Хронікі рэпрэсій за 27 сакавіка

Расказваем пра галоўныя падзеі апошніх некалькіх дзён, якія адбыліся ўнутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Заўтра, 28 сакавіка, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Вікторыя Шабуня пачне разгляд справы ў дачыненні да Варвары і Паўла Мядзведзевых, затрыманых у сярэдзіне снежня пасля вяртання ў Беларусь на лячэнне. Праўладныя СМІ паведамляюць, што сям'я была затрымана за ўдзел у пратэстах 2020 года, дзейнасць «у складзе дыяспары» і негатыўныя каментары ў Інтэрнэце.

13 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінска адбыўся суд над дырэктарам кампаніі «Авангард-лізінг» Антонам Андрыенкам. Справу разглядала суддзя Марына Клімчук. Як стала вядома сёння, Андрыенку прысудзілі 2,5 гады «хатняй хіміі». Ён і іншыя супрацоўнікі кампаніі былі затрыманы восенню 2022 года па «даносе неабыякавых грамадзян». Андрыенка адбыў на Акрэсціна не менш за чатыры арышты — каля 60 сутак, пасля чаго ў дачыненні да яго была распачата крымінальная справа па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Падчас трэніроўкі сілавікі затрымалі футбаліста Цімафея Лукашэвіча, які прадстаўляе каманду з першай лігі (другога дывізіёна) чэмпіянату Беларусі, і яго нявесту. Абодвух прысудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Што стала падставай — пакуль невядома.

Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча перавялі ў Жодзіна. У дачыненні да журналіста распачата крымінальная справа. У чым абвінавачваюць Манцэвіча, невядома — з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Жыхар Бабруйска Андрэй Сініца не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Яго затрымалі раніцай 10 сакавіка пасля ператрусу. Суд прайшоў 15 сакавіка. Сініцу абвінавацілі ў «распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў». Стала вядома, што ён затрыманы яшчэ на 10 сутак па арт.108 КПК (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства).

Пасля 15 сутак арышту на волю не выйшаў і жыхар Гродна Павел Якубель. Мужчына быў затрыманы 10 сакавіка. На «пакаяльным відэа» ён сказаў, што затрыманы за рэгістрацыю ў «Плане «Перамога» і за тое, што «знаходзіцца ў пратэсных чатах у Facebook і Telegram». 

Як паведамляюць праваабаронцы, перад Днём Волі сілавікі паспелі затрымаць мінімум 166 чалавек — і гэта толькі ў рэгіёнах. Цягам апошніх тыдняў сілавікі практычна штодня праводзілі масавыя затрыманні і ператрусы ў розных рэгіёнах краіны. Пасля гэтага на некаторых затрыманых складалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў») і арт.24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). З 15 сакавіка было асуджана не менш за 166 беларусаў і беларусак па палітычных артыкулах — гэта без уліку Мінска. Так, рэйды сілавікоў праходзілі ў Пінску, Мёрах, Оршы, Сянно, Глыбокім, Мазыры, Брэсце, Івацэвічах, Лепелі, Полацку, Наваполацку, Гомелі і іншых гарадах.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1465 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1744 чалавекі. Сярод іх — 189 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.