Наўседа наклаў вета на закон, які абмяжоўвае ў правах расіян і беларусаў. Але радавацца няварта

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў вета на прыняты на мінулым тыдні Сеймам закон аб нацыянальных санкцыях у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі.

Гітанас Наўседа (Фото: Valda KalninaЕРА)

Гітанас Наўседа (Фото: Valda KalninaЕРА)

Кіраўнік Літвы прапануе парламентарыям прытрымлівацца адзінай пазіцыі і не рабіць адрозненняў у абмежаваннях, якія будуць прымяняцца і да расіян, і да беларусаў.

У прэс-рэлізе Офіса прэзідэнта Гітанаса Наўседы з гэтай нагоды гаворыцца: «З мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі і знешнепалітычных інтарэсаў Літвы прыняты Сеймам закон устанаўлівае 7 розных абмежавальных мер, 4 з якіх будуць прымяняцца да грамадзян Расіі і да грамадзян Беларусі, а 3 — толькі да грамадзян Расіі».

Прэзідэнт ухваляе мэту закона, якая заключаецца ва ўжыванні абмежавальных мер у адносінах да грамадзян Расіі і Беларусі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй гэтых дзяржаў супраць Украіны, аднак ён адзначае, што няма падстаў для ўстанаўлення рознага прававога рэгулявання для грамадзян дзвюх дзяржаў-агрэсараў і прапануе ўвесці аднолькавыя абмежавальныя меры да грамадзян абедзвюх дзяржаў.


Офіс прэзідэнта Літвы падкрэслівае, што кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца той пазіцыі, што і Расія, і Беларусь у адносінах да Украіны з'яўляюцца краінамі-агрэсарамі. «У Літве мы выдатна разумеем, што вайна супраць Украіны, якую Расія другі год вядзе разам са сваёй саюзніцай Беларуссю, настолькі зблізіла двух агрэсараў, што яны абодва ўяўляюць пагрозу не толькі для сваіх суседзяў, рэгіёна, але і ўсёй Еўропы як адзінае мілітарызаванае, напоўненае нянавісцю тэрытарыяльнае ўтварэнне. Натуральна, што ў абедзвюх гэтых краінах да гэтага часу ёсць людзі, якія не падтрымліваюць і нават супрацьстаяць рэжымам, якія здзяйсняюць ваенныя злачынствы, для іх дзверы заўсёды былі і будуць адкрытыя. Аднак з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі Літвы няма прававых падстаў для рознай ацэнкі грамадзян Беларусі і Расіі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Наўседа таксама прапануе дапрацаваць закон, у якім не толькі б замацоўваліся роўныя абмежаванні для грамадзян Расіі і Беларусі, але і прадугледжваўся новы інструмент забеспячэння нацыянальнай бяспекі. У тым ліку разглядаецца магчымасць спрашчэння працэдур анулявання ўжо выдадзеных віз і відаў на жыхарства ў Літве.


Нагадаем, як пісаў «НЧ», беларуская супольнасць не вельмі ўзрадавалася нават таму варыянту закона, які быў прыняты, бо наблізіць Беларусь да Еўропы можна не закрыццём меж, а еўрапейскім прыкладам.

Так, кіраўнік варшаўскага «Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу» Павел Усаў пракаментаваў тады яшчэ не прыняты законапраект: «Замест таго, каб выцягваць Беларусь і беларускае грамадства з «рускага балота», нашы суседзі працягваюць інтэнсіўна яе тапіць». На думку Усава, калі Літва зацікаўлена ў дапамозе беларусам і добрых адносінах з нашай краінай, наадварот, павінна быць менш перашкод для выезду з краіны, больш падтрымкі, больш добразычлівасці да простых грамадзян. У той жа час, мяркуе Усаў, за шкодныя дзеянні беларускіх грамадзян у Літве ці ЕС неабходна павысіць адказнасць аж да пажыццёвай забароны на ўезд і для парушальніка, і для ўсёй яго сям'і. Такі ж падыход палітолаг прапануе выкарыстоўваць і ў дачыненні да ўсіх датычных да злачынстваў рэжыму. «У адваротным выпадку атрымліваецца, што лягчэй замураваць 9 мільёнаў беларусаў, чым пару тысяч чыноўнікаў разам з іх сем'ямі», — кажа Усаў.