«Гэта цырк». Літоўскі журналіст, якога пераблыталі з ціхаром, пакуль не будзе судзіцца з «B*POL»
Ініцыятыва былых сілавікоў «B*POL» прыняла літоўскага рэпарцёра Даруса Матайціса, які здымаў акцыю беларусаў на Дзень Волі, за беларускага сілавіка. «Н*ша Ніва» спытала ў Матайціса, як усё адбывалася.
Як расказвае Дарус, ён падпісаны ў твітары на некалькі
старонак, прысвечаных беларускай тэматыцы. Адтуль ён і даведаўся, што яго
прынялі за беларускага шпіёна.
«Спачатку мне было смешна, бо гэта цырк. Гэта дэманструе, па-першае, абсалютную некампетэнтнасць «B*POL», і па-другое, адзначу, што беларускія апазіцыйныя медыя перадрукавалі гэта без праверкі. Паставілі фатаграфію і напісалі такі тэкст. Я потым пачытаў каментары, паглядзеў, што пішуць у тэлеграме. Там былі агрэсіўныя рэчы: маўляў, чаму б не завезці яго ў лес і гэтак далей. Ніхто не ведае, які фанатык можа ўспрыняць такі артыкул», — расказвае Матайціс пра сваю рэакцыю.
Дарус — прадстаўнік літоўскага офіса кампаніі «Scanpix Baltix», і менавіта для яе фотабанка ён і здымаў акцыю. Дзеліцца, што візіт на дэманстрацыю беларусаў, які выклікаў столькі праблем, мог быць дарэмным: «Кадры пойдуць у фотабанк, але гэта калі атрымаецца. Фотаапарат [у мяне] ужо стары, таму замест яго я ўзяў камеру, там ужо сцямнела, і якасць атрымалася не вельмі высокая».
На акцыі 25 Сакавіка, згадвае Матайціс, у яго ніхто не ўдакладняў ні імя, ні тое, чаму ён здымае акцыю. Літовец успамінае, што незнаёмыя хлопец і дзяўчына паблізу нібыта рабілі выгляд, што здымаюць навакольныя аб’екты, але спыніліся за два метры ад яго і яўна засяродзілі на ім увагу.
Мужчына працуе ў «Scanpix Baltics» каля пятнаццаці гадоў, дагэтуль супрацоўнічаў з навінавымі агенцтвамі «Reuters» і «ELTA». Дарус — адзіны супрацоўнік віленскага офіса «Scanpix», таму, калі адбываецца нешта цікавае ці важнае, ён робіць фота і відэа падзеі, каб у арганізацыі быў уласны кантэнт пра яе.
З беларусамі дагэтуль усё ў яго было добра: «Я здымаю акцыі беларусаў з 2020-га года, быў каля пасольства, фатаграфаваў Ціханоўскую. Канечне, праблем ніколі не было, мы ж у Літве жывём».
Ісці ў суд літовец пакуль не збіраецца, але не выключае таго, што перадумае.