Ігнараванне і пагрозы. Як дзяржпрапаганда адрэагавала на Дзень Волі?

Напярэдадні Дня Волі праўладныя СМІ старанна рабілі выгляд, што такога свята не існуе. Адзін Карпянкоў толькі «адпрацаваў» за ўсіх. MediaIQ прааналізавала, што выдавалі дзяржаўныя медыя па гэтай тэме.

Дзень Волі ў Батумі. Фота: «НЧ»

Дзень Волі ў Батумі. Фота: «НЧ»


105-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі дзяржаўныя выданні праігнаравалі. Свята, якое шырока асвятлялі недзяржаўныя медыя, «не заўважылі» праўладныя інфармацыйныя рэсурсы, прычым наўмысна маўчалі пра дату — на гэтую тэму не было публікацый нават з негатыўнай афарбоўкай. Маніторынг Media IQ паказаў, што ні напярэдадні, ні ў сам дзень 25 сакавіка ў дзяржмедыя не было нават згадкі ключавых слоў: БНР, Дзень Волі.

Такі прыём, які ўжо не раз выкарыстала беларуская прапаганда, называецца фігурай змоўчання — імкненне схаваць падзею, зацерці яе ў інфармацыйным шуме, у дадзеным выпадку — прымусіць забыцца пра дату.


У той жа час перад Днём Волі на дзяржаўным тэлеканале СТБ выйшаў сюжэт Рыгора Азаронка пад назвай «Напярэдадні 25 сакавіка ў МУС правялі маштабныя вучэнні». Назва свята спецыяльна не згадвалася, а з вуснаў вядучай інфармацыйнага выпуску прагучалі такія словы:

«Па нацысцкіх злачынцах агонь. Напярэдадні фашысцкага так званага свята ў гонар калабарантаў і здраднікаў унутраныя войскі МУС правялі маштабныя вучэнні».

Далей у сюжэце было прадастаўлена слова намесніку міністра ўнутраных спраў — камандуючаму ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалаю Карпянкову, які абрынуўся на апанентаў фактычнай улады:

«Традыцыйна 25 сакавіка, да таго часу, калі вось гэтыя ўсе фашысцкія прыхвасні, калабарацыяністы са сваімі сцягамі выпаўзаюць са сваіх нор і хочуць запоўніць нашы вуліцы, усталяваць нейкія свае правы, правілы, нагадаць пра сваё гэтае псеўдасвята. Мы заўсёды традыцыйна ў органах унутраных спраў праводзілі вучэнні. Заўсёды так трошкі саромеліся, дзесьці казалі, што планава па ўсёй рэспубліцы праводзяцца вучэнні, мы рыхтуемся. А цяпер мы не хаваем, калі перайшлі ўсе гэтыя чырвоныя лініі, калі войскі натаўскія на мяжы (...) Мы памятаем гэтыя перакрыцці дарог, гэтых жанчын з кветкамі, гэтых дзяцей, якіх яны прыводзілі. Бо зараз жа ўсе гэтыя бандыты толькі становяцца больш злымі, яны толькі становяцца больш падступнымі».


Пра яшчэ адзін мэсэдж прапаганды кажуць прадэманстраваныя ў сюжэце кадры з трэніроўкі разгону дэманстрацыі: «удзельнікі акцыі» былі з імітацыяй бел-чырвона-белага сцяга і неслі плакат з надпісам «Міру — мір. Не вайне». Адпаведна асацыяцыя, якую выклікаюць такія кадры ў гледача, — людзі з падобнымі поглядамі з'яўляюцца парушальнікамі, «ворагамі».

Пасыл даносілі і на заўтра, 25 сакавіка, калі Азаронак выпусціў працяг гутаркі з Карпянковым. Выкарыстоўваючы мову нянавісці, абразы і маніпуляцыі, той заявіў:

«Мы на працягу многіх гадоў бачылі, як яны ў кантрольныя даты выпаўзалі, выходзілі са сваімі лозунгамі, абсалютна азлобленыя людзі, якія нічога не дамагліся ў жыцці, абсалютныя маргіналы, якія нічога не зрабілі і ніколі не зробяць. Проста нейкая сажа. І менавіта паслядоўнікі іх, тыя, якія выраслі з усяго гэтага, яны і ёсць нашы дамарослыя тэрарысты, якія здзяйсняюць гэтыя тэрарыстычныя акты».

Далей намеснік кіраўніка МУС так патлумачыў пазіцыю сілавікоў у дачыненні да апанентаў:

«Яны нікому не даруюць. Яны будуць здзекавацца, як гэта паказана ва Украіне. Рэзаць, спальваць, забіваць і гэтак далей. Таму пасля таго, што адбылося, пасля ўсіх гэтых заклікаў па вяртанні і гэтак далей дадзена каманда на зачысткі. У нас працуюць усе спецпадраздзяленні кожны дзень (...) Сілавікі атрымалі задачу і ўнутраныя войскі ў рамках спецаперацыі, якую праводзіць МУС па правядзенні зачысткі і навядзенні парадку, мы гэта робім. А іх ячэйкі засталіся. Кватэра, якая бчбэшнікамі была прадастаўленая, і яе не канфіскавалі. Усё гэта мы выдатна бачым і разумеем».

Выніковае пасланне, якое данеслі да аўдыторыі праз Карпянкова: «Да кантрольных дат [якіх менавіта — не гаворыцца] мы навядзём парадак у нашай краіне, грамадства наша будзе кансалідаванае».

Нагадаем, напярэдадні Дня Волі на аэрадроме Ліпкі ўнутраныя войскі правялі тактычна-спецыяльныя вучэнні па разгоне масавых пратэстаў. У вучэннях былі задзейнічаны вайскоўцы Мінскага гарнізона і атрадаў спецыяльнага прызначэння, падчас іх Карпянкоў прыгразіў «знішчыць» людзей, якія маюць намер пратэставаць.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская пракаментавала гэты дзяржаўны цырк:

«Рэжыму даводзілася не раз адмяняць свае ж святы з-за страху, што людзі зноў масава выйдуць на вуліцу. Але паглядзіце на гэтае відэа перад Днём Волі. Нават калі на вуліцах Беларусі няма масавых пратэстаў, дзяржава працягвае іх імітаваць, каб ізноў разганяць. З 2020-га прайшло тры гады, але рэжым па-ранейшаму паводзіць сябе так, нібыта на вуліцы насупраць палаца незалежнасці стаіць натоўп з паўмільёна чалавек».