Хронікі рэпрэсій. Затрыманні за ўскладанне кветак каля помніка і за блакітна-жоўтыя стужкі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 2 лістапада.
У мінулую нядзелю ў Бабруйску былі затрыманы былая лекарка Данута Дзячэнка і выкладчык мясцовага каледжа Віктар Схаба. Бабруйчан затрымалі ў нядзелю пасля ўскладання кветак і запальвання свечак ля помніка «Ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій» блізу плошчы Перамогі.
Праваабаронцам стала вядома, што пасля затрымання іх адвезлі дадому на вобшукі, пасля якіх была канфіскавана тэхніка.
У панядзелак над імі адбыліся суды паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). У выніку Дануце прызначылі штраф памерам 20 базавых велічынь (740 рублёў), а Віктару — 2 базавыя велічыні (74 рублі).
Нагадаем, у мінулым кастрычніку таксама асудзілі бабруйчаніна за блакітна-жоўтыя лампадкі каля гэтага помніка — яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў. Тады мужчыну арыштавалі за «пікет» на 15 сутак.
Мінчук ездзіў у
машыне са стужкамі з беларускім арнаментам і ў колерах сцяга Украіны — яго
затрымалі. Мужчыну прымусілі сказаць на камеру, што ён нібыта «па заданні
адміністратараў тэлеграм-чатаў манціраваў ролікі, якія дыскрэдытуюць органы
ўнутраных спраў і дзеючую ўладу».
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 1 лістапада за ўдзел у акцыі пратэсту асудзілі палітвязня са Светлагорска Дзяніса Галаўко. Суддзя Юлія Крэпская прызначыла яму паводле ч.1 арт. 342 КК 3 гады «хатняй хіміі». Амаль пасля чатырох месяцаў за кратамі Дзяніса вызвалілі ў зале суда пасля абвяшчэння прысуда.
Ураджэнца Светлагорска затрымалі 6 ліпеня наўпрост на працоўным месцы і пакаралі 13-суткавым арыштам за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля адбыцця арышту на волю Дзяніс так і не выйшаў — на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол.
Пазней Дзяніса перавялі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Хлопцу было прад’яўлена абвінавачванне паводле ч.1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
У судзе
Партызанскага раёна Мінска 19 кастрычніка паводле ч.1 арт. 342 КК асудзілі
32-гадовага Рамана Рафеенку. За ўдзел у двух шэсцях суддзя Міхаіл Макарэвіч
прызначыў яму тры гады «хатняй хіміі».
Для запісу «пакаяльнага» відэа яго прымусілі апрануць вышыванку і кепку з гербам Украіны. Сілавікі назвалі гэта «падазронымі прадметамі адзення». Да суда Раман утрымліваўся пад вартай.
Вядома, што ў тэлефоне Рамана знайшлі яго фота на праезнай частцы на акцыі пратэсту. Фота выявілі падчас аглядаў тэлефонаў 2 чэрвеня і 13 верасня. Дома ў мужчыны знайшлі байку, у якой ён удзельнічаў у акцыі пратэсту. Яна з'яўлялася доказам па справе.
У судзе Партызанскага раёна Мінска 17 кастрычніка вынесены прысуд 30-гадоваму Ігару Нядбайлу, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэcту ў 2020 годзе (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Апытаная ў судовым пасяджэнні сведка М. пацвердзіла, што сумесна з Ігарам прымала ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці і фатаграфавала іх на свой тэлефон.
Суд прызначыў Нядбайлу пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.
У судзе Жлобінскага раёна 19 кастрычніка вынесены чарговы прысуд па «народным» арт. 342 КК. Судзілі Максіма Калінічэнку. Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Калінічэнка, «дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена ў групе з іншымі асобамі, стаяў на праезнай частцы вуліцы, перашкаджаючы руху грамадскага і іншага транспарту, пляскаў у далоні, гучна крычаў, свістаў, выкрыкваў розныя лозунгі, дэманстратыўна-грэбліва, адкрыта адмаўляўся ад выканання вышэйзгаданых законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады».
Святлана Рубахава прысудзіла Максіму абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.
Палітвязень Сяргей Антусевіч выйшаў на волю.
Сяргей — намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, амаль 10 гадоў ён кіраваў незалежным прафсаюзам «Гродна Азот». Палітвязня затрымалі 19 красавіка 2022 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. Яго абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 КК.
У Мінскім гарадскім судзе 20 снежня 2022 года пачаўся
разгляд справы. 26 снежня быў вынесены прысуд: Сяргей Антусевіч атрымаў 2 гады
пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пакаранне палітвязень нёс у папраўчай калоніі №15, адкуль выйшаў на волю 31 кастрычніка, цалкам
адбыўшы тэрмін.