «утрымлівалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фарміраванне ілжывых уяўленняў аб незахаванні ў Рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».

Палітзняволены Аляксандр Манцэвіч — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Журналіста пачалі судзіць яшчэ 27 верасня. Але 12 кастрычніка суддзя Іршын прызначыў наступнае пасяджэнне ад на 23 кастрычніка. Магчыма, гэта звязана з перафарматаваннем абвінавачання Манцэвічу на іншы склад артыкула 369 Крымінальнага кодэкса.

У ходзе судовага працэсу да матэрыялаў справу былі далучаныя назвы і спасылкі  ўсіх публікацый, у якіх экспертыза знайшла «экстрэмізм», а таксама пералічаныя шматлікія тэлеграм-каналы і інтэрнэт-рэсурсы, якія публікавалі інфармацыю «Рэгіянальнай газеты».

Глядзіце таксама

У сваім апошнім слове Аляксандр Манцэвіч казаў пра сваіх знакамітых продкаў, пра газету, якая сталася часткай ягонага жыцця, пра сваю грамадзянскую пазіцыю:

«Чую галасы продкаў, ніколі не здраджваў Бацькаўшчыне. Я люблю мой народ і маю Беларусь. Знаходзячыся за кратамі, я не змог паставіць помнік бацьку на могілках да гадавіны. 

Я не летуценнік, але ўпэўнены, што некалі з'явіцца вуліца імя “Рэгіянальнай газеты”, якая мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, жыла клопатамі чытачоў і пісала праўду… 

Няма ніякай маёй віны. Шкада, што я як дзед не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка не можа патлумачыць унуку, дзе знаходзіцца яго дзядуля. Але яму не будзе сорамна за дзеда. Шкада газету, яка магла існаваць доўгія гады… Сваёй віны не прызнаю».

У ходзе судовага пасяджэння 2 лістапада дзяржабвінаваўца запрасіў для журналіста пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на чатыры гады, а таксама вялікі штраф у памеры 400 базавых велічынь.

Суд прызнаў Манцэвіча вінаватым і пастанавіў пакараць вядомага журналіста пазбаўленнем волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яму прысуджаны штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 800 рублёў.