Літва зрабіла больш выключэнняў для беларусаў адносна віз і набыцця маёмасці

29 сакавіка парламенцкі камітэт па нацбяспецы і абароне Літвы ўхваліў змякчэнне абмежаванняў для беларусаў і расіян — цяпер прадугледжана больш выключэнняў. У чацвер, 30 сакавіка, па прадстаўленых законах літоўскі парламент будзе галасаваць у апошні раз.

nic_0318_1__logo_1_1.jpg

Апошняе галасаванне ў Сейме Літвы па законапраекце, паводле якога беларусам могуць абмежаваць выдачу віз і дазволаў на жыхарства ў Літве, чакаецца ў чацвер, 30 сакавіка, адзначае «Св*бода».

А сёння, 29 сакавіка, парламенцкі Камітэт нацыянальнай бяспекі і абароны (ПКНБА) ухваліў змякчэнне абмежаванняў для расіян і беларусаў. Праект законаў быў раней ухвалены парламентам Літвы у першым чытанні.

29 сакавіка дэпутаты ўхвалілі абмежаванне правоў расіян і беларусаў на ўвоз і вываз з тэрыторыі Літвы наяўных грошай, забарону на ўвоз украінскіх грыўняў. Таксама падтрымалі прапанову фракцыі Партыі свабоды дазволіць больш шырокаму колу грамадзян Расіі купляць нерухомасць у Літве (тым, у каго ёсць часовы або пастаянны дазвол на жыхарства ў Літве) і прымаць нерухомасць у спадчыну.

Астатнія грамадзяне Расіі і кампаніі, якія ім належаць, не змогуць набыць нерухомасць.


Сябры ПКНБА таксама падтрымалі прапанову дэпутата Ёнаса Яруціса адтэрмінаваць уступленне ў сілу абмежавання на выдачу часовага дазволу на жыхарства беларусам да 1 ліпеня 2023 года. «Гэта звязана з бізнесам. У Літве больш за 50% кіроўцаў-дальнабойнікаў — грамадзяне Беларусі. Некаторыя, іх больш за тысячу, стаяць у чарзе на курсы, якія дазваляюць працаваць у ЕС і ў Літве. Гэта было б сур’ёзнай праблемай і цяжарам для літоўскага транспартнага сектара, якому і без таго не хапае кіроўцаў», — сказаў Яруціс.

Дыскусію выклікала пытанне прыпынення прыёму заявак на атрыманне літоўскага грамадзянства. Нягледзячы на заўвагі сябры камітэта ўхвалілі прапанову дэпутата Лаўрынаса Кашчунаса пакінуць гэта абмежаванне ў сіле. Але будзе больш выключэнняў:

  • калі чалавек адпавядае патрабаванням закона аб натуралізацыі і ёсць інфармацыя, што ён не нясе пагрозы для нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку;
  • калі ў чалавека ёсць права на аднаўленне грамадзянства ў адпаведнасці з дзеючымі законамі і ёсць інфармацыя, што ён не нясе пагрозы для нацбяспекі і грамадскага парадку;
  • калі падаецца заяўка аб адмове ад грамадзянства Літвы або рашэнне аб пазбаўленні грамадзянства прымаецца, калі чалавек атрымаў грамадзянства іншай краіны.

Лібералы прапаноўвалі не абмяжоўваць прыём заявак на грамадзянства ад беларусаў і расіян, але гэта прапанова была адхілена.

Намесніца міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне дадала, што ў 2022 годзе шляхам натуралізацыі грамадзянства Літвы было прадастаўлена 16 грамадзянам Беларусі і 29 грамадзянам Расіі, а адноўлена грамадзянства па паходжанні 6 грамадзянам Беларусі і 17 грамадзянам Расіі. Паводле яе слоў, прапанаваныя раней абмежаванні закранаюць адзінкі людзей.

Законапраект без гэтых паправак павінен быў прайсці другое, фінальнае, чытанне ў чацвер, 30 сакавіка, але ўчора аказаўся выкраслены з парадку дня. У першым чытанні яго прынялі 21 сакавіка.