Хронікі рэпрэсій за 3 лістапада

Абсурдны вырак галоўнаму рэдактара «Рэгіянальнай газеты», затрыманне і суд над пратэстанцкім пастарам, затрыманне цяжарнай жанчыны за парасон «няправільных» колераў — такія навіны сённяшняга дня.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1086 дзён, Дзяніс — 966.

***

У судзе Маладзечанскага раёна 3 лістапада вынесены абсурдны і жорсткі прысуд галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» і палітвязню Аляксандру Манцэвічу.

Журналіста абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» паводле артыкула 369-1 Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.

Крымінальную справу вёў суддзя Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора Аляксандр Марцінчык.

Суд прызнаў Манцэвіча вінаватым і пастанавіў пакараць вядомага журналіста пазбаўленнем волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яму прысуджаны штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 800 рублёў. «Апошняе слова» Аляксандра Манцэвіча можна прачытаць тут.

***

Палітзняволены палітолаг і публіцыст Аляксандр Фядута адзначае чарговы дзень нараджэння ў няволі. Сёння яму споўнілася 59 гадоў. Блізкія заклікаюць усіх неабыякавых павіншаваць грамадскага дзеяча, пажадаўшы яму здароўя, каб ён мог выстаяць і выжыць, піша «Салідарнасць».

Аляксандр Фядута знаходзіцца ў магілёўскай калоніі. У яго праблемы са здароўем, у зняволенні ён не раз трапляў у турэмны шпіталь.

Падтрымаць палітзняволенага можна лістом на гэты адрас: ПК №15. 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Аляксандру Іосіфавічу Фядуту.

***

У Расонах Віцебскай вобласці затрымалі пастара пратэстанцкай царквы «Божы дар» («Благодать») Аляксандра Цырыкава разам з жонкай Нінай, паведамляе ў ТГ «Хрысціянская візія».

Аляксандра судзілі за «пікетаванне» (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Ніну — за «распаўсюджванне экстрэмізму» (ч.2 арт. 19.11 КаАП). Вынікі суда невядомыя.

***

Актывіста Васіля Палякова з Гомеля арыштавалі на 15 сутак. Яго абвінавацілі ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе «Вясна».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Палякова затрымалі 1 лістапада: яго спачатку выклікалі па позве, а пасля ў кайданках прывезлі дадому для ператрусу.

Васіль Палякоў — былы настаўнік гісторыі, узначальваў Аб'яднаную грамадзянскую партыю.

***

У Мінску на вуліцы затрымалі цяжарную жанчыну з бел-чырвона-белым парасонам. Суд прызначыў ёй за «пікетаванне» велізарны штраф.

«З мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў ішла з бел-чырвона-белым парасонам, дэманструючы яго грамадзянам», — гаворыцца ў пратаколе, паведамляе «Зеркало».

Факт «пікета» ў матэрыялах справы быў пацверджаны фотаздымкам. Як гаворыцца ў судовым дакуменце, на здымку бачна, што мінчанка ідзе з раскрытым парасонам па прыдваровай тэрыторыі, побач з ёй знаходзяцца пажылая жанчына і «асоба, якая ажыццяўляла фатаграфаванне».

Жанчына на судзе прызнала віну часткова: сказала, што не пераследавала палітычных мэт, а проста хавалася пад парасонам ад дажджу, але «на дадзены момант разумее, што яе дзеянні маглі выклікаць рэакцыю з боку грамадзян, якія бачылі яе».

Суд прызнаў яе вінаватай. Але выявіў абставіны, якія змякчаюць віну: аказалася, мінчанка выхоўвае дваіх дзяцей, у тым ліку аднаго малалетняга, і знаходзіцца ў стане цяжарнасці. Акрамя таго, у яе ёсць пастаяннае месца працы, а ранейшыя адміністрацыйныя спагнанні ўжо скончыліся.

Таму жанчыну вырашылі не адпраўляць на «суткі», а пакараць «усяго толькі» штрафам у памеры 50 базавых велічынь — 1850 рублёў.

Яе мабільны тэлефон канфіскавалі да выплаты штрафу, а бел-чырвона-белы парасон пастанавілі знішчыць.

***

У сярэдзіне кастрычніка на памежным пераходзе «Варшаўскі мост» затрымалі беларуса, у якога на сумцы была бел-чырвона-белая бірулька з гербам «Пагоня», піша «Медыязона».

Беларуса затрымалі на памежным пераходзе ўначы а 2:14. У пастанове суда пазначана, што мужчына «правёў адзіночны пікет без дазволу гарвыканкама з дапамогай бчб-бірулькі з гербам «Пагоня».

16 кастрычніка суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў беларуса вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаванні» (ч.1 арт. 24.23 КаАП) і прызначыў штраф у 30 базавых адзінак (1110 рублёў).

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 263 дні, Максіма Знака — 268 дзён, Мікалая Статкевіча — 264 дні, Ігара Лосіка — 258 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 242 дні, Віктара Бабарыкі — 191 дзень, Уладзіміра Гундара — 91 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1462 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1680 чалавек. Сярод іх — 179 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.