Супраць былога палітвязня Леаніда Судаленкі распачалі новую крымінальную справу
У дачыненні да былога палітвязня і праваабаронцы Леаніда Судаленкі ў Беларусі завялі новую крамінальную справу. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Сябры, 1 лістапада СК у Гомелі ўзбудзіў супраць мяне новую крымінальную справу (артыкул 361-4 КК — «іншае садзейнічанне экстэмісцкай дзейнасці»)», — напісаў праваабаронца.
Гэты крымінальны пераслед можна лічыць сімвалічным, бо ён не пагражае Леаніду Судаленку чарговым зняволеннем. Зараз былы палітвязень знаходзіцца за мяжой, куды выехаў неўзабаве пасля вызвалення. У эміграцыі праваабаронца не спыняе сваю грамадскую дзейнасць, што, верагодна, і стала для лукашэнкаўцаў нагодай, каб узбудзіць справу.
57-гадовы Леанід Судаленка — праваабаронца, старшыня гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна».
Яго затрымалі 18 студзеня 2021 года ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Яшчэ 5 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны», адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля ператрусу яго даставілі ва УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.
Ён быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі.
На працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываліся ў Гомелі пасля выбараў прэзідэнта.
У кастрычніку 2022 года МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
На працэсе над Алесем Бяляцкім, Уладзімірам Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі палітзняволенага Леаніда Судаленку на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы.
21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю з ПК №3, цалкам адбыўшы тэрмін.
За сваю праваабарончую дзейнасць быў уганараваны
прэстыжнай французскай прэміяй «Свабода-Роўнасць-Братэрства» ў 2019 годзе. У
тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны
Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі
«Праваабаронца года».