«Першая асацыяцыя — гэта Лукашэнка». Што ў Польшчы ведаюць пра Беларусь?
Маладыя (і не толькі) палякі і полькі расказалі «Салідарнасці», з чым у іх асацыюецца наша краіна і што яны ўвогуле ведаюць пра Беларусь.
У 2023 годзе колькасць беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, амаль удвая падвоілася. Аналітыкі Picodi.com, вывучыўшы статыстыку польскіх дзяржаўных органаў, прыйшлі да высновы, што ў Польшчы пражывае каля 249 тысяч беларусаў, піша «Салідарнасць».
«Беларусы знаходзяцца пад абцасам улады. У краіне працуе моцная прапаганда і адсутнічае свабода слова»
Якуб, 25 гадоў. Уроцлаў
— Беларусь — краіна-суседка Польшчы. Там кіруе Лукашэнка, і гэта аўтарытарнае кіраванне. Палітыка краіны залежыць ад Расіі, але Лукашэнка вельмі спрытна манеўруе і пазбягае прамых канфліктаў з Пуціным. Лукашэнка баіцца свайго ж грамадства і апазіцыю, якая імкнецца да перамен у краіне і хоча, каб той пакінуў сваю пасаду.
Лічу, што беларусы знаходзяцца пад абцасам улады. У краіне працуе моцная прапаганда, адсутнічае свабода слова, а самі людзі мараць пра свабоду і дэмакратычныя выбары.
Я ведаю, што ў 2020 годзе ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары, пасля чаго людзі выйшлі на пратэсты. Чуў, што гэта ў тым ліку звязана з моцнай залежнасцю краіны ад Расіі, якая блакуе празаходнюю палітыку. У некаторых выпадках нязручных людзей нават забіваюць.
Сярод беларусаў, як і сярод усіх людзей, ёсць частка людзей, якія разумеюць сітуацыю ў свеце, а іншая частка людзей загіпнатызаваныя прапагандай.
Але я б адзначыў, што большая частка беларусаў супраць вайны ва Украіне — людзі паказваюць свой пратэст вайне ў тым ліку праз дыверсіі. І гэта, думаю, таксама паказчык менталітэту беларусаў.
Юлія, 22 гады. Варшава
— Я ведаю зусім няшмат. Напрыклад, што там дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская, а таксама што эканоміка гэтай краіны заснаваная на сельскай гаспадарцы. У мяне няма прамых асацыяцый з Беларуссю: калі мяне пытаюцца пра гэтую краіну, я думаю пра сваіх прыяцеляў адтуль.
Максім, 18 гадоў. Зялёна-Гура
— Пра Беларусь я ведаю тое, што гэта закрытая краіна, якая кіруецца таталітарным прэзідэнтам. Мая першая асацыяцыя з гэтай краінай — Лукашэнка. Я ведаю, што ў 2020-м там былі сфальсіфікаваныя выбары, але пра наступныя пратэсты ведаю мала.
Віялета, 20 гадоў. Познань
— Гэта маленькая краіна, размешчаная на ўсходзе, са сталіцай Мінскам.
У Беларусі водзяцца зубры, асноўнымі мовамі з'яўляюцца руская і беларуская, а ўсе нібыта дэмакратычныя выбары выйграе Лукашэнка.
Я ведаю, што ў 2020 годзе ў Беларусі былі пратэсты. Прэзідэнтам павінна была стаць жанчына, а многіх з тых, хто выступаў супраць дзеючай улады, закрылі ў турме.
«N. R. M., песня "Тры чарапахі", рэвалюцыя 2020 года і рэпрэсіі Лукашэнкі»
Агнешка, 40 гадоў. Уроцлаў
— Мае веды пра Беларусь даволі шырокія. Упершыню я прыехала туды ў 2001 годзе, і з таго часу была некалькі разоў. Падчас вучобы я займалася тэмай рэжыму Лукашэнкі, а цяпер працую ў арганізацыі, якая супрацоўнічае з актыўнымі ўдзельнікамі ў сферы дапамогі палітычным зняволеным і будуе супольнасць беларусаў за мяжой.
У 2020 годзе для аднаго з парталаў я напісала рэпартаж пра пратэсты ля беларускай амбасады ў Варшаве. Некалькі разоў я таксама ўдзельнічала ў фестывалі беларускіх фільмаў у Варшаве, напрыклад, «Bulbamovie», таму сучасная беларуская культура мне блізкая.
Некалькі гадоў таму я таксама працавала з польскай суполкай у Беларусі ў рамках арганізацыі «Wspólnota Polska».
Першыя асацыяцыі з Беларуссю ў Агнешкі — гэта гурт «N.R.M.» і песня «Тры чарапахі», а таксама рэвалюцыя 2020 года і рэпрэсіі Лукашэнкі. У жанчыны ёсць шмат знаёмых і сяброў сярод беларусаў. Паводле яе слоў, у Польшчы ёсць магчымасць аказваць дапамогу Беларусі і іншым суседнім краінам, што яна і робіць у межах сваіх магчымасцей.
— Польшча з'яўляецца натуральным напрамкам міграцыі для беларусаў. Многія ўжо жывуць тут з 1990-х гадоў, — дадае яна.
Вольга, 18 гадоў. Познань
— Беларусь знаходзіцца побач з Польшчай і кіруецца Лукашэнкам, у якога ёсць дыктатарскія схільнасці. Мноства беларусаў бягуць са сваёй краіны. Я ведаю, што цяпер паміж Беларуссю і Польшчай — сцяна.
Асабіста я не ведаю вялікай колькасці беларусаў. Але мае равеснікі, напрыклад, добрыя людзі, якіх я аддзяляю ад рэжыму Лукашэнкі. Але мне таксама цяжка не думаць пра гандаль людзьмі і нелегальных мігрантаў.
Пётр, 27 гадоў. Люблін
— Беларусь мяжуе з Польшчай, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, у яе вельмі шмат падобнага з культурай Літвы. Я ведаю, што ў 2020 годзе ў Беларусі былі пратэсты з брутальнымі затрыманнямі АМАПам, і пратэсты былі задушаныя. Многія апазіцыянеры з'ехалі з Беларусі ў Польшчу і былі завочна прысуджаныя да тэрміну.
Беларусы — добрыя, прыемныя і выразныя людзі. Некалькі гадоў таму я вучыўся з адным беларусам ва ўніверсітэце, і ў нас дагэтуль добрыя адносіны.
Я лічу, што існаванне Беларусі важнае для Польшчы, асабліва існаванне незалежнай Беларусі. Саюзы і дыпламатыя заўсёды маюць значэнне, але падпарадкаванасць Лукашэнкі Пуціну і магчымасць да федэралізацыі Беларусі ў рамках РФ выклікае непакой.
Ганна, 22 гады. Пшчына
— Беларусь мяжуе з Польшчай, мае таталітарную сістэму ўлады: Лукашэнка кіруе краінай пад уплывам Пуціна. Мае першыя асацыяцыі з гэтай краінай — гэта таталітарызм і дыктатура. Я ведаю, што шмат палітыкаў і журналістаў былі затрыманыя і зняволеныя ў турмы. Устанавіць адносіны з такой краінай, каб вызваліць палітвязняў — вельмі складаная справа.
У Беларусі ёсць людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, але ёсць і тыя, хто супраць яго дзеянняў. Думаю, многія беларусы хацелі б пазбавіцца бягучага праўлення.
Сярод маіх калег ёсць беларус, з якім я ў вельмі добрых адносінах. Лічу, што мы павінны аказваць дапамогу беларусам, таму што такая ж сітуацыя можа адбыцца з намі праз некалькі гадоў ці месяцаў. Аднак я не ўпэўненая, наколькі эфектыўныя бягучыя метады, і магчыма, нам варта іх крыху змяніць.
«Прыгожая краіна, але з глыбока ўкаранёнымі таталітарызмам і камунізмам»
Якуб, 23 гады. Хэлм
— Думаю, я ведаю пра Беларусь досыць шмат. Гэтая дзяржава знаходзіцца на ўсход ад нас, там карыстаюцца пераважна рускай мовай. Мае першыя асацыяцыі з гэтай краінай — горад Гродна і польская меншасць, якая пражывае ў Беларусі.
Я цікаўлюся навінамі з Беларусі і назіраў у тым ліку за падзеямі ў 2020 годзе пасля сфальсіфікаваных выбараў, а потым за размяшчэннем расійскіх войск на яе тэрыторыі і атакай на Украіну. Ведаю, што ў беларускай турме цяпер знаходзіцца журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут.
Я аддзяляю беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі і лічу, што беларускі народ русіфікаваны і тэрарызаваны сваёй уладай.
Х'юберт, 22 гады. Гданьск
— Прыгожая краіна, але з глыбока ўкаранёнымі таталітарызмам і камунізмам. У навінах пастаянна гавораць пра Беларусь у кантэксце вайны ва Украіне, пра яе сувязі з Расіяй, а таксама пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы. Акрамя таго, што я цікаўлюся гэтымі навінамі, я таксама планую паглядзець фільм «Зялёная мяжа», які нядаўна выйшаў.
Ведаю, што ў 2020 годзе па ўсёй краіне прайшлі маштабныя пратэсты з-за фальсіфікацыі выбараў. Гэта паказвалі ў нас па тэлебачанні, і колькасць удзельнікаў зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Але, на жаль, як мне здаецца, гэтыя пратэсты нічога не змянілі, і многія пратэстоўцы зазналі рэпрэсіі. Аднак гэта быў прыгожы момант у гісторыі Беларусі і, спадзяюся, прывядзе да пазбаўлення ўлады Лукашэнкі.
Х'юберт лічыць, што беларускія пратэсты 2020 года паказалі, што Лукашэнка не мае падтрымкі ў грамадстве. І адзінае, што яго ўтрымлівае ва ўладзе — гэта прызначэнне на вышэйшыя пасады «сваіх» людзей, пазбаўленне ад апазіцыі і падпарадкаванне міліцыі і арміі рэжыму.
— Гэтае бяссілле вельмі сумнае, і я скрыжоўваю пальцы, каб лёс Беларусі быў падобны да лёсу Польшчы.
У мяне ёсць знаёмы з Беларусі, яго сям'я была рэпрэсаваная і вымушаная пакінуць краіну. Цяпер мой знаёмы вучыцца ў Польшчы, а астатнія чальцы яго сям'і жывуць у Літве.
Я вельмі ганаруся, што Польшча дапамагае беларусам.
Мірка, 48 гадоў. Кемпіцэ
— Я ведаю пра Беларусь няшмат. Першая асацыяцыя — гэта Лукашэнка. Нядаўна я таксама глядзела фільм «Зялёная мяжа». Ведаю пра рэжым Лукашэнкі і сфальсіфікаваныя выбары ў Беларусі.
Марсэль, 19 гадоў. Бжэг-Дольны
— Гэта марыянеткавая дзяржава. Я чуў пра пратэсты, якія былі некалькі гадоў таму, а таксама глядзеў фільм «Зялёная мяжа» пра падзеі на беларускай мяжы.
Я аддзяляю рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа. Лічу, што Лукашэнка ніяк не звязаны з грамадзянамі, таксама як і Пуцін з расійцамі, таму, на мой погляд, беларусы — такія ж людзі, як палякі, хоць, магчыма, у іх значна менш еўрапейскіх каштоўнасцей.
«Я захапляюся беларусамі і падтрымліваю іх намаганні»
Юлія, 23 гады. Варшава
— Гэта славянская краіна, якая мяжуе з Польшчай, а таксама з Расіяй, што не дазваляе ёй цалкам здабыць незалежнасць. Мае першыя асацыяцыі з гэтай краінай — Лукашэнка і «Зялёная мяжа». Перыядычна я чытаю навіны пра тое, што адбываецца на беларуска-польскай мяжы, а таксама пра беларускую апазіцыю.
Пратэсты 2020 года ў Беларусі былі паказаныя ў польскіх СМІ, і гэта тэма, якая, падобна да ўкраінскай праблемы, аб'ядноўвае большасць польскіх грамадзян.
Беларусы — вельмі прыстойныя і культурныя людзі, якія ментальна блізкія да палякаў, і я вельмі цаню, што яны гатовыя сябраваць з палякамі. Мне здаецца, беларусы падобныя да нас, і мне таксама лёгка разумець беларускую мову, хоць я ведаю, што ў Беларусі пераважна гавораць на рускай.
Дапамагаць беларусам і даваць палітычны прытулак тым, каму гэта неабходна незалежна ад нацыянальнасці — гэта вельмі важна. Польшчы варта дапамагаць сваім суседзям, каб аслабіць агульнага ворага ў выглядзе Расіі.
Анджэй, 20 гадоў. Познань
— Гэта даволі буйная краіна ва Усходняй Еўропе з аўтакратычным рэжымам, якая палітычна залежная ад Расіі. Сучасная Беларусь, сфармаваная ў часы глыбокага камунізму, была адарваная ад сваіх гістарычных каранёў.
Сярод асацыяцый з Беларуссю ў мяне Лукашэнка, адсутнасць звестак у статыстыцы для Еўропы і намаганні народа змяніць рэжым.
Анджэй лічыць, што беларусы, як і любая іншая нацыя, заслугоўваюць павагі і разумення, і ўвесь народ нельга судзіць па той частцы насельніцтва, якая падтрымлівае рэжым.
— Я захапляюся і падтрымліваю намаганні беларусаў, накіраваныя на забеспячэнне грамадзянам бяспекі, правоў і дэмакратычнай дзяржавы.
Дапамога рэпрэсаваным беларусам з боку Польшчы — разумная палітыка. У кожнага з нас ёсць права на жыццё і выказванне ўласных поглядаў. Польшча як краіна, якая была ў складзе Усходняга блока, пазбавілася рэпрэсіўнай сістэмы і абавязаная дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў дапамозе.