«Кола замкнулася». Як вырашыць праблему з беларускімі пашпартамі?

Суседнія з намі Польшча і Літва дапамагаюць беларусам знайсці выйсце з няпростай сітуацыі з пашпартамі, а вось у Грузіі з гэтым нашмат складаней. Як і з разуменнем маштабу праблемы.

Праблема з беларускімі пашпартамі за мяжой стаіць вельмі востра. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Праблема з беларускімі пашпартамі за мяжой стаіць вельмі востра. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі ў верасні 2023 года ўвайшоў у дзеянне ўказ №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў», які забараніў выдаваць пашпарты і падаўжаць дакументы за мяжой. Праваабаронцы называюць яго помстай беларускім палітычным эмігрантам: людзі, якія з'ехалі з краіны, могуць стаць «нелегаламі» ў краінах пражывання, пазбавяцца магчымасці свабодна перасоўвацца па свеце, не змогуць прадаць нерухомасць на радзіме, ажаніцца або зарэгістраваць народжаных дзяцей.

«Настоящее время» даведалася, як гэты ўказ паўплываў на жыццё беларусаў у Літве, Польшчы, Германіі і Грузіі, а таксама спытала прадстаўнікоў Аб'яднанага пераходнага кабінета, ці ёсць спосаб зрабіць так, каб грамадзяне Беларусі не засталіся без дакументаў.

Згодна з указам «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў», беларускія дыпламатычныя місіі больш не выдаюць новыя пашпарты і не падаўжаюць мінулыя дакументы ўласным грамадзянам, якія знаходзяцца за мяжой. Цяпер гэта можна зрабіць толькі ў Беларусі. Асабістая прысутнасць на радзіме спатрэбіцца, каб аформіць апастыль, прадаць нерухомасць — указ ануляваў магчымасць зрабіць гэта дыстанцыйна па даверанасці. Таксама беларускія консульствы перасталі выдаваць важныя дакументы, напрыклад, даведку з ЗАГСа аб тым, што чалавек не знаходзіцца ў шлюбе, неабходную для жаніцьбы за мяжой, — за ёй таксама патрабуюць ехаць асабіста. Але дзясяткі тысяч палітэмігрантаў не могуць вярнуцца на радзіму, дзе ім ужо пагражае ці можа пагражаць пераслед.

Расказваючы гісторыі людзей, «Настоящее время» змяніла іх імёны і не раскрывае дэталі біяграфій, бо ў іх застаюцца ў Беларусі сваякі, а камусьці з іх, магчыма, усё ж давядзецца ехаць у Беларусь па неабходныя дакументы.

«Здаць кватэру не можам: там зарэгістраваны два чалавекі з крымінальнай справай». Беларусы ў Германіі

Яўгенія з сям'ёй пакінула Беларусь год таму, цяпер яны жывуць у Германіі, дзе атрымалі міжнародную абарону. За ўдзел у мірных пратэстах супраць яе і мужа ў Беларусі распачаты крымінальныя справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

«Два гады мы спадзяваліся, што нам не давядзецца з'язджаць, але надзея раставала, — расказвае Яўгенія. — Ключавым стаў страх за дзяцей. Мы назіралі за сітуацыяй і бачылі, што калі спачатку аднаго з бацькоў забіралі, то другі заставаўся з дзецьмі. Але калі пайшла тэндэнцыя, што, забраўшы аднаго з бацькоў, ідуць па другога, а дзяцей адпраўляюць у дзіцячы дом, мы сталі рыхтавацца да ад'езду. Спачатку пра такое мы чыталі толькі ў навінах, але потым гэта стала здарацца з людзьмі, якіх мы асабіста ведаем. Можна быць смелым за сябе і гатовым сесці за перакананні, але трэба думаць, як дзеці будуць «сядзець» гэты тэрмін, што з імі будзе. У нашай сітуацыі заставацца ў краіне было ўжо не патрыятызмам, а глупствам».

У Германіі сям'я атрымлівае дапамогу, у тым ліку на дзяцей, горад аплачвае ім арэнду жылля, яны маюць магчымасць бясплатна вучыць нямецкую мову. У параўнанні з многімі палітэмігрантамі, якія чакаюць легалізацыі ў краіне, гэта нядрэнныя ўмовы. Але непараўнальныя з іх жыццём у Беларусі, кажа Яўгенія:

«У мяне ў Мінску была добрая праца, у мужа свой бізнес, які развіваўся. Усё давялося пакінуць. Тут без добрага ўзроўню мовы складана знайсці паўнавартасную працу. На дапамогу цяжка жыць і псіхалагічна, і фінансава, яна не для камфортнага жыцця. Тут мы статусна ўпалі, канешне».


Глядзіце таксама

У Мінску ў сям'і засталася кватэра, якую яны хацелі прадаць, што дапамагло б фінансава пратрымацца ў Германіі.

«Перад ад'ездам мы зрабілі даверанасці на родных. Літаральна перад уступленнем у сілу гэтага ўказа наша кватэра была гатова да продажу, працаваў рыэлтар. Нам толькі трэба было перарэгістраваць дзяцей, што раней можна было зрабіць дыстанцыйна, аформіўшы даверанасць за мяжой. З прыняццем указа гэта зрабіць ужо нельга. І наша кватэра застаецца на нявызначаны тэрмін у падвешаным стане. Здаць яе ў арэнду мы не можам, таму што там зарэгістраваны два чалавекі з крымінальнай справай, а гэта значыць, што туды ў любы момант могуць прыйсці органы, не хочацца падстаўляць людзей».

З тэрмінам дзеяння пашпартоў у сям'і пакуль няма праблем. Але яны ўжо ў думках развіталіся з беларускім грамадзянствам і падаліся на грамадзянства Германіі, кажа Яўгенія:

«Хоць у мяне ёсць германскія карані і раней былі магчымасці з'ехаць, я ніколі не збіралася пераязджаць у Германію. Але так склалася, што цяпер мы тут і вяртацца не збіраемся. Не толькі таму, што пры гэтым рэжыме мы не можам гэта зрабіць. Проста на пераезд было выдаткавана занадта шмат намаганняў, мне гэта каштавала некалькі гадоў жыцця. Нельга сядзець на двух крэслах. Я зразумела, што, калі буду працягваць жыць рэвалюцыяй, ні маёй сям'і мяне не дастанецца, ні ад мяне нічога не застанецца. Я сваё адваявала. У мяне няма тугі па Мінску. Цяпер мой дом тут, і гэта дае глебу пад нагамі. Пераезд дорага даўся і дзецям. Таму хочацца, каб яны паўнавартасна адаптаваліся і добра жылі тут, у Германіі».

«Наш досвед паказвае: германскія ўлады не вельмі добра інфармаваны пра рэпрэсіі ў Беларусі»

Яшчэ да прыняцця ўказа №278 не ўсе беларусы маглі падоўжыць або атрымаць новыя пашпарты ў беларускім консульстве — асцерагаліся за сваю бяспеку. Пры звароце ў консульства трэба падаць асабістыя даныя: адрас, падставы для знаходжання ў Германіі, звесткі пра членаў сям'і, працу і іншае. Гэтыя асабістыя звесткі накіроўваюць у МУС Беларусі, якое выдае пашпарты, і іх могуць выкарыстоўваць для далейшых рэпрэсій. Актывісты з дыяспары прыводзілі прыклады, калі пасля звароту ў консульства людзей аб'яўлялі ў міжнародны вышук або заводзілі крымінальную справу ў Беларусі. Каб гэтага пазбегнуць, яшчэ тады з'явіліся прапановы ў спрошчаным парадку выдаваць беларусам у Германіі праязны дакумент замежніка («пашпарт замежніка»). Гэты дакумент не прыраўноўваецца да германскага пашпарта, але выконвае некаторыя функцыі дакумента, які сведчыць асобу. З прыняццем указа №278 гэтая прапанова становіцца яшчэ больш актуальнай. «Для тых беларусаў, каму трэба было ў індывідуальным парадку даказваць, што падаўжэнне пашпарта праз амбасаду немагчымае, цяпер стане прасцей атрымліваць пашпарты замежнікаў», — кажа прадстаўнік беларускай дыяспары з аб'яднання «RAZAM».

Арганізацыя падрыхтавала падрабязную інструкцыю, як і хто можа прэтэндаваць на гэты дакумент.

«Самая вялікая і праблематычная група — гэта беларускія грамадзяне, якія знаходзяцца ў Германіі з часовым, пастаянным відам на жыхарства, хто падаецца на грамадзянства і чый пашпарт скончыўся або заканчваецца ў бліжэйшы час, — удакладняе прадстаўнік дыяспары. — У нас ужо ёсць прыклады, калі людзям папярэдне адмаўлялі ў пашпарце замежніка і прасілі падавацца на прытулак. З гэтай праблемай мы і шэраг іншых ініцыятыў працуем якраз у дадзены момант».


Глядзіце таксама

«На жаль, наш досвед з 2020 года паказвае, што германскія ўлады на месцах, як правіла, не вельмі добра інфармаваны пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, — працягвае суразмоўца. — Таму сёння нашы дзеянні і інфармацыйная кампанія сканцэнтраваны на тым, каб наступствы гэтага ўказа былі зразумелыя германскаму грамадству і ўладам. Мы прыкладаем намаганні, каб МУС Германіі распрацавала інфармацыйны бюлетэнь па Беларусі і пытанні пашпартоў, якім будуць карыстацца мясцовыя аддзелы па пытаннях міграцыі для прыняцця рашэнняў па індывідуальных заяўках».

Тэму пашпартоў прадстаўнікі «RAZAM» абмяркоўвалі на брыфінгу з праваабарончай арганізацыяй «Libereco» і германскімі дэпутатамі ад сацыял-дэмакратычнай партыі і «Хрысціянска-дэмакратычнага саюза». «Таксама праўленне «RAZAM» распрацавала працэдуру падтрымкі актывістаў і палітычных уцекачоў афіцыйнымі лістамі, якія пацвярджаюць іх дзейнасць у развіцці дэмакратычнай Беларусі і небяспеку або немагчымасць іх вяртання ў Беларусь», — дадаў прадстаўнік аб'яднання.

«Спачатку завочна асудзяць, а потым адбяруць кватэру». Беларусы ў Польшчы

Падчас масавых ад'ездаў пасля распачатых у 2020 годзе рэпрэсій у Польшчу перабралася найбольшая колькасць беларусаў — і людзі працягваюць прыязджаць. Вольга прыбыла сюды тры месяцы таму па гуманітарнай візе. Яна з невялікага беларускага гарадка з насельніцтвам каля васьмі тысяч чалавек.

«Калі была агітацыя за Ціханоўскага, я здзівілася, што на наш стадыён прыйшло некалькі соцень чалавек. Я вельмі здзівілася, калі не менш людзей выйшлі на плошчу горада пасля выбараў. Але потым людзі сталі адсейвацца, мы сыходзілі сярод апошніх», — расказвае Вольга.

За гэтую актыўнасць Вольгу, яе мужа і сына пачалі пераследаваць:

«Былі і адміністрацыйныя арышты за выхад на плошчу, і штрафы за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Асабліва мне было цяжка на працы. Я займала кіруючую пасаду, і было вельмі непрыемна, калі кожны тыдзень да мяне прыходзіла з праверкамі міліцыя, забіралі проста з працы, падпіскі бралі, каб я нікуды не выходзіла. Прыязджалі да мяне і з КДБ з размовамі: "Давайце паставім на шлях праўдзівы вашага сына, інакш яму і вашай нявестцы будзе горш, вы ж не хочаце, каб у іх забралі дзяцей". Гэта значыць, былі ціск і пагрозы. Псіхіка стала вельмі няўстойлівай, я баялася кожнага груку ў дзверы. Таму мы вырашылі з'ехаць усёй сям'ёй, каб не было аніякага ціску. Трэба жыць, а не існаваць там і ўсяго баяцца. З'язджалі з адным чамаданам».

Вольга расказвае, што ім пашанцавала хутка знайсці ў Варшаве здымную кватэру, але яна была зусім пустой:

«Там была толькі кухня. Калі зайшла туды, была ў шоку: як мы будзем спаць? Але нам вельмі дапамагла беларуская дыяспара. Калі мы далі кліч у групах, у першы ж дзень нам прывезлі матрацы і рондалі. Мы радаваліся, як малыя дзеці, гэтым рондалям, таму што маглі закіпяціць ваду і нешта прыгатаваць. Потым нам беларусы сталі прывозіць хто што можа. Так паціху і абжываемся». Вольга і яе сын ужо знайшлі працу, на арэнду жылля і харчаванне заробкаў хапае.

У Беларусі ў Вольгі засталася кватэра, у якой жыў сын з сям'ёй. Ужо будучы ў Польшчы, яна збіралася яе прадаць з дзвюх прычын:

«Наўрад ці сын зможа туды вярнуцца (ён пад міжнароднай абаронай у Польшчы). І яшчэ я асцерагаюся, што ўлады проста могуць гэтую кватэру адабраць. Ходзяць чуткі, што будуць новыя законы: калі ты не жывеш у кватэры месяц, то будзеш плаціць поўны кошт «камуналкі», а калі не жывеш паўгода, могуць наогул яе выключыць. Набыць кватэру вельмі дапамагла мая бабуля, якая выдаткавала на гэта кампенсацыю ад Германіі былым вязням нацызму. Мне не хацелася б гэта губляць».


Глядзіце таксама

Сям'я дакладна не ведае, ці ёсць у Беларусі на Вольгу і яе сына крымінальныя справы. Калі такія справы заведзены, то ёсць верагоднасць завочнага суда — іх усё часцей праводзяць у Беларусі супраць апанентаў рэжыму. «Сёння цябе завочна асудзілі, заўтра — адабралі кватэру», — разважае Вольга.

Але прадаць гэтую кватэру сёння немагчыма, не вярнуўшыся ў Беларусь:

«Я не магу гэта зрабіць, не выпісаўшы адтуль сына. Каб яго выпісаць, мне трэба паехаць у Беларусь і вырашаць гэтае пытанне праз суд. Я б, магчыма, і вярнулася. Але мы высветлілі: каб сына выпісалі праз суд, ён павінен асабіста з'явіцца ў ваенкамат і падаць новае месца рэгістрацыі. Па даверанасці з-за ўказа гэта ўжо немагчыма зрабіць. Натуральна, сын у Беларусь не паедзе, бо гэта будзе яго апошні пункт паездкі».

Беларусы з польскім ВНЖ могуць падацца на «пашпарт замежніка»

У Польшчы тыя, хто не можа атрымаць або падоўжыць свой нацыянальны пашпарт, таксама маюць права атрымаць праязны дакумент замежніка. Яшчэ да выхаду ўказа №278, з 1 ліпеня 2023 года, Польшча ўвяла спрошчаную сістэму падачы на гэты дакумент для беларусаў, у якіх ёсць ВНЖ з любых падстаў, не толькі гуманітарных — гэта бясплатна і не трэба даказваць факт палітычнага пераследу або немагчымасці аформіць пашпарт любым іншым спосабам. Такі дакумент выдаецца на адзін год і дазваляе перамяшчацца паміж краінамі, якія яго прызнаюць. Але перад паездкамі трэба ўнікаць у дэталі і кансультавацца: напрыклад, вядомы выпадак, калі па такім праязным дакуменце замежніка беларусы не змаглі вылецець з Польшчы ў Турцыю на адпачынак, бо не ведалі, што, у адрозненне ад уладальнікаў звычайнага беларускага або польскага пашпарта, чалавеку з праязным дакументам замежніка ў Турцыі патрэбна віза.

Яшчэ адна мера, прынятая Польшчай, якая можа дапамагчы беларусам даўжэй ездзіць па наяўных у іх нацыянальных пашпартах, — адмова ад штампаў аб перасячэнні мяжы для грамадзян Беларусі, якія прыязджаюць у Польшчу не з краіны Еўрапейскага Саюза. Гэта дазволіць зэканоміць старонкі і адтэрмінаваць замену пашпартоў.

«Я бачыла, што ты гімн не спяваеш, вазьму на заметку». Беларусы ў Літве

Андрэй з жонкай і дзецьмі каля паўгода жыве ў Літве па гуманітарнай візе. У 2021 годзе ён публічна абвясціў страйк, за што быў звольнены. Але гэтым справа не абмежавалася.

«Да нашага пад'езда пастаянна прыязджалі людзі на бусіках, званілі ў дзверы, прыходзілі позвы з пракуратуры. Мне давялося з'ехаць з дому, каб не падвяргаць сям'ю небяспецы, хаваўся па чужых кватэрах, жыў без тэлефона. Аднойчы, калі прыехаў дадому, каб папраць рэчы, убачыў людзей ля пад'езда ў чорных шапках і куртках, здагадаўся папрасіць кіроўцу таксі праехаць далей. Потым аказалася, што яны якраз па мяне прыходзілі, цудам выратаваўся. Пасля гэтага вырашыў, што жыць так далей немагчыма», — расказвае Андрэй.

Але «апошняй кропляй» стаў псіхалагічны стан дзяцей: ім было цяжка жыць падвойным жыццём. «Мы ад іх не хавалі палітычныя погляды, разам хадзілі з БЧБ-сцягамі на пратэсты, і яны вельмі пранікліся. Старэйшая дачка, якой на той момант было 12 гадоў, першай сказала: "Я цяпер размаўляю ўсюды і заўсёды па-беларуску". А за ёй — уся наша сям'я. У школе немагчыма проста стала. Гэта не быў адкрыты хейт або булінг, але часта дачцэ казалі: "Чаго ты вылузваешся?" І я бачыў гэтыя дзіцячыя пакуты. Яна перакладала матэрыял з падручніка на беларускую мову, вучыла яго, а ў школе адказвала зноў па-руску. Ідэалагічна яны там таксама не маглі ўжо. У школах сталі кожную раніцу прымушаць спяваць гімн. "Сафія, — гаварыла класная кіраўніца, — а я бачыла, што ты гімн не спяваеш, бяру на заметку". І дзеці сталі чэзнуць. Атрымліваецца, трэба ў школу хадзіць, каб не адкрываць рот ці рабіць выгляд, што адкрываеш, але пры гэтым не спяваеш гімн? І гэта пакуль яшчэ ў іх засталося: яны баяцца нешта тут настаўніку сказаць, таму што ў Беларусі трэба было вучыцца не давяраць настаўнікам, хаваць ад іх свае думкі».


Глядзіце таксама

У Літве дзеці хацелі пайсці ў беларускамоўную гімназію, але там не прынялі дакументы праз вялікую колькасць ахвотных. Літва — другая краіна пасля Польшчы, куды масава пераехалі беларусы пасля 2020 года.

Указ №278 наўпрост закрануў сям'ю Андрэя: вясной 2024 года ў дзяцей заканчваюцца пашпарты.

«Мы ўжо былі запісаны ў беларускае консульства на выдачу новых, але да нас чарга не дайшла, і цяпер ні слыху ні дыху — нібыта ўсё адменена і не дадуць нічога. Што рабіць — не ведаем. У Беларусь мы баімся ехаць. Людзей там саджаюць, знаходзяць лічбавыя сляды ў тэлефонах. Мы, вядома, чакаем новых, альтэрнатыўных пашпартоў, пра якія заяўляла Святлана Ціханоўская. Гэта рэальна б дапамагло», — кажа Андрэй.

У Літве беларусы, у тым ліку непаўналетнія дзеці, у такіх выпадках таксама могуць аформіць праязны дакумент замежніка («пашпарт замежніка»). Праўда, у адрозненне ад Польшчы, гэта платная паслуга, і суіскальніку трэба абгрунтаваць, чаму атрымаць дакумент на радзіме немагчыма. Праязны дакумент выдаюць тым, у каго ёсць права на часовае або пастаяннае пражыванне ў Літве і ў каго няма сапраўднага праязнога дакумента. Тэрмін дзеяння прывязаны да тэрміну дзеяння ВНЖ. З гуманітарных прычын яго выдаюць на год — адпаведна, «пашпарт замежніка» таксама можна атрымаць на год. Акрамя таго, цяпер Сейм Літвы разглядае ідэю павялічыць тэрмін дзеяння ВНЖ беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму праз пагрозу пераследу, да трох гадоў. Таксама ў Літве разглядаюць магчымасць прымаць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў, каб выдаваць ВНЖ, але ў індывідуальным парадку.

«У Грузіі адно выйсце: атрымліваць міжнародную абарону»

Грузія — у тройцы краін, куды пераязджалі беларусы, ратуючыся ад рэпрэсій. Пры гэтым тым, хто жыве тут, складаней за ўсё развязаць праблемы, створаныя ўказам №278.

«Альтэрнатывы практычна няма. Калі ў Польшчы і Літве можна атрымаць праязны дакумент замежніка, то ў Грузіі гэта праблема не развязана, — гаворыць кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Lawtrend» Вольга Смалянка. — У Грузіі адно выйсце: атрымліваць міжнародную абарону. Да ўступлення ў сілу ўказа праваабаронцам было вядома пра дзесяць зваротаў па міжнародную абарону, толькі па трох вынесены пастановы — і ўсе адмоўныя. Яшчэ адна праблема ў тым, што заканадаўства Грузіі дазваляе разглядаць дакументы на міжнародную абарону да 21 месяца. За гэты час у людзей ужо могуць заканчвацца пашпарты. І калі адмовяць у абароне, то людзі акажуцца і без статусу, і без пашпарта. Знаходжанне на тэрыторыі іншай краіны без дакументаў з'яўляецца незаконным. Гэта праблемы не толькі чалавека, але і дзяржавы, бо трэба думаць, што рабіць з такімі людзьмі. Адпраўляць іх у краіну, дзе масавыя парушэнні правоў чалавека, як мінімум негуманна. Ёсць яшчэ адна праблема: людзі, якія звяртаюцца ў консульскі аддзел пасольства Польшчы ў Грузіі, пачалі атрымліваць адмовы ў выдачы гуманітарнай візы, таму што, на думку пасольства, Грузія — бяспечная краіна для беларусаў. Кола замкнулася».


Глядзіце таксама

Варыянтамі вырашэння праблемы, на думку праваабаронцы, магла б стаць выдача Грузіяй праязнога дакумента замежніка, па прыкладзе Польшчы і Літвы, больш аператыўны і станоўчы разгляд рашэнняў аб міжнароднай абароне, а таксама электронная рэгістрацыя беларусаў пры перасячэнні мяжы (без штампа ў пашпарце). Але найбольш аптымальнае выйсце — выдача альтэрнатыўнага пашпарта, лічыць праваабаронца.

Асобная тэма — статус нованароджаных дзяцей, якія з'яўляюцца ў сем'ях, што з'язджаюць з Беларусі, працягвае Вольга Смалянка:

«З нованароджанымі была праблема яшчэ да гэтага ўказа. Дзеці, народжаныя ў Грузіі, атрымліваюць пасведчанне аб нараджэнні, але не атрымліваюць дакумент, які б пацвярджаў іх асобу як грамадзян Беларусі. Атрымаць першы пашпарт можна толькі на тэрыторыі Беларусі. І бацькі з нованароджанымі аказваюцца ў пастцы: жывуць па пасведчанні аб нараджэнні, але не могуць па ім нікуды выехаць. Усё, што яны маглі атрымаць у пасольстве Беларусі, — гэта даведка на вяртанне, каб вярнуцца ў Беларусь і атрымаць там пашпарт. Але не ўсе грамадзяне могуць гэта сабе дазволіць праз бяспеку. І дзеці аказваюцца ў падвешаным стане».

Гэтую праблему ў Грузіі можна вырашыць, прадастаўляючы сем'ям міжнародную абарону, выдаючы дзецям праязны дакумент замежніка або ВНЖ на падставе нараджэння ў Грузіі, лічыць праваабаронца. Пакуль гэтага няма. У іншых краінах — падобныя праблемы, гавораць прадстаўнікі беларускай дыяспары — і чакаюць рашэнняў ад беларускіх палітычных сіл за мяжой.

«Да пачатку 2024 года спадзяемся ўбачыць цэнтр выдачы новых пашпартоў Беларусі»

У сувязі з уступленнем у сілу ўказа №278 Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі і народныя амбасады стварылі сайт pashpart.org, на якім можна знайсці базавую інфармацыю, што можна зрабіць, калі пашпарт заканчваецца ўжо цяпер. На гэтым жа сайце будуць з'яўляцца навіны пра тое, чаго ўдалося дамагчыся ў перамовах з кіраўніцтвам розных краін.

«Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне з Еўрапейскай камісіяй, з еўрапейскім камісарам па ўнутраных справах Ільвай Юхансан. Яны зараз разглядаюць гэтую сітуацыю, рыхтуюць свае ацэнкі і рэкамендацыі для краін Еўрасаюза. Мы чакаем, што да пачатку снежня, калі плануецца сустрэча кансультатыўнай групы Еўрасаюза і Беларусі, гэтыя рэкамендацыі будуць гатовы. Таксама ў нас былі кансультацыі ў Іспаніі, рыхтуюцца кансультацыі ў Францыі», — расказвае прадстаўнік па замежных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валерый Кавалеўскі.


Глядзіце таксама

Ён удакладняе, што Кабінет у курсе складанасцей, якія адчуваюць беларусы ў Грузіі, і цяпер шукае магчымасць правесці перамовы з урадам.

Указ абвастрыў сітуацыю, але гэта пэўным чынам дапамагае прасоўваць ідэю з новым пашпартам Беларусі, кажа Валерый Кавалеўскі: «Мы працягваем праект нацыянальнага пашпарта і цяпер займаемся стварэннем органа выдачы, дзе будуць прымацца заяўкі і выдавацца новыя пашпарты. Мы не абмяжоўваемся краінамі Еўрасаюза, вядзём перамовы і з ЗША. Для таго, каб просьба аб прызнанні такога пашпарта ў свеце была поўнай, нам трэба абавязкова мець фізічны ўзор пашпарта, трэба паказаць, што ў нас ёсць сістэма, якая дазваляе яго выдаваць з захаваннем усіх патрабаванняў бяспекі. Паводле нашых планаў, такі орган выдачы і ўзор пашпарта павінны з'явіцца на пачатку 2024 года. Тады мы ўжо зможам звяртацца па прызнанне. Плануецца, што гэты пашпарт будзе выдавацца і беларускім дзецям, якія нарадзіліся за мяжой».