«Беларусы маюць духоўны суверэнітэт». Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў Сейм пераадолець вета Наўседы

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што будзе заклікаць дэпутатаў Сейма адхіліць вета прэзідэнта Гітанаса Наўседы, накладзенае на закон аб абмежаваннях для беларусаў і расійцаў. Пра гэта паведаміў партал delfi.lt.

Фота delfi.lt

Фота delfi.lt

Нагадаем, прэзідэнт Літвы 14 красавіка наклаў вета на прапанаваны Сеймам закон, які ўсталёўвае розныя падыходы для абмежаванняў для беларусаў і расійцаў. Ён прапанаваў парламентарыям прытрымлівацца адзінай пазіцыі і не рабіць адрозненняў у абмежаваннях.

У прэс-рэлізе Офіса Наўседы з гэтай нагоды гаварылася: «З мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі і знешнепалітычных інтарэсаў Літвы прыняты Сеймам закон устанаўлівае 7 розных абмежавальных мер, 4 з якіх будуць прымяняцца да грамадзян Расіі і да грамадзян Беларусі, а 3 — толькі да грамадзян Расіі».

Прэзідэнт ухваліў мэту закона, якая заключаецца ва ўжыванні абмежавальных мер у адносінах да грамадзян Расіі і Беларусі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй гэтых дзяржаў супраць Украіны, аднак ён адзначыў, што няма падстаў для ўстанаўлення рознага прававога рэгулявання для грамадзян дзвюх дзяржаў-агрэсараў і прапанаваў уніфікаваць абмежавальныя меры да грамадзян абедзвюх дзяржаў.

Габрыэлюс Ландсбергіс 18 красавіка нагадаў, што розныя меры ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі дзейнічалі і ў рамках надзвычайнага становішча на мяжы, якое збольшага павінен замяніць закон.

«Не ўзгадаю, каб мы патрабавалі аднолькавых санкцый для грамадзян. Калі памятаеце, калі ўводзіліся абмежаванні на ўезд і дадатковыя праверкі на мяжы, то Літва вельмі выразна заявіла пры падтрымцы прэзідэнта, што адрозненні будуць», — сказаў ён.

Ландсбергіс дадаў, што дыскусія тады ішла ў грамадстве, і ў выніку дадатковыя праверкі вырашылі праводзіць для грамадзян РФ, але не беларусаў.

«І гэтая ўся дыскусія, якая вялася ў Літве, напэўна, пару месяцаў, яна вельмі выразна размежавала, што ў дачыненні да расійскіх грамадзян, якія ўязджаюць у Літву, на мяжы прымяняюцца дадатковыя праверкі, якія адказваюць устаноўленым шэнгенам патрабаванням. У дачыненні да грамадзян Беларусі такога прымянення няма», — адзначыў дадаў кіраўнік МЗС.

«Таму я не ведаю, пра якую паслядоўнасць або непаслядоўнасць кажа прэзідэнт. Але, мне здаецца, што мы ўсе раней дамовіліся, што беларускае грамадства мы ацэньваем як тое, якое змагалася за сваю свабоду, дэмакратыю, нягледзячы на тое, што гэта — палітычныя паняцці, тым не менш мы разумеем, што за гэтым стаіць практычнае значэнне. У 2020 годзе на барацьбу з рэжымам у Мінску выйшлі сотні тысяч чалавек. Такіх спробаў змагацца ў Расіі мы не бачым», — канстатаваў Ландсбергіс.

Ён лічыць, што розны падыход да беларусаў і расіян у рамках рэжыму нацыянальных абмежаванняў цалкам вытлумачальны. Таксама ён нагадаў, што беларускія дэмакратычныя сілы неаднаразова звярталі ўвагу літоўскіх палітыкаў на розніцу ў становішчы краін.

«Беларусы валодаюць тым, што мы называем духоўным суверэнітэтам. Гэта людзі, якія выказалі сваю пазіцыю і стаўленне да свабоды, дэмакратыі, да тых каштоўнасцяў, якія важныя для нас. Таму раўнаванне іх у законе я лічу несправядлівым. Мяне крыху засмучае, што не былі пачутыя аргументы, выказаныя як у Сейме, так і апазіцыяй Беларусі. Я буду заклікаць калегаў прагаласаваць супраць вета, калі яно прыйдзе», — сказаў Ландсбергіс.