«Дыктатары не маюць імунітэту ад міжнароднага права» — Літва падала на Беларусь у міжнародны суд

Урад Літвы ўхваліў ініцыятыву Мінюста краіны аб прыцягненні беларускіх уладаў да адказнасці за незаконны ўвоз мігрантаў, паколькі, на думку Вільні, гэта робіцца па ўказцы Мінска. Пра гэта паведамляе Мінюст Літвы, піша «Люстэрка».

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2___2__logo.jpg

Беларусі будзе прад'яўлены пазоў за невыкананне палажэнняў Пратакола аб незаконным увозе мігрантаў па сушы, моры і паветры, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.

Мінюст Літвы пачне перамовы аб перадачы спрэчкі ў арбітраж або Міжнародны суд.

«Дыктатары не маюць імунітэту ад міжнароднага права. Пасля Пуціна надышла чарга рэжыму Лукашэнкі ўзяць на сябе адказнасць», — заявіла міністарка юстыцыі Эвеліна Дабравольская.

Мэта пазову — кампенсацыя шкоды літоўскаму боку, які краіна панесла праз міграцыйны крызіс.

Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ адзначыла, што краіна робіць вельмі важны і неабходны крок, бо ініцыюе ў Міжнародным судзе справу супраць беларускага рэжыму ў сувязі з міграцыйным крызісам.

На яе думку, так Літва не толькі абароніць свае інтарэсы, але і прыцягне ўвагу міжнароднай супольнасці да парушэнняў правоў чалавека, учыненых Беларуссю.

«Каб абараніцца ад гібрыднай атакі, арганізаванай рэжымам Лукашэнкі з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў, мы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя інструменты — ад устаноўкі фізічнага бар'ера, устаноўкі на мяжы самых сучасных сістэм маніторынгу, да зменаў у міграцыйную палітыку ЕС. Прававы бар'ер не менш важны, чым фізічны», — падкрэсліла яна.


Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 года. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза, таму што з-за санкцый «у нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».

Для барацьбы з патокамі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі платы на мяжы з Беларуссю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэнне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю. Яны разгортваюць іх на мяжы і адпраўляюць назад у Беларусь.