Еўрапейскія амбасадары даслалі ліст за краты Дзянісу Івашыну

У Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў амбасадары еўрапейскіх краін даслалі лісты за краты беларускім журналістам-палітвязням.

list_ivaszynu1_logo.jpg

2 лістапада — Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў. Амбасада Германіі ў Беларусі з гэтай нагоды даслала за краты лісты зняволеным беларускім журналістам.

Сёння Пасольства Германіі ў Мінску адправіла лісты зняволеным журналістам, якія ў гэты дзень несправядліва знаходзяцца ў турме за сваю журналісцкую дзейнасць.

Гэтыя лісты да журналістаў-палітвязняў падпісалі Часовы Павераны ў справах Германіі ў Беларусі Міхаэль Новак, Часовы Павераны ў справах Аўстрыі ў Беларусі Рональд Штурм, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Балгарыі ў Беларусі Георгі Васілёў, Часовы Павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Томаш Крыл, Часовы Павераны ў справах Эстоніі ў Беларусі Трыін Хіесалу, кіраўнік аддзялення пасольства Фінляндыі ў Беларусі Каця Карпінен, Часовы Павераны ў справах Францыі ў Беларусі Людовік Руае, Часовы Павераны ў справах Італіі ў Беларусі Вірджынія Фадэлі, Часовы Павераны ў справах, Кіраўнік Офіса пасольства Нідэрландаў у Мінску Рэнэ Керстэн, Часовы Павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, Часовы Павераны ў справах Румыніі ў Беларусі Віктар Пыртоакэ, Часовы Павераны ў справах Швецыі ў Беларусі Ева Сундквіст, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швейцарыі ў Беларусі Крысціна Хонегер Залатухін і Часовы Павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Джэк Хэндс.

Беларускія журналісты-палітвязні не забыты і не будуць забыты ў будучыні. Урады краін, дыпламаты якіх пакінулі свае подпісы, адзіныя ў патрабаванні, каб палітвязні Беларусі нарэшце выйшлі на волю.

Гэты ліст павінен патрапіць за краты да расследавальніка «Новага Часу» Дзяніса Івашына, калі, канешне, ён не згубіцца па дарозе і турэмная адміністрацыя перадасць яго палітвязню:

«Паважаны Спадар Івашын,

Генеральная Асамблея ААН заснавала гэты дзень сваёй рэзалюцыяй у 2013 годзе. У гэтай рэзалюцыі Генеральная Асамблея асудзіла любое прымяненне сілы супраць работнікаў СМІ — у тым ліку і ў форме адвольнага пазбаўлення свабоды — і заклікала дзяржавы, апроч іншага, спрыяць стварэнню бяспечнага асяроддзя для работнікаў СМІ, у якім яны змогуць выконваць сваю працу незалежна і без недарэчнага ўмяшання.

Але гэты ліст, адрасаваны Вам як работніку СМІ, мы вымушаны адпраўляць у турму, у якой вы несправядліва знаходзіцеся ў зняволенні.

Гэтая несправядлівасць выклікае боль, яна абуральная. Сёння мы асабліва думаем пра вас, вашых сваякоў, сяброў і калег. Вас па-чалавечы не хапае вашым блізкім гэтак жа, як у публічнай сферы Беларусі не хапае вашага журналісцкага голасу.

Шматлікія рэпрэсіі супраць журналістаў і работнікаў СМІ ў Беларусі ўяўляюць сабой парушэнне міжнародных абавязацельстваў, прыхільнасць да якіх Беларусь, будучы чальцом Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, сама ж і прызнае. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый бачыць у свабодзе слова рухальную сілу для рэалізацыі ўсіх астатніх правоў чалавека. Без свабоды слова немагчыма распаўсюджванне інфармацыі, празрыстасць і кантроль, якія робяць магчымай рэалізацыю ўсіх астатніх правоў чалавека. Невыпадкова ў прэамбуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года свабода слова прыводзіцца ў якасці першай з чатырох асноўных свабод.

У якасці работніка СМІ Вы з вялікай мужнасцю выступалі за свабоду слова ў Беларусі. Тое, што за гэта сёння вы знаходзіцеся ў зняволенні, — абуральная несправядлівасць. Нашы ўрады адзіныя ў патрабаванні, што палітвязні Беларусі павінны нарэшце выйсці на волю.

Жадаем Вам здароўя, сіл і як мага больш светлых момантаў. Мы думаем пра вас сёння і кожны дзень уважліва сочым за вашым лёсам у сітуацыі, якая склалася».