Кіраўнік МЗС Літвы: Мы дапаможам беларусам, і яны дапамогуць нашай краіне

Літва — адна з самых блізкіх фізічна, эканамічна і палітычна краін для беларусаў, якая вось ужо тры гады прымае на сваёй зямлі беларускіх уцекачоў і стварае ўмовы для іх бяспечнага знаходжання. У той час як рэжым Лукашэнкі ўсяляк помсціць суседзям за іх дапамогу беларусам.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс з партрэтам палітзняволенай Марфы Рабковай. Фота: ehu.lt

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс з партрэтам палітзняволенай Марфы Рабковай. Фота: ehu.lt

Літва — адна з краін, дзе пасля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі і вайны ва Украіне знайшлі прытулак прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці і бізнесу. Тут маюць магчымасць працаваць і зарабляць, каб утрымліваць свае сем’і, дзясяткі тысяч беларусаў.

Літва рэагуе на правакацыі на мяжы з Беларуссю, размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, пагрозы так званаму Сувалкскаму калідору, у якім стратэгічна зацікаўленая Расія. Усё гэта робіць Літву чуллівай да агрэсіўнай палітыкі Расіі і яе сатэліта — беларускіх уладаў. Гэтаму, а таксама легальным праблемам беларускіх грамадзян у Літве, была прысвечаная гутарка «Радыё Свабоды» з міністрам замежных спраў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам.

Пра ядзерную зброю на беларускай зямлі

— Першае пытанне да вас наступнае: ці бачыце вы пагрозу ад тактычнай ядзернай зброі, якую, паводле слоў Пуціна і Лукашэнкі, нібыта ўжо завезлі ў Беларусь? Гэта рэальная зброя ці частка інфармацыйнай вайны Пуціна супраць Захаду, Літвы, Польшчы?

— Ну, па-першае, вялікі дзякуй за тое, што вы мяне запрасілі... Нельга скідаць з рахункаў праблемы або патэнцыйную небяспеку, якую нясе ядзерная зброя, але я б сказаў, што больш небяспечны, чым сама зброя, ужо толькі намер прывезці яе ў Беларусь. У нас была ядзерная зброя паблізу Літвы, з'явіліся паведамленні, што, магчыма, ядзерную зброю завезлі ў Калінінград, і цяпер, магчыма, мы не можам яе адсачыць. Але ўся інфармацыйная кампанія паказвае перадусім ігнараванне Пуціным таго, што засталося ад сувэрэнітэту Беларусі, грэбаванне канстытуцыйнымі нормамі, усім, што ад іх засталося, каб увозіць зброю, якая яму патрэбная, каб пагражаць заходнім суседзям Беларусі.

А па-другое, гэта бразганне зброяй, гэта магчымасць паспрабаваць прымусіць невялікія краіны, такія як Літва, іншыя краіны Балтыі, каб яны змянілі сваю пазіцыю. Такім чынам, гэта нагода для пільнасці, таму што гэта можа даць нам уяўленне пра тое, чаго мы можам чакаць у будучыні.


Глядзіце таксама

Пра стаўленне Літвы да санкцый супраць беларускіх уладаў

— Другое пытанне — пра санкцыі. Пазіцыя Літвы важная ў справе санкцый супраць уладаў Лукашэнкі, у тым ліку наконт транзіту беларускага калію. Ці маеце вы тут поўнае разуменне з боку іншых краін Еўрасаюза?

— Не заўсёды. Дэбаты ўсё яшчэ працягваюцца, і я лічу, што голас Літвы, несумненна, вельмі важны. Таму што няма разумення таго, наколькі Літва і Беларусь блізкія не толькі палітычна, але і эканамічна. Калі б пэўныя санкцыі былі знятыя са згоды ўсяго Еўрапейскага Саюза — дык не будзе ж такога, што тавары, выведзеныя з-пад санкцый, магічным чынам з'явяцца ў Афрыцы ці ў нейкай іншай краіне нашых глабальных партнёраў: у большасці выпадкаў іх трэба будзе везці праз Літву. Такім чынам, літоўская інфраструктура будзе служыць інтарэсам Лукашэнкі і яго рэжыму, будзь гэта чыгунка, ці порт, ці людзі, якія будуць абслугоўваць цягнікі, ці яшчэ нешта, і гэта вельмі нас чапляе. Калі б прадукцыю з беларускага завода можна было некуды тэлепартаваць, то, можа, мы не мелі б столькі рашучасці. А цяпер гэта вельмі датклівае пытанне ў палітычным сэнсе.


Глядзіце таксама

Мы не хочам спрыяць беларускаму рэжыму ў яго рэпрэсіўных спосабах кіраваць краінай. І таму мы павінны пастаянна нагадваць ім пра рэпрэсіі ў Беларусі, пра намеры рэжыму. Але і пра геаграфію, каб яны ведалі, што Літва не хоча дапамагаць Лукашэнку і што няма іншага спосабу зняць нейкія санкцыі. І таму Літва была супраць транзіту праз Літву ў іншыя краіны.

Цяпер, на нашу думку, калію на сусветных рынках дастаткова, каб цэны стабілізаваліся. Рынак стабільны, і краіны, якім патрэбны калій, могуць набываць яго ў іншых месцах.

Наколькі эфектыўная барацьба Літвы з міграцыйным крызісам

— Яшчэ адзін важны момант для Літвы палягае ў тым, што працягваецца міграцыйны крызіс на мяжы Літвы з Беларуссю. У сувязі з гэтым Літва закрыла адзін з памежных пераходаў, будуе плот на мяжы. Ці можна сказаць, што дзеянні Літвы тут былі эфектыўнымі?

— Я б сказаў, што так. Я думаю, што найбольш эфектыўным было пабудаваць загароду. Здавалася б, у XXI стагоддзі, калі мы так шмат гаворым, што трэба будаваць масты, а не муры, дык трэба так і рабіць. А мы вырашылі пабудаваць сцяну, мы вырашылі пабудаваць загароду, амаль на 700 кіламетраў. І гэта праект цяжкі і вялікі не толькі ў лагістычным і адміністрацыйным сэнсе, але і ў палітычным — бо гэта ж краіна, з якой мы так шмат гадоў адчувалі сябе такімі блізкімі. І людзі адтуль усё яшчэ хочуць прыязджаць у Літву. Або літоўцы з невялікіх вёсак, у якіх бліжэйшая крама з прадуктамі — на тым баку мяжы, і ім трэба перасякаць мяжу, каб нешта сабе купіць. Малако ці нешта яшчэ на абыходак па той бок мяжы. Цяпер яны так рабіць не могуць.


Глядзіце таксама

Гэта ўсё так, але мы гэта зрабілі. І я думаю, што гэтым мы аслабілі ціск на мяжу з боку нелегальнай міграцыі, якую арганізуе рэжым. Я спадзяюся, што прыйдзе дзень, калі — як Берлінскай сцяне было наканавана ўпасці, так і гэтая сцяна таксама не спатрэбіцца ў будучыні. Калі Беларусь будзе вольнай краінай.

— Літва вырашыла накіраваць на дапамогу Латвіі сваіх памежнікаў. Чаму?

— Я магу сказаць, што на пачатку крызісу Літва была той краінай, якая сутыкнулася з найбольшым ціскам з боку мігрантаў з Беларусі. З цягам часу ціск на літоўскай мяжы знізіўся. Цяпер ён самы вялікі на мяжы Беларусі з Латвіяй. Але калі на нас ціснулі, то мы атрымалі дапамогу, іншыя краіны прыслалі сваіх памежнікаў. Мы атрымалі матэрыялы будаваць загароду, атрымалі фінансавую дапамогу. Ведаеце, салідарнасць у крызісны час надзвычай важная. І ўрад Латвіі робіць усё магчымае, каб даць рады крызісу. Але ёсць рэчы, якія мы, на наш погляд, можам зрабіць разам, і мы гатовыя дапамагаць.

Пра прапановы прыраўняць беларусаў у Літве да расійцаў

— Літва дала прытулак прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасці, таксама ІТ-бізнесу. Усяго ў Літве каля 60 тысяч беларускіх грамадзян. Яны занепакоеныя прапановамі паставіць грамадзян Беларусі ў Літве ў тыя ж умовы, што і грамадзян Расіі. Беларусы баяцца пагаршэння сваёй сітуацыі ў Літве. Ці варта ім непакоіцца пра тое, як будзе развівацца далей сітуацыя з дазволамі на жыхарства для беларусаў?

— Ведаеце, Літва — гэта вельмі дынамічная дэмакратыя. Звычайна наконт практычна кожнага пытання ў нашым грамадскім жыцьці ёсць розныя думкі, і палітыкі спрачаюцца ў парламэнце або ў прэсе наконт таго, як ладзіць тое грамадскае жыцьцё. Абʼектыўна я не бачу для людзей прычыны хвалявацца або для ўрада — змяняць сваю палітыку, калі ідзецца пра тое, як размясьціць людзей, якія выбіраюць Літву як месца для працы і бяспечнага пражывання. Не бачу такой прычыны.


Глядзіце таксама

Дэбаты самі па сабе паказваюць, што ёсць занепакоенасць, і ў аснове гэтай занепакоенасці — інтарэсы нацыянальнай бяспекі. Можа, з'явіцца нейкая інфармацыя, якая прымусіць нас змяніць нашу палітыку. Але на дадзены момант у нас няма такой інфармацыі. І я не бачу для нас прычын мяняць сваю палітыку. Так што людзі могуць тут працаваць, жыць. Мы дапаможам ім, і яны дапамогуць нашай краіне. У такім духу мы можам працаваць разам.

Ці прызнае Літва «пашпарт Новай Беларусі»

— Вы напэўна чулі пра праблемы з пашпартамі для беларусаў за мяжой пасля ўказу Лукашэнкі... Святлана Ціханоўская выступіла з ідэяй «пашпарту Новай Беларусі». Ці ёсць шанец, што літоўскія ўлады яго прызнаюць?

— Гэта складанае пытанне. На дадзены момант у нас ёсць літоўскія дакументы, што выдаюцца тым людзям, якія жывуць у Літве, якія маюць прытулак у Літве. Я не ведаю, як такое будзе працаваць. Але я заўсёды кажу, што, калі я не ведаю, гэта не значыць, што гэта немагчыма. Такім чынам, калі праект будзе рэалізаваны, нам трэба будзе ўважліва вывучыць, як гэта можна прыстасаваць да прававой сістэмы Літвы.

І, паколькі мы частка Шэнгену, частка еўрапейскіх рамак, нам таксама трэба было б вырашыць гэтую праблему з нашымі партнёрамі. Літва рэдка можа адасобіцца, прыняць рашэнне, не маючы еўрапейскага развязання для пэўнага пытання або праблемы.


Глядзіце таксама

Клайпедскі грузавы тэрмінал прапануюць пераарыентаваць з беларускага калію на ўкраінскае збожжа

— І ў канцы я хацеў бы спытаць пра прадпрыемствы на тэрыторыі Літвы, уласнікам якіх з'яўляецца беларуская дзяржава. У прыватнасці, хачу спытаць пра санаторый «Беларусь» у Друскеніках, пра які беларускі бок заяўляў, што санаторый трэба адкрыць для рэабілітацыі хворых дзяцей.

А таксама пра тое, што цяпер адбываецца з тэрміналам насыпных грузаў Клайпедскага порта, 30% якога належала «Беларуськалію». Прэм’ер-міністр Беларусі заявіў, што яго забралі, нават скралі. Што насамрэч адбылося, які цяпер яго юрыдычны статус, ці працуе гэты тэрмінал?

— Самая вялікая праблема для грузавога тэрміналу палягае цяпер у тым, што няма грузаў. Беларускага калію, які ішоў праз Клайпедскі порт на сусветныя рынкі, больш няма. Мы разумеем, літоўская кампанія слушна кажа, што замест беларускага калію ім будуць патрэбныя нейкія іншыя грузы. Адзін з варыянтаў, над якімі мы працуем, — гэта ўкраінскае збожжа. Бо той самы тэрмінал можа быць выкарыстаны і для экспарту збожжа. Калі яго так прыстасаваць, гэта было б выгадна для ўсіх. Не здымаць санкцыі, не адкрываць той самы канал, які выкарыстоўваўся ў мінулым, а шукаць нешта новае. Я думаю, што гэта добрая змена мыслення. Ужо цяпер мы больш не служым рэжыму, а шукаем іншыя шляхі.


Глядзіце таксама

Уладам Беларусі прапанавалі, каб апазіцыя ўзгадняла спісы наведнікаў санаторыя «Беларусь» у Друскеніках

— Цяпер пра санаторый «Беларусь». Я не мог бы цяпер, напэўна, з поўнай упэўненасцю назваць яго статус. Так што я б не гадаў.

— Наколькі я памятаю, статус мяняюць...

— Яны нешта змянілі, і гэта дазволіла прымаць дзяцей, але збольшага не беларускіх. Бо мы ж не ведаем, хто з гэтага скарыстаецца, і хоць дзеці ёсць дзеці, але мы сказалі: глядзіце, калі там семʼі АМАПа, ведаеце, нам было б цяжка прыняць, калі б гэтыя дзеці выбралі Літву месцам адпачынку. Таму мы прапанавалі ўраду Беларусі, што ім трэба будзе ўзгадняць тут з апазіцыяй спісы людзей, якія ўедуць у Літву ў гэты санаторый. Відавочна, гэтая прапанова ім не спадабалася. Але такім чынам мы мелі б пэўнасць, што, напрыклад, прыедзе дзіця дысідэнта. Можна так на гэта паглядзець. Так што тут мы былі б вельмі гасцінныя. А калі гэта сямʼя АМАПаўцаў, я б сказаў, што, можа, ім лепш адпачываць у іншым месцы.

— Беларускі ўрад на гэта адказаў?

— Не думаю. Не ўпэўнены.