Беларусам, якія не могуць вярнуцца на радзіму, у Літве прапануюць выдаваць ВНЖ на тры гады
У Літве абмяркоўваюць магчымасць выдаваць беларусам, што ўцяклі ад рэпрэсій, часовы ВНЖ на тры гады, а не на год, як цяпер. Такая папраўка ў заканадаўства, зарэгістраваная па прапанове Міністэрства ўнутраных справаў, піша «Люстэрка».
Такую меру прапануе кіраўніца МУС Літвы Агнэ Білатайтэ, паведамляе сайт ведамства.
Цяпер замежнікам, якія не могуць вярнуцца на радзіму праз пагрозу пераследу (у першую чаргу беларусам), у Літве выдаюць часовы від на жыхарства на год. На гэты момант грамадзяне Беларусі атрымалі больш за 700 такіх дазволаў на часовае пражыванне.
Міністр унутраных справаў Агнэ Білатайтэ прапануе падоўжыць гэты тэрмін да трох гадоў — яна зарэгістравала адпаведную папраўку да закона пра прававы статус замежнікаў.
Яна адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі не мяняецца, і беларусы, якія ратуюцца ад пераследу ўладаў, дагэтуль не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму.
— Пасля прыняцця ініцыяваных мной паправак беларусам, якія пражываюць у нашай краіне і ўцяклі ад рэпрэсій, больш не давядзецца кожны год звяртацца па падаўжэнне віду на жыхарства, таксама мы знізім нагрузку на Дэпартамент міграцыі, — заявіла Білатайтэ.
Падаўжэнне тэрміну дзеяння літоўскага ВНЖ для беларусаў, на думку міністра, вырашыла б і яшчэ адну праблему, звязаную з выдачай праязнога дакумента замежніка: цяпер ён выдаецца на той самы тэрмін, што і часовы ВНЖ.
Гэтую норму закона прапануецца прымяніць да ўсіх новых заяваў на выдачу часовага ВНЖ, а таксама да ўжо пададзеных, па якіх яшчэ не было прынятае рашэнне да ўступлення змяненняў у сілу.
Прапанаваная міністрам мера цяпер разглядаецца ў Сейме Літвы разам з іншымі папраўкамі да закона пра прававы статус замежнікаў, якія ўнесла Міністэрства ўнутраных справаў.